Паляшук
Виновники мятежа и вообще лица,
содействующие ниспровержению правительственной
власти в крае, должны быть, для примера другим,
судимы и наказаны немедленно по всей строгости
полевого уложения; собирание излишних фактов…
лишь усложняет и замедляет делопроизводство.
З загаду графа Мураўёва
I
— Ты ведаеш, што ты падлягаеш расстрэлу? — спытаў стаяўшага перад ім чалавека капітан Румянцаў.
Той змаўчаў. Стаяў прама, неяк дзіўна выцягнуўшыся, і толькі вочы яго з затоеным сумам сачылі за пушчай, куды яму ўжо не было шляхоў.
Увосень 186З года частка коннага загона Чэнгірэя, моцна патрапаная ў безупынных сутычках з інсургентамі, была па спецыяльнаму загаду штаб-канцылярыі размешчана на адпачынак у глухім палескім сяле. Толькі-толькі адгрымелі раскаты паўстання, і хоць сам «дыктатар» яшчэ не быў схоплены і нават ніхто не ведаў, ці ў Вільні ён, але ўсё ўжо суціхала, дабіваліся апошнія чырвоныя загоны, няшчасныя, зацкаваныя людзі хаваліся па лясах.
Край дагараў, і разам з тым выпаўзала на свет тое, што раней старанна хавалі: здрада, падлог і мярзотны жах. Усе падонкі людства пачалі сваю мышыную вазню ля гожага нават зараз трупа Паўстання. Махровымі кветкамі ўзраслі лжывыя даносы, шантаж, правакацыя. Спуджаныя бюргеры выкладвалі з кішэняў столькі грошай, сколькі жадаў агаворшчык, абы толькі потым, пры вобшуку, не знайшлі дзесьці ў доме альбо ў адрыне падкінутай зброі.
Усю мярзоту, што звычайна хаваецца на самым дне людское душы, саромячыся падняць галаву, выцягнулі зараз стуль і выставілі для агульнага агляду і прыпадабнення, і капітан Румянцаў, які заўсёды быў сумленным ваякам, пачаў казаць за гарэлкаю:
— Дзярмо. І палячочкі, і гэтыя вашы, паручык Ратч, палескія вылюдкі. Ды, калі праўду казаць, дык і мы такія ж, калі яшчэ не горшыя. «Душыцелі». Няма чаго казаць, гожая для вялікай Расіі справа.
У адзін з апошніх дзён «баб’яй восені», калі лясы пачалі, пасля працяглага бязветрыя, страсаць на зямлю залаты дождж лісця, а ночы былі асабліва цёмнымі — нехта падпаліў стайню і склад з амуніцыяй і зброяю. Надвор’е стаяла ветранае і сухое, і таму ўсё пагарэла датла. Пасілілі каравул, але праз дзве ночы нехта падкінуў у пакой Румянцаву і паручыку Барзіловічу па змяі. Румянцаў «выкруціўся толькі цудам», а паручык памёр, хоць лекар, якога прывезлі з горада, прыпальваў яму ўкус нейкім белым камянём.
І вось тагды салдаты, абшукваючы ваколіцы сяла, выпаралі з нейкай нары пад карэннямі старога дрэва палешука. Ён быў данельга брудны, з амаль бязвусым тварам, і таму цяжка было станоўча сказаць, стары ён ці малады. Нізенькі, у нязменных поршнях і кажуху, з голаю галавою, ён стаяў перад афіцэрамі, шчыльна сціснуўшы сківіцы. Выцягнутая з-за паяса сякера і старая стрэльба, а таксама вагніва і крамень у скуранай торбачцы былі ўлікамі.
— Ты хто такі? — спытаў яго Румянцаў.
— Паляўнічы.
— А хто цябе ведае ў акрузе?
— Ведаюць звяры маю кулю.
Румянцаў пасміхнуўся нервова. Гэты дзікун раздражняў яго.
— Ну,а можа, ты ведаеш, хто падпаліў на сяле будынкі і кідаў да нас, у вокны, змей?
— Не, не ведаю.
— А хто ж ведае?
— Ведае цёмная пушча, неба, хмары, а той, што зрабіў, — усё адно не скажа.
— Чаму?
Паляшук змаўчаў. Ён па-ранейшаму глядзеў на неба, і губы яго слаба рухаліся. Румянцаў паглядзеў на яго і сказаў паручыку Ратчу:
— Вось вам, прыхільнікам гісторыі: добры абразчык. Першабытны жыхар лясоў. Ух, фанатычная морда, каб была ахвота паскудзіцца…
Ратч з сваімі жаноцкі прыгожымі вачыма адказаў:
— Гэта не фанатызм, гэта — звычайная абмежаванасць і жывёльная тупасць. У гэтых маіх імшарах патрыятызм і нянавісць да нас пакуль што з’явіцца не могуць. Можа, гэта й не ён падпаліў наогул.
Румянцаў раззлаваўся:
— Ну, ён ці не ён, патрыятызм гэта ці звычайны бандытызм, а я яго расстраляю. У наступны раз не будзе павадна іншым бадзяцца са зброяю ў недазволеных месцах. Шабаш!
І ён разануў далонню па паветры, быццам паказваючы, што няма чаго далей валаводзіцца. Палешука адвялі ў пуню, пакуль паны-афіцэры пераапрануцца і нап’юцца чаю з ромам. Гэта цягнулася амаль што цэлую гадзіну, і ўвесь гэты час паляшук спяваў нейкія, зусім не жаласныя спевы хрыплым голасам, падобным да лаю сабакі. Першым прыйшоў за ім Ратч і пабачыў: паляшук сядзеў, забіўшыся ў кут, і з цемры блішчэлі яго вочы. Ратч спытаў:
— Чаму гэта ў цябе песні такія гнеўныя?
— Мужчынскія, — адказаў паляшук і зноў заціх.
Ратчу падабаўся гэты дзікун, нягледзячы на тое, што гэта была жывёла, тупая і выраджаючаяся з кожным пакаленнем. Бачная была ў гэтай жывёле нязломнасць. Калі паляшук глядзеў на пушчу — Ратчу здавалася, што гэта арол, пасаджаны ў клетку, пазірае на высокія, залітыя сонцам горы. Там шмат часу трымаецца святло, а тут, па лагчынах, ужо ляжыць цемра і імгла, і ніколі ўжо не прашумець яму на верхавінах магутнымі сваімі скрыдламі. Ратч любіў селяніна сваіх беларускіх абшараў, пакорнага, рэлігійнага, набітага забабонамі да мазга касцей і, разам з тым, моцнага, вытрымлівага. Вось зараз ён, вядома, сумуе, што загіне без сабаравання.
— Ты ў якога бога верыш? У вуніяцкага альбо праваслаўнага?
— Чаго?
— Ну дзе твой бог: у касцёле ці ў царкве?
Паляшук зітхнуў і адказаў упэўнена:
— А нашто бога саджаць у каменную будку? Бог у кожнай былцы, і ў лясах, і ў багне — паўсюль.
«Нейкі палітэізм», — падумаў паручык.
Ззаду Ратча затрашчаў барабан: падыходзілі салдаты.
Справа ўжо йшла к вечару. Стаяў шэры кастрычніцкі дзянёк, і хоць раннія маразы ўжо скончыліся — яны падтачылі лісце, і яно валілася зверху чырвонымі варахамі, і лес безупынна шалахцеў, прыгавароны да страты.
Чорныя галіны дрэў асабліва ярка вымалёўваліся на гэтай чырвонай казцы, а ліст ляцеў наўскасок, ляцеў, ляцеў.
Паляшук ішоў, аточаны чатырма салдатамі, і нешта мармытаў сабе пад нос. Твар яго часам уздрыгваў, і на ім з’яўляўся нейкі дзіўны прызрысты выраз, амаль дзіцячы па яснасці. Калі ўжо амаль падышлі да месца расстрэлу — ён ненарокам пакінуў у калюжы адзін поршань, але не заўважыў гэтага і пайшоў далей. Нага хутка пачырванела ад холаду, і Ратчу было непрыемна глядзець на гэта. Зусім скалелы ад холаду Румянцаў сказаў палешуку, калі яго паставілі да дуба:
— Ты б памаліўся хоць.
Паляшук паслухмяна пачаў казаць наступнае:
— Матка боска заступніца… І свенты Осіп і свенты Мікола, станьце маім ворагам у глотцы колам. Заступіцеся за мяне і зямлю маю… Усіх сумуючых…
Відаць, ён нават не ведаў малітваў і паўтараў тое, што чуў калісь без усялякага сэнсу. Ратч зарагатаў:
— Што гэта ён такое вярзе?
— Не бачыш — дурань, — адказаў Румянцаў.
А маленькі брудны чалавек усё казаў:
— Зассі іх у багну, не дай ім сонейка пабачыць… Дай хлеба астаўленым. Свенты Осіп і свенты Мікола… Калі не будзеце, як дзеці…
На гэтым месцы ён запнуўся, паўтарыў «як дзеці», і як быццам толькі тут дайшло да яго тое, жудаснае, што з ім збіраюцца рабіць, бо ён раптам паў на калені і заплакаў:
— Не забівайце!.. Паночкі, не забівайце! Я вам грошай дам, шмат грошай!..
Румянцаў наліўся чырванню і закрычаў:
— Падыміся! Трус! Нічтожаства!
Палешука сілком паставілі да дрэва, але раптам Ратч сказаў задумліва:
— Скуль у яго могуць быці грошы? Можа, гэта іхні жонд прыхаваў тут частку свайго скарбу?
— Мажліва, — ажывіўся Румянцаў. — Што ж, паспрабуем.
І зноў пакрочыў перад імі паляшук. Ісці давялося ўсяго хвілін пяць. Ля сухой асіны з развілкаю ён торкнуў пальцам у зямлю:
— Тут.
Салдаты пачалі рыць зямлю, Румянцаў з Ратчам пільна сачылі за імі, і вось урэшце салдацкі штык стукнуў аб нешта. Гэтае нешта ўбачыла святло божае ў выглядзе невялічкай драўлянай скрынкі.
— Не, жондаўскім гэта быці не можа. Мала. Відаць, яго асабістае, — сказаў Ратч.
А Румянцаў прыбавіў:
— Вось падлы. А кажуць: галеча. Галеча галечаю, а грошы хаваюць.
Скрынку расчынілі, і адтуль пасыпалася на жоўтую кастрычніцкую траву палешукоўскае «багацце». Асноўную частку скарбу складалі нейкія чатырохкутныя чорныя раменьчыкі.
— Пятроўскія раменныя грошы, — сказаў Ратч і плюнуў.
Былі тут шчарбатыя, ззелянелыя грошы, а найболей таго палушкі, збітыя капейкі з лішаямі, адна «Янава галоўка».
— Дык што ж ты мне кажаш, трасца тваёй матары, — падступаў да палешука Румянцаў.
— Грошы, шмат грошай… Можна купіць… Не трэба.
— Э, ды чаго з ім размаўляць, — твар Румянцава зморшчыўся. — Стаў яго да дрэва і канчай размову.
Тагды паляшук зразумеў, што ўсё адно яго не адпусцяць і кончаць тут, ля гэтай сваёй скарбніцы, і выцягнуўся, нават здаўся вышэйшым па росту.
— Гэта я падпаліў, — сказаў ён. — Вы мяне заб’еце, але я свае імя перадаў іншаму, і ён вас таксама падпаліць і заб’е, бо кроў бедных людзей… І вы прыйшлі ў гэты лес, не паклаўшы хлеба на пень, і ён вас не выпусціць адсюль. Вы тут памрэце, бо вы кепскія людзі, і я вас сапсаваў.
І чым больш ён гаварыў, тым больш Ратч ставаў упэўненым чамусьці, што паляшук ні ў чым не павінны. А Румянцаву прыйшло ў галаву, што асуджаны саскнарнічаў у апошнюю хвіліну і не паказаў ім сапраўднай скарбніцы. Ён падумаў трохі (паляшук стаяў ля дрэва і маўчаў, толькі вочы яго з-пад брудных, навіслых на вочы касмылёў глядзелі з нянавісцю) і сказаў палешуку:
— Купі сабе жыццё.
— Мне не трэба жыцця, — адказаў жорстка і холадна паляшук.
Грымнуў залп.
II
Калі паны-афіцэры пакрочылі ўперад, а знявечанае пякельнай пакутай цела палешука зарылі — адзін з салдат сказаў каротка:
— Эх, паны, на такога бедака грошы паквапіліся.
А другі прадоўжыў:
— А я ўпэўнены, што, калі б там хоць дваццаць сапраўдных рублёў было — яго б выпусцілі жывым. Вось чаго грошы варты… Кажуць, палячышкі, палешукі, а мне здаецца, што калі паны на такое здатны, дак нам з гэтых палешукоў прыклад браць трэба, а не біць іх.
Абярнуўся да ямкі і нагою асцярожна ссыпаў туды грошы:
— Можа, хто падбярэ.
Ратч і Румянцаў ледзь адышлі ад месца страты, як у гушчары нехта варухнуўся. Абодва прыгледзеліся: ля самай дарогі стаяла нейкая жанчына ў лахманах, з змрочным тварам, падобным на твар зморанай разумнай жывёліны. Двое дробных дзяцей трымаліся за яе падол, трэці вісеў у нейкім лянтуху за плячыма. У яе былі сурова нахмураныя бровы і глыбока запалыя вочы, якія глядзелі некуды ў бок паляны. Пачуўшы трэск галіны пад нагою капітана, яна знікла, як быццам праваліўшыся праз зямлю.
— Гэтай што яшчэ патрэбна? — спытаў Ратч.
— Не ведаю.
Адышлі далей, ззаду паказаліся салдаты, і раптам Ратч, які напружана думаў аб гэтым, стаў.
— Стойце! — закрычаў ён. — Бож-жа ж мой! Здаецца, я пачынаю разумець… Вось чаму ён так прасіўся.
Быццам у падмацаванне яго слоў ззаду, з паляны, пачуўся прарэзлівы крык. Ён быў падобны адначасова і на вой, і на лямант смяротна пакутуючага чалавека.
— Што гэта? — спытаў Румянцаў, усё яшчэ не разумеючы.
— А то, — адказаў Ратч з крывою пасмешачкай. — Жанчына, ваўчыха ці, можа, яшчэ што.
Румянцаў зразумеў, уцягнуў галаву ў плечы і амаль пабег да сяла.
На сцежцы, на шляху ляжаў поршань палешука, вада яшчэ не наліла яго з коптурам, і ўнутры плаваў жоўты асінавы лісток.
І толькі тут Ратч зразумеў усю непавяртальнасць зробленага.
А на паляне лямантавала жанчына, і ў голасе яе адчуваўся такі адчай, такая безнадзейнасць, што здавалася, уся зямля напоўнена ім і болей нічога не засталося на яе абдзёртых, жарбацкіх абшарах.
Вечарам яны смяротна перапіліся. Ратч узняўся і кінуў Румянцаву ў твар абвінавачванне:
— Вы гэта зрабілі ад злосці. Ганарыцеся сваёй сумленнасцю, а самі жадалі абакрасці гэтага бедака.
— А чым вы за мяне лепшы? — адпарыраваў Румянцаў.
Ратч зваліўся на лаву і зарыдаў п’янымі слязьмі. Румянцаў ірвануў каўнер мундзіра:
— І гэтак паўсюль. У мяне пад Калугаю тое ж бачу ў вачах хамскіх. Хутка яны схопяцца за сякеру, і тагды… Мы тут апошнія госці, няпрошаныя на ўсёй зямлі, ненавісныя, прадрачоныя.
А Ратч рыдаў, і праз рыданні чулася:
— О, як яны нас ненавідзяць!.. О, як яны нас ненавідзяць!.. Як жахліва, як холадна нам жыць на зямлі!
Над хатамі раўла навальніца, сыпала дажджом на загубленае ў лясах сяло, чорнай сажай крыла ўсё навакол, і ў яе плачы чуўся і перадсмяротны стогн, і лямант кабеты, і грамавы рык народнай крыўды і помсты.
- Аўтограф апавядання захоўваецца ў Літаратурным музеі Якуба Коласа, ф. 110, с. 113 — 129. (1952 — 1954 гг.).
- Пры жыцці пісьменніка не друкавалася.
- Упершыню — «Літаратура і мастацтва», 1987, 27 ліст.
- Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 2. Аповесці, апавяданні, казкі. — Мн.: Маст. літ., 1988. — С. 170 — 176.