Зацвітае дрэва Іудзіна

Зацвітае дрэва Іудзіна,
Горы ў весняй, цёплай журбе…
Ну куды ж уцячы мне, людзі,
Ад кахання, ад дум, ад сябе?!

Не купляў я зямлі гаршчэчніка,
І нікога ў жыцці не прадаў, —
Што ж ты помсціш мне, чалавечнасць,
Што ж ты, лёс, мне нічога не даў?

Так, нічога ў жыцці не зроблена,
Так, пражыты нікчомны век,
Так, і словы і справы дробныя, —
Але ж хоча святла чалавек,

Гімнаў тых, што няма і не будзе…
Рук дзіцячых і словаў яе…
Цяжка, людзі. Нясцерпна, людзі.
Сонца здрадзіць. Шчасце заб’е.

Хутка сорак і хутка восень…
Ўжо адна толькі прага пячэ,
Каб скаціліся цёплыя росы —
Хай на крыж мой з людскіх вачэй.

І малю я вышэйшаю верай —
Ўздайце мне дабрынёю ці злом
Не за тое, што на паперы,
А за тое, што ў думках было.

Мы бываем невінаватыя,
Што звінім, як струны лазы,
Што вісяць нашы рукі клятыя,
Што маўчыць наш слабы язык.

Ўздайце мне. Хай, што будзе — будзе.
Нельга больш захлынацца ў крыві
Пад праклятым дрэвам Іудзіным
Без нянавісці і любві.

Аўтограф — у 49-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), с. 148 — 149; аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 6.ІV.67, Ялта.
Упершыню — «Літ. і мастацтва», 1986, 15 жніўня.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 377, 378.