За перавал, сябрам
Ўсе беды — за перавалам:
Маразы, буранаў дымы,
Жанчыны, што нас кахалі,
І якіх не кахалі мы.
Нагадвае пра былое
Толькі шэрань на схілах Яйлы…
Жвір шыпіць пад начным прыбоем,
Б’юць аб бераг валы.
І сон з табою, з каханай,
Быццам сон матыля ў мігдалі…
Хлопцы, я знаю, вы зранены!
Хлопцы, мы вас не падвялі!
Не ўцяклі ў лазу, ў дэзерціры,
Не сплылі ў ружовыя сны —
Мы тут замкі узводзім для міра,
Літасці і вясны.
Дзеля вас, у снягах забытых,
Дзеля вас, каб скончыўся здзек,
Каб добрым, чыстым, нязбітым
Стаў на зямлі чалавек.
І ўсё ж я, як быццам, зганены,
Бо — на смутак мой, боль і жаль —
Над любоўю да вас і над нашым каханнем
Не над вамі, а толькі над нашым каханнем
Так палае ружовы, барвяны мігдаль.
Аўтограф — у 3-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 19 сакавіка 67 Ялта.
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 375, 376.