Рыгору Раманавічу Шырме — сардэчныя словы любові

Час бардаў мінуў. Даўно. І ўсё ж яны трапляюцца і цяпер. І тым большая іхняя роля.

…Ён быў дужа цяжкі, былы лёс вялікай песні нашага народа: пад забаронай, толькі пад дымнымі стрэхамі сялянскіх хат. І праследаванні яе, што скончыліся ў былой Заходняй Беларусі параўнаўча яшчэ зусім нядаўна.

Магло б здарыцца горшае. Калі нямецкія рыцары захапілі Прусію, калі пачаў знікаць прускі мелас і пруская мова, у Марыенбурзе, пры замку здарыўся турнір спевакоў. На ім выступіў апошні прускі бард-вайдэлот. Калі ён скончыў спяваць — над натоўпам пракаціўся рогат. Ніхто ўжо не разумеў яго, і дзікія былі гукі ягонай музыкі для ўсіх вушэй. У якасці здзеклівага падарунка рыцары падарылі яму за песню сто пустых арэхаў-свістуноў.

Здарыцца магло б горшае. Каб не энтузіясты і фанатыкі народнай песні, вечныя прапаведнікі яе, людзі, што яшчэ ў мінулым стагоддзі запісвалі яе і апрацоўвалі і выконвалі, прымушаючы сэрцы людзей дрыжаць ад хвалявання, ад замілавання, ад любові да гэтага, напаўзабытага, але роднага, як пяшчотныя матчыны рукі пад роднай страхой.

… Да ліку такіх людзей належыць з поўным правам і дзядзька Рыгор, Рыгор Раманавіч Шырма, васьмідзесяцігаддзе якога мы зараз з любоўю і ўдзячнасю адзначаем.

О, гэта пружанская зямля, што ўся звініць песнямі, дзе іх болей, чым жаўранкаў у сінім небе над пружанскай раллёй! Спяваюць сінія роўныя лясы, спяваюць салаўі ў альховых зарасцях, спяваюць у залатым вячэрнім сонцы пчолы, спяваюць лянотныя рэкі і сама зямля. Што здзіўляцца, што й людзі тут спявучыя. Што здзіўляцца, што 80 гадоў таму назад нарадзіўся тут хлопчык, якому суджана было стаць гонарам нашай музычнай культуры, энтузіястам і мужным абаронцам беларускай песні. Вартавым пры яе скарбніцы.

Шлях ягоны смела можна назваць гераічным. Асветнік, кіраўнік ТБШ, педагог у адной з нешматлікіх заходнебеларускіх гімназій, нястомны лектар, выдавец кніг (між іншым, такіх выдатных паэтаў, як В.Таўлай і М.Танк), збіральнік нашых музычных скарбаў, які ўласнымі нагамі схадзіў кожны куток сваёй Айчыны.

Заснавальнік многіх народных хораў. Стваральнік аднаго з лепшых харавых калектываў СССР — Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Беларускай ССР і, да нядаўняга часу, нязменны яе кіраўнік.

Выдавец шматлікіх, ім жа сабраных збораў песень, дзе кожная — непаўторны, дыямент.

І хоць сказана недзе, што песня, вырваўшыся на волю, гаворыць спеваку:

Ты мяне да паперы не прывяжаш,
У скураную не пасодзіш клетку.
Толькі цень свой — чорныя знакі,
Толькі цень свой — літараў россып,
Бледны водгук гукаў магутных -
Вось і ўсё, што я табе пакіну./

І калі запіс яе зроблены, то спявак пакідае:

Бездыханны цень народнай песні,
Як пялёстак, засушаны ў кнізе…

Гэта, аднак, няпраўда. Песня часам можа знікнуць. Пялёстак застаецца, пакуль жыве кніга.

…Чалавек, якому за багатае яго жыццё часта даводзілася не словам, а справай даводзіць гарачую любоў да роднага меласу і часам плаціцца за яе. Аж да камеры панскіх Лукішак.

Усё жыццё сваё ён паклаў на тое, каб жыла, каб пераможна звінела песня наша. Усё жыццё. Кожнае імгненне ягонае.

…Я памятаю, як першы раз убачыў яго. На нарадзе маладых пісьменнікаў у 1955-м, здаецца, годзе. Выйшаў невысокі, сівы, як абдуванчык, чалавек з абліччам ці то настаўніка, ці то гэткага беларускага Дон Кіхота і загаварыў прыемным глухаватым голасам, з гэткім мяккім пружанскім акцэнтам «гэ-то-го», «за-мно-го». Загаварыў у віслыя вусы і сівую эспаньёлку рэчы, якія адразу зачаравалі нас. І адразу выяснілася, якая велічная рэч наша песня, колькіх кампазітараў, ад Манюшкі да Рымскага-Корсакава, яна натхняла. І загучала арыя з «Галькі», заснаваная на мелодыі нашай песні, і «Песня Леля», якой, на самай справе, з’яўляецца наша «Ой, ляцеў арлішча».

І цяпер з усведамлення яе велічы нас не саб’е ніхто.

І мы адразу палюбілі гэтага чалавека. Назаўсёды. А тое слова, ягонае — раскрыю сакрэт — лягло ў аснову адной са сцэн маіх «Каласоў», дзе ідзе спрэчка аб беларускай музыцы.

Ён грамадзянін. Калі б ні прыйшоў да яго — ён заўсёды паможа. Ніколі ён не абмяжоўваўся адной музыкай.

Але перш за ўсё — Яна. Першая і апошняя яго любоў. Яго мара, яго пяшчота, ягоная душа, гарачае сэрца ягонае. Маці, што выхавала яго, і дзіця, над якім ён дрыжыць.

Дзякуй Вам да імя беларускай песні, якая перамагла. Дзякуй Вам ад імя ўсіх нас. Жывіце яшчэ сто год на радасць нам, лятучая наша песня, наш дарагі дзядзька Рыгор.

Упершыню — «Маладосць», 1972, № 1.
Набор зроблены па тым жа выданні і па кн.: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. — Мн.: Маст. літ., 1991. — С. 317 — 320.