Спека. Поўдзень

(З «Вераб’інай сюіты»)

Верабей на плоце,
Сонцам яго паліць,
Тут жа яго дзеткі
Рты парасчынялі.
Поруч вераб’іха,
Злосная кабета,
І лае, і перыць
Вераб’я за гэта:
«Выбраў ты кватэру,
Цэлы дзень тут сонца,
Да ракі далёка,
Да лесу бясконца…
Знёс бы сотню вусняў
Шпаку-ягамосці,
Зазваў бы зязюлю
Выпіць чарку ў госці —
Мелі б мы і дачу
Не горш, як у цёці,
Калі б ты, калода,
Не сядзеў на плоце,
Што табе і жонка,
Што хоча на дачу,
Што табе і дзеткі,
П’янюга, няўдача».
Верабей сумуе:
«Спека. Лаюць злосна.
Дзе ад жонкі дзецца?»
……..
Цяжка яму, млосна.

Аўтограф — прыкладзены да ліста Ю. К. Гальперыну без даты, прыблізна, паводле сведчання адрасата, ад лютага 1955 г.
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 330, 331.

Яндекс.Метрика