Ты не сніся мне, мама

Ты не сніся мне, мама,
І не ваб у краіну, дзе ружы сінія.
(Пачакай! Ну, крыху!)
Асабліва на гэны раз.
Ты ж так рэдка бачыла кветкі мімозы
І (яшчэ радзей)
добры квет туберозы,
І —
зусім ніколі —
кветкі гліцыніі,
І астатнія дзівы,
якім прысвячу я свой сказ.
Пачакай мяне, мама!
Ёсць бярозы ў вільготнай лагчыне,
Ёсць Дняпра старыкі
і дубоў векавых запавет,
І народ мой,
якому я вінен
Ўсім,
Ўсім
шчасцем,
турмой
і чужынай,
Той народ, у якім, можа, ўвеку ніхто не загіне,
Калі я,
Нават я,
што даўно за табою пакінуў Твой Свет.

Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 15(?)ХІІ.80.
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 383, 384.

Яндекс.Метрика