Князь і гусляр
З першага слова павінен папярэдзіць — гэты чалавек не абыякавы мне. З даўняга часу нас з ім звязвае трывалае сяброўства. Мы не часта заходзім адзін да аднаго, — хутчэй нават рэдка, — але досыць таго, што мы часта думаем адзін пра аднаго (я спадзяюся, што ён гэтую думку падтрымае).
Арлен Кашкурэвіч — яму імя. Сваёй працай ён заслужыў тое, каб імя гэтае ведалі.
Даўно, яшчэ з самага пачатку, калі ён зрабіў ілюстрацыі да Халдара Лакснеса — я зразумеў, што перад намі мастак суровы, паўночны. І, адначасова, беларускі, мяккі, — калі можна гаварыць пра мяккасць нашага народу, — добры, наш.
Сёння мне трэба рэкамендаваць, — калі трэба рэкамендаваць работы, якія сведчаць самі за сябе, — дзве яго рэчы: ілюстрацыі да славутай паэмы вялікага нашага песняра — «Курган».
Перш, чым узяцца за гэта, я хацеў бы пагаварыць пра лепшыя, на мой погляд, ягоныя графічныя работы. Я люблю ягоную «Більярдную».
І яшчэ адна работа, якую я ўбачыў нядаўна ў майстэрні: «Нотр-Дам. Дождж.» Размытае, цёмнае, начное, нібы ўвесь змрок Сярэднявечча, ўсе Війёны і Гюго абyрыліся яму на плечы, разам са зліваю і снегам. Храм — адно з лепшых стварэнняў чалавека.
Сорамна пісаць, што гэты чалавек некалькі разоў ілюстраваў мае кнігі? Аніколькі! Таму што гэта той рэдкі выпадак, калі аўтар не жадае іншага дырыжора для сваёй музыкі. І шкадую я толькі аб тым, што нам мала давялося папрацаваць разам і нам няшмат выпадала працаваць разам.
Ясна, што і Алесь мой іншы і Выліваха крыху іншы (уяўленне кожнага чалавека дужа не падобнае і своеасаблівае), але яны максімальна прыбліжаныя да майго аблічча. І я адчуваю, што і сам аўтар увесь час жыве гэтым, думае, набліжаецца. І кожны быў бы ўсцешаны гэтым.
А цяпер — «Курган». Наіўны друк часоў маладога Янкі Купалы не мог нават і думаць аб тонкасці, яснасці, дакладнасці сучаснага друку. Вялікі паэт за сваім жыццём так і не дачакаўся ілюстратараў. Але, думаю, работы А.Кашкурэвіча задаволілі б яго. У іх ёсць рамантызм і ёсць праўда. прысутныя ў творчасці Я.Купалы.
Я не магу забыць вобраза, прысвечанага катоўням князя:
Брацця мучацца там, табой кінуты ў гразь.
Чэрві зажыва точаць іх цела…
Дантава пекла! Мноства звітых у адно людзей. І над імі кажаны — сярэдневяковы сімвал пакуты. Той, якая, на жаль, сустракалася ў Майданэках і якой не павінна быць.
Вось і гэтыя дзве ілюстрацыі. Хіба не бачыце вы тут закладзенага ў самім творы супрацьстаўлення! Гэтыя гранёныя латы, гэтая парча, гэты бязлітасна востры позірк. І гэтая вонкавая мяккасць чалавека, трапяткія рукі якога ляжаць на гуслях. Позірк сляпога. Не таму, што сляпы, а таму, што занадта відушчы.
І гэтая мяккасць мацней за гэтую ўдаваную сілу. І так яно будзе давеку.
(Першапублікацыя)
* * *
З першага слова павінен папярэдзіць — гэты чалавек не абыякавы мне. З даўняга часу нас з ім звязвае трывалае сяброўства. Мы не часта заходзім адзін да аднаго — хутчэй нават рэдка, — але досыць таго, што мы часта думаем адзін пра аднаго (я спадзяюся, што ён гэтую думку падтрымае).
Арлен Кашкурэвіч — яму імя. Сваёй працай ён заслужыў тое, каб імя гэтае ведалі.
Даўно, яшчэ з самага пачатку, калі ён зрабіў ілюстрацыі да Халдара Лакснеса — я зразумеў, што перад намі мастак суровы, паўночны. І адначасова беларускі: мяккі, — калі можна гаварыць пра мяккасць нашага народа, — добры, наш.
Сёння мне трэба рэкамендаваць, — калі трэба рэкамендаваць работы, якія сведчаць самі за сябе, — дзве яго рэчы: ілюстрацыі да славутай паэмы вялікага нашага песняра — «Курган».
Перш чым узяцца за гэта, я хацеў бы пагаварыць пра лепшыя, на мой погляд, ягоныя графічныя работы. Я люблю ягоную «Більярдную».
І яшчэ адна работа, якую я ўбачыў нядаўна ў майстэрні: «Нотр-Дам. Дождж». Размытае, цёмнае, начное, нібы ўвесь змрок Сярэднявечча, усе Війёны і Гюго абурыліся яму на плечы, разам са зліваю і снегам. Храм — адно з лепшых стварэнняў чалавека.
Сорамна пісаць, што гэты чалавек некалькі разоў ілюстраваў мае кнігі? Аніколькі! Таму што гэта той рэдкі выпадак, калі аўтар не жадае іншага дырыжора для сваёй музыкі. І шкадую я толькі аб тым, што нам мала давялося папрацаваць разам і нам няшмат выпадала працаваць разам.
Ясна, што і Алесь мой іншы і Выліваха крыху іншы (уяўленне кожнага чалавека дужа не падобнае і своеасаблівае), але яны максімальна прыбліжаныя да майго аблічча. І я адчуваю, што і сам аўтар увесь час жыве гэтым, думае, набліжаецца. І кожны быў бы ўсцешаны гэтым.
А цяпер — «Курган». Наіўны друк часоў маладога Янкі Купалы не мог нават і думаць аб тонкасці, яснасці, дакладнасці сучаснага друку. Вялікі паэт за сваім жыццём так і не дачакаўся ілюстратараў. Але, думаю, работы А.Кашкурэвіча задаволілі б яго. У іх ёсць рамантызм і ёсць праўда, прысутныя ў творчасці Я.Купалы.
Я не магу забыць вобраза, прысвечанага катоўням князя:
Брацця мучацца там, табой кінуты ў гразь.
Чэрві зажыва точаць іх цела…
Дантава пекла! Мноства звітых у адно людзей. І над імі кажаны — сярэдневяковы сімвал пакуты. Той, якая, на жаль, сустракалася ў майданаках і якой не павінна быць.
Вось і гэтыя дзве ілюстрацыі. Хіба не бачыце вы тут закладзенага ў самім творы супрацьстаўлення! Гэтыя гранёныя латы, гэтая парча, гэты бязлітасна востры позірк. І гэтая вонкавая мяккасць чалавека, трапяткія рукі якога ляжаць на гуслях. Позірк сляпога. Не таму, што сляпы, а таму, што занадта відушчы.
І гэтая мяккасць мацней за гэтую ўдаваную сілу. І так яно будзе давеку.
Упершыню — «Маладосць», 1969, № 8.
Набор зроблены па тым жа выданні і па кн: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. — Мн.: Маст. літ., 1991. — С. 337 — 339.