Воўк
Сaмцы сціснула пасткаю лапу.
Пахла дымам далёкіх стрэх.
Воўк кусаў акрываўленай зяпай
Сталь халодную, мерзлы снег.
Толькі ранкам яе пакінуў
І кружыў сярод бліжніх лоз
Адзінокі, як месяц над нівамі,
У траскучы гэты мароз.
Людзі ўдзень прыйшлі да адрынутай
І яе, заўважыўшы след,
Як жывую прынаду пакінулі
Ў дзень апошні глядзець на свет.
І ўвесь дзень мільгацеў за аблогай,
Дзе спляліся хмызы, як паркан,
Цень вялізнага, цень сівога,
Цень самотнага ў свеце ваўка.
Калі ж ноч сняжком лебядзіным
Закурыла на стужкі дарог,
Ён прыйшоў з бяспечнай лагчыны
І на снег поруч з ёю лёг.
Занурыўшыся, думаў сурова,
Быццам спаў, — ды спакойна так, —
Толькі ціха ўздрыгвалі бровы
Жаўтаплямыя, бы ў сабак.
Поруч з ёю, яшчэ не памёршай,
Ён прыпомніў леташні снег,
Сіні месяц, сустрэчу першую,
У руі той шалёны бег.
Што ж дарэмна выць і бадзяцца?
Калі людзі са зброяй прыйшлі,
Ён не мог, не жадаў падняцца
І пакінуць яе на зямлі.
Ён глядзеў не змаргнуўшы ў рулю,
Ён маўчаў, не дыхаў, не соп,
Узяўшы гарачую кулю
У шырокі пукаты лоб.
Аўтограф — у ЦДАМЛМ РБ, Ф. 41, воп. 1, адз. зах. 864, с. 6 [1957 г.?].
Машынапіс — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 5, с. 42 — 43 [1957 г.?].
Аўтограф на рускай мове — у Літаратурным музеі Якуба Коласа, воп. 110, с. 82 — 83 [1952 — 1954 гг.?]
Упершыню — «Літ. і мастацтва», 1986, 15 жніўня.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 361, 362.