Адзін з паплечнікаў Каліноўскага
Аб пачатку паўстання 1863 года на Гродзеншчыне ў Мінску даведаліся з допісу «Кур’ера Віленскага». І амаль адразу ж пасля гэтага на Міншчыне — ад Маладзечна да Слуцка — сталі пілаваць тэлеграфныя слупы. Пачаліся напады на паштовыя эстафеты, рэквізіцыя ўрадавай пошты і экспрапрыяцыя грошай на патрэбы паўстанцаў. Мінскія разначынцы і рамеснікі, а таксама шэсць тысяч дробнай шляхты ў наваколлі горада гарэлі гневам, прагнулі барацьбы. Першы мінскі атрад утварыўся ў лютым. Тады ж узнікла і следчая камісія па палявых справах пад старшынствам палкоўніка Рэйхарта. Чуткі, што даходзілі да яе, былі трывожныя: атрад інсургентаў са Слоніма праехаў праз Мір; праз Мір, кіруючыся на Налібоцкую пушчу, прамаршыраваў таксама другі атрад.
Пачыналася малая вайна. Паўстанцы расстрэльвалі прыгнятальнікаў. Атрады раслі. Толькі пад Слуцкам ужо дзейнічалі чатыры партыі, у якіх было да 500 чалавек.
Але былі і радасныя чуткі для ўлад. Папы падбухторвалі сялян супраць паўстанцаў, гаворачы, што гэта паны, якія вырашылі вярнуць прыгон. І цёмнае сялянства сям-там верыла ім і дзе-нідзе дапамагала ўраду.
Катаваннямі і шыбеніцамі ўрад імкнуўся пагасіць полымя народнага гневу. Доказ таму — выпадак з Міхалам Цюндзявіцкім, якому было суджана адкрыць доўгі і страшны мартыралог у Беларусі. Гэты мужны каліноўшчык стаў першай ахвярай крывавага Мураўёва-вешальніка.
Аб жыцці бясстрашнага беларускага героя мы ведаем вельмі мала. Скупыя радкі ўрадавых рапартаў і данясенняў сведчаць, што нарадзіўся ён каля 1840 года недзе на Барысаўшчыне, мабыць, у маёнтку Вільянова. Служыў у царскай арміі, стаў прапаршчыкам 3-й артылерыйскай брыгады. Устанавіў сувязі з пецярбургскімі рэвалюцыянерамі. У 1862 годзе атрымаў чатырохмесячны водпуск і прыехаў на Барысаўшчыну. Каб не вяртацца ў брыгаду, прыкінуўся хворым.
6 лютага 1863 года да карчмы ля вёскі Камень пад’ехаў незнаёмы ў выдубленым кажуху і футравай шапцы. Сялян, якія сабраліся ў карчме з поваду хрэсьбін, ён пачаставаў гарэлкай і стаў чытаць адну з беларускіх брашур, дзе гаварылася аб узброеным паўстанні. Хтосьці з сялян засумняваўся: а ці варта брацца за зброю, калі цар і так дае сялянам зямлю. На гэта незнаёмы адказаў так:
— Хопіць таму цару ўладаць нашай зямелькай. Трэба за яе грудзьмі стаць. Цяпер і нам і вам дрэнна, панабудавалі канцылярый, вам плата вялікая. Трэба пра сябе падумаць, і памятайце, каб вы гатовы былі ваяваць… Што для нас значыць у Барысаве адна рота салдат? Мы іх шапкамі закідаем… Косы трэба рыхтаваць, завастрыўшы на абодва бакі.
Аб тым, што адбылося ў карчме, адразу данёс соцкі. Цюндзявіцкага арыштавалі і даставілі ў Мінск. Чацвёра з тых, хто яго слухаў, на каго ён ускладаў надзею, пад прысягай пацвердзілі «возмутительные слова» незнаёмага. «За падгавор сянян да бунту супраць вярхоўнай улады» ваенны суд прыгаварыў Цюндзявіцкага да расстрэлу. Заставалася толькі атрымаць канфірмацыю. Мужна чакаў яе Цюндзявіцкі ў мінскай турме — у былым кляштары бернардынак. Не ведаў ён, што ў гэты час у навакольныя лясы адпраўляліся з Мінска ўсё новыя і новыя партыі паўстанцаў: Антона Трусава і Васіля Канапацкага, Станіслава Ляскоўскага і Апалінарыя Свентажэцкага.
16 мая Мураўёў, які толькі што прыбыў у Паўночна-Заходні край для «усмирения инсургентов», наклаў сваю першую смяротную рэзалюцыю: «Згодзен за рашэннем ваеннага суда». І першай ахвярай царскага сатрапа быў 23-гадовы шляхціц з Барысаўшчыны Міхал Цюндзявіцкі.
21 мая патрыёта павялі на расстрэл. Па вуліцах за ім ішоў натоўп людзей. Месца расстрэлу было на разгалінаванні Койданаўскага і Ігуменскага трактаў, недзе ў раёне цяперашняй фабрыкі-кухні або паштамту. Ля слупа юнак спакойна выслухаў прыгавор. Потым папрасіў, каб яму не завязвалі вачэй:
— Я ўсё ж салдат і змагу глядзець смерці ў вочы!
То былі апошнія яго словы. У гэты час закукавала зязюля, лічачы яму гады, якіх не будзе. І тады прабілася праз натоўп і кінула да яго ног букет кветак невядомая нікому дзяўчына з вёскі Палонная, пра якую яшчэ доўга будзе гаворка ў афіцыйных данясеннях: хто такая і як дазволілі?! Ён хацеў яшчэ нешта сказаць народу, але тут забілі барабаны і грымнуў залп. Людзі бралі змочаны крывёю пясок як талісман.
Над магілай паставілі варту, але народ абсыпаў яе кветкамі, а моладзь складала пра змагара вершы і спявала песні. Паводле сведчання мемуарыста Эдварда Паўловіча, «да яго магілы ішоў незлічоны натоўп усіх саслоўяў, веравызнанняў і нацыянальнасцей».
Народ вяртаўся ад магілы, як запісалі сучаснікі, «збратаны, але і перапісаны шпіёнамі». Маніфестацыі тады не вельмі разганялі, бо было лягчэй абяскровіць паўстанне, выявіўшы ўсе ягоныя сілы.
Пасля расстрэлу Цюндзявіцкага ў Мінску ўзмацніўся тэрор. 2 чэрвеня горад быў абвешчаны на ваенным становішчы. Пад пагрозай звальнення мужоў са службы жанчынам забаранілі насіць жалобнае адзенне. Тых, хто ўсё ж насіў, на першы раз штрафавалі ў 25 рублёў серабром, на другі — у 50 рублёў, а на трэці — арыштоўвалі за «ўдзел у мяцяжы». У пажарах, якія шугалі ў тое лета па горадзе, улады абвінавацілі паўстанцаў, хоць тым не было ніякай патрэбы падпальваць. «Уладу маючыя» хацелі паклёпамі ўзбудзіць нізкую нянавісць мешчаніна, каб як-небудзь устаяць перад небяспекай.
Паўстанне паволі згасала. Кожны з 21 мінскага атрада быў або разбіты, або распушчаны, або прабіраўся на Захад. Былі сотні забітых.
2 студзеня 1864 года ў Мінск выехаў палкоўнік корпуса жандараў Лосеў. Ён напаў на след апошняй рэвалюцыйнай арганізацыі ў горадзе і раскрыў яе. Пакацілася хваля раптоўных вобыскаў, арыштаў, допытаў. Быў арыштаваны ўдзельнік змовы Парафіяновіч. Ад яго хвасты пацягнуліся ў Вільню, дзе ў Святаянскіх мурах схапілі Кастуся Каліноўскага. Аднак урад не супакоіўся і на гэтым. У чэрвені 1864 года Лосеў зноў прыехаў у Мінск, каб знішчыць апошнія карэнні рэвалюцыйнай арганізацыі.
Горад тужліва прыціх. Сімвалам яго сталі заўчасна пасівелыя жанчыны, якім не дазволілі нават насіць жалобу па блізкіх. Адпакутвалі сваё расстраляныя і павешаныя, але яшчэ доўга, страшэнна доўга цягнулася паўночная адысея сасланых у Сібір і прыгавораных да катаргі мінчан.
Будучыя выступленні былі яшчэ далёка. І толькі вера ў іх і ў просты народ жыла ў чалавечых сэрцах. Сагравала і ўзмацняла гэтую веру памяць аб паўстанні 1863 года. Памяць аб першай ахвяры паўстання, мужным паплечніку Каліноўскага Міхале Цюндзявіцкім.
Упершыню — «Беларусь», 1974, № 3 (з А.Мальдзісам).