Ты — нечаканая радасць
Ты — нечаканая радасць,
Ты — ночы ласкавай крок.
Пяшчотны вус вінаграда
Месяц крануў за бок.
Крануў і вусікі звесіў
І, звыклы ў жыцці да ўсяго,
Нізкі чырвоны месяц
Спыніўся паслухаць яго.
Ўюцца вусікі, ўюцца,
Месяц чырвоны прыціх.
Вочы твае смяюцца
Ля самых вачэй маіх.
І я, прыціхлы, спайманы,
І роўны сотням багоў
Адчуваю ў сэрцы, як рану,
Словы кахання твайго.
Аўтограф — у 3-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ) [1957 г.?].
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 363, 364.