Сплятайце рукі!

Браты! Сплятайце рукі!
Нас нарадзілі ў свет
Не для выбухаў, не для мукі,
Не для слёз дзяўчат і кабет,
Не на тое, каб мёртвым упасці,
Не на тое, каб згнісці ў зямлі,
А на тое, каб песню і шчасце
Мы нагбом на зямлі пілі.
Каб кахалі, каб вершы пісалі,
Каб ірвалі верас і дрок,
Каб цудоўныя вежы складалі,
Што да сонца імкнуцца праз змрок.
Вежы светлыя! Вежы любові!
Кожны камень няхай пакладзе.
Не павінны змяшацца мовы,
Як калісьці, у добрых людзей!
Хто сказаў, што патрэбныя слёзы?
Хто сказаў, што розны наш лёс,
І таму, што насы ў нас розныя,
Ты павінен разбіць мне нос?
Хай ён нюхае лепей кветкі
Ці каханай сваёй валасы.
Месца хопіць для ўсіх на палетках,
І на ўсіх хопіць весняй красы.
Гімн яднання. Магутныя гукі
Ап’яняюць нас, як віно.
Браты!
Сплятайце рукі!
Шчасце для ўсіх адно.

Упершыню — «Чырвоная змена», 1957, 30 чэрвеня, з паметай: Верш адзначаны дыпломам Усебеларускага фестывалю.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 351.