Вакол хейнала

Яну Колтуну ІІ, самаму маладому трубачу — «хейналісту» Вежы Марыяцкай

Думае — герольды
Ў барве й каронах?
Рык фанфаронаў — ад суднага дня глухіх?..
А тут проста трубы
Чэшскай фірмы «Лігатона».
А на калках вісяць кажухі.
Бэлькам — шэсцьсот
(Тут што праўда, то праўда)…
Сведкі польскай, і нашай, і… іншай зары,
Але тут… Тут спявае ціхутка радыё,
І ў каморцы «тэлік» маленькі гарыць.
Тут дзяжураць. Тут звон адбівае рупліва
Ўсё, што з’елі, скахалі і прапілі…
Ну вас… З вашым… туды…
Рамантызмам саплівым.
Вы, паэты ўлюбёнай маёй зямлі.
Не прыполамі дам,
Не дамаскай парфумай
Пахнуць рукі «герольдаў» на гэтай «гары».
Пахнуць яны жалезам, пылам і гумай,
А ў сіх тых — часныком.
(Ходзіць Кракавам грып.)
Пахнуць добра баршчом, цёплым хлебам, цыбуляй,
Як дзяды ў старожцы ці ў начлег на Дняпры…
І мне добра.
І шчыт Марыяцкі, як вулей,
Над згасаючым Кракавам мёдам гарыць.
Ў Яна Колтуна ані гербоў ні дукатаў
(Як, між іншым, ва ўсіх «герольдаў» пяцёх),
А звычайная,
Такая сабе —
Зарплата —
Ад дзвюх тысяч злотых да чатырох.

Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ) [1971 г.?].
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 381, 382.