Вагеньчык у яблынным садзе
Вагеньчык у яблынным садзе
Як вецер дыхне па начах,
Яблыкі частым градам
Са стукам ляцяць на дах.
Тут так прытульна і ціха,
Тут добры такі народ,
Як быццам засталася ліха
За шуламі гэтых варот.
Тут цягне жыць і кахаці,
Тут добра так, як нідзе,
У старасвецкай хаце,
У дзедаўскім родным гняздзе.
Бо з гэтай няяркай зямліцы,
З абрываў рудых, з лугоў,
З садоў у начной расяніцы
Наш корань у свет пайшоў.
Блукаем па свету самі,
Часам звяртаючысь ў сад,
Каб слухаць як начамі
Яблыкі ў дах стучаць.
Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 15/VІ — 54 Рагачоў Ноч.
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 310 — 311.