Вясна

Раму з трэскам выняла з акенца
І да сіні праціраеш шкло,
Шэрай пыльнай ваты вераценца
Ветрыкам у кветнік аднясло.

Кожны, хто праходзіць, азірнецца,
Хоць спяшаў кудысь, як на пажар,
І ў адказ вясною усміхнецца
Мілы-мілы сінявокі твар.

Добра ёй спяваць пад небам сінім,
Добра раму у руках трымаць.
Ў сонечным святле стаіць дзяўчына,
Радасная, як вясна сама.

Упершыню — «Маладосць», 1957, № 4.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 343.

Яндекс.Метрика