З зорнага сяйва і пены крывавай, або Паэма аб павароце стырна

(Паэма)

Арцюру Рэмбо і ўсім іншым, якія яшчэ не ведалі

І
Судна да порта далёкага йшло
Па чырвонай пеннай вадзе.
Сто капітанаў на ім было,
Мільён матросаў на ім было,
Два мільярды «іншых» на ім было, —
Пасажыраў, звычайных людзей.
І хоць сваркі ўспыхвалі часам на ім,
І грымеў пісталетаў гул,
І чарніў зялёныя ветразі дым,
І сыцелі чароды акул, —
Кроў пасля ўсё адно змывалі валы,
Бак і ют ставалі як шкло,
І востраў далёкі ўставаў з імглы,
А за ім — зялёны ўставаў з імглы,
А за ім- блакітны ўставаў з імглы,
І пальмы білі паклон.
І ваякі сыходзілі на астравы,
Йшлі з жанчынамі ў нетры лясоў,
І былі пацалункі ў джунглях травы,
Як свежых какосаў сок.
А калі ў спустошана-шчасных снаx
Пачынала хістацца зямля, —
Ім хацелася зноў у далёкі шлях,
На палубу карабля.
Зноў Венеры серпік дрыжэў над вадой,
Марс квітнеў, як барвяны мак,
І ў святле кахання над іх галавой
Весяліўся ўвесь Задыяк.
Поўнай мерай на Шалях важылі ім
Серабрыстых вясёлых Рыб,
Стралец ганарыўся ўмельствам сваім,
Перад Дзевай склаўшы дары.
Казярог пад совусам марыў пра нож,
А ляжаў па-мярцвецку, як Ной.
Вадалей вадой разбаўляў віно,
Як загадчык раённай піўной.
Судна шчасна плыло дарогай марской,
Дарогай краін і вякоў
Да пуцяводнай зоркі сваёй,
Да летуценнай зоркі сваёй,
Да адзінай на свеце зоркі сваёй,
Імя каторай — любоў.

ІІ
Ў моры плыве карабель-невідзімка,
Згас за марамі Альдэбаран…
З зорнага сяйва, расы і дымкі
Шлях пралягае за акіян.
Ванты спяваюць, ванты спяваюць.
Бездань марская, як зыбкае шкло.
Ў кожнага зорка ёсць залатая, —
Толькі ў мяне няма, не было.
Што мне без зоркі хвала і слава
І запаветная недзе зямля?
Пенай крывавай, пенай крывавай
Сэрцу здаецца шлях карабля.
Ён застывае, як гнеўная лава,
Ён узнікае, як вечны падман.
З зорнага сяйва, з пены крывавай
Шлях пралягае за акіян.
Дзе ты, далёкая і белапенная,
Ў сонцы народжаная і расе?
Клічу і клічу цябе, як сірэну
Клікаў прывязаны Адысей.
І заўважаюць адчайныя вочы:
Як па нацягнутай звонкай струне,
З самай мяжы паміж днём і ноччу
Нехта па хвалях ідзе да мяне.
Цягне з туманаў ломкія рукі,
Сонца нясе мне празрыстай рукой,
Ўстаўшы як радасць, як песня, як мука, —
З зорнага сяйва і пены марской.

Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ) [1957 г.?].
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 356 — 358.

Яндекс.Метрика