Легенды і былі гары Магнітнай

Калі Усесаюзнае бюро прапаганды мастацкай літаратуры прапанавала групе беларускіх пісьменнікаў наведаць Урал, мы аднадушна абралі Магнітку, якая заўжды прыцягвала да сябе пісьменнікаў гэтак жа моцна, як магніт прыцягвае жалеза. Менавіта з Магніткі пачыналіся нашы пяцігодкі, пачыналася магутнасць нашай індустрыі, энтузіязм нашых будаўнікоў, адсюль бяруць пачатак вытокі і сённяшніх нашых здзяйсненняў. Гэта цікава: напярэдадні ХХІV з’езда КПСС, які зацвердзіць план дзевятай пяцігодкі, пабываць на месцы, дзе закладаліся асновы пяцігодкі першай.

Дэлегацыю нашу ўзначальваў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, сакратар праўлення нашага Саюза пісьменнікаў Янка Брыль, а ў склад яе ўваходзілі Алесь Адамовіч, Мікола Аўрамчык, Васіль Вітка, Сяргей Грахоўскі, Анатоль Грачанікаў, Уладзімір Караткевіч, Алег Лойка, Іван Навуменка і Уладзімір Паўлаў.

…Летучы на ўсход, мы ляцім у ноч. Так ужо распарадзілася прырода: ляціш на захад — ляціш разам з часам, а, пры сучасных хуткасцях, здараецца, і абганяеш яго. А калі ляціш на ўсход — ляціш насупраць паясному часу.

…Мы ляцелі над Уралам. Ноччу. Але гэта не была ноч. Унізе на многія кіламетры гарэлі мільярды агнёў, палала вялізнае, як вокам сягнуць, зарыва. Нібы тысячы зорак таямніча падміргвалі нам знізу.

…У вельмі сучасным, мадэрновым аэрапорце Магнітагорска — шкло і пластык, жалезабетон і прастора, святло і цеплыня. Знадворку мароз у дваццаць пяць градусаў, а тут да ўтульнасці і цеплыні далучылася яшчэ і чалавечая цеплыня. Нас гасцінна сустрэлі прадстаўнікі камбіната, партыйныя і прафсаюзныя работнікі. Сярод іх быў і адзін з аўтараў гэтых радкоў, ветэран Магніткі і яе летапісец Міхаіл Чурылін.

Рухавыя камбінатаўскія аўтобусікі вязуць нас у камбінатаўскую гасцініцу. Тут увогуле ўсё камбінатаўскае — трамваі, аўтобусы, электрычнасць і цеплацэнтралі, палацы культуры і кінатэатры, цудоўны драматычны тэатр і спартыўныя комплексы…

Мы шмат чулі і чыталі, шмат завочна ведалі пра Магнітагорск, але тое, што адкрылася нашым вачам, пераканала нас, што мы цалкам не ўяўлялі дагэтуль усёй велічы і прыгажосці Магніткі. Бо, кажуць, лепш адзін раз убачыць, чым сем разоў пачуць.

За плячыма горада ледзь не да неба ўставалі вялізныя курыльніцы труб, над якімі свяцілася дымнаватае полымя, а пад імі ўзвышаліся гіганцкія карпусы, цягнуліся шматкіламетровыя эстакады, снавалі па камбінатаўскіх пад’язных пуцях чыгуначныя саставы. Горача дыхалі доменныя і мартэнаўскія печы, працавіта вухкалі пракатныя станы. І здорава ж камбінат, мабыць, грэў неба ў гэты сцюжны ўральскі дзень!


Наступнага дня мы сустрэлiся з першым сакратаром Магнiтагорскага гаркома партыi Уладзiмiрам Васiлевiчам Каласком. Падчас вайны, юнаком, ён прыехаў сюды з Нежына i вось ужо амаль трыццаць гадоў жыве i працуе тут. Спачатку школа ФЗН. Затым пракатны цэх, вячэрняе аддзяленне горна-металургiчнага iнстытута. З 1965 года — сакратар гаркома. З мая 1970 — першы сакратар.

— Мы ўпершыню сустракаемся з такой прадстаўнічай групай пісьменнікаў, — гаворыць Уладзімір Васілевіч. — Нішто так не зрадняе народы паміж сабой, як літаратура, — прыгадвае ён словы Горкага.

Уладзімір Васілевіч падрабязна пазнаёміў нас з гісторыяй горада. Горад пачынаўся з першай палаткі і першага барака ля гары Магнітнай і да вайны размяшчаўся толькі на левым, азіяцкім беразе ракі Урал. Зараз жыллёвае будаўніцтва на гэтым беразе поўнасцю спынена. Горад пасля вайны пераступіў Урал і шырока разліўся на яго еўрапейскім беразе… Сказаўся клопат аб людзях. У гэтым раёне пануюць паўднёва-заходнія вятры, і ў горадзе на правым беразе цяпер свежае, чыстае паветра. Жыллёвыя масівы паступова перасяляюцца туды. І гэта сапраўды зялёны, прыгожы горад, кварталы якога нагадваюць кварталы многіх беларускіх буйных гарадоў. Высокія дамы, шмат сквераў, паркаў і бульвараў.

У горадзе 365 тысяч насельніцтва, з іх 182 тысячы — рабочых. З ростам горада расце і яго культура. Толькі ў адным горна-металургічным інстытуце вучыцца 10 000 студэнтаў, ёсць педагагічны інстытут, 8 сярэдніх навучальных устаноў, 19 тэхвучылішчаў, 60 школ і г.д. Зараз кожны трэці гараджанін вучыцца. За гэтую пяцігодку агульная адукацыя кожнага працоўнага жыхара дарасце да дзесяці класаў.


Магнітагорск пачынаецца з гары Магнітнай, уласна, з некалькіх гор, размешчаных крыжам. Гара Атач, прыступчатая цяпер ад кар’ераў. Злева — Узянка, справа — Падатач. Легенды і былі гары хаваюцца ў сівізне вякоў. Тысячы народаў асядала тут, тысячы орд пракаціліся па гэтых рудых схілах. Першае ўпамінанне аб Магнітцы ёсць у «Падарожжах» Плана Карпіні ў 1245 годзе. У іх ён гаворыць аб тым, што далёка на поўначы ёсць гара з магніт-каменя, якая прыцягвае жалезныя рэчы. Казка? Ды не. Праўда за казачнай сярэдневяковай дэкарацыяй.

…Руда гары Магнітнай спраку веку была аддадзена дажджам, сонцу і вятрам. Тое, што здабываць яе лёгка, што яна будзе танная, людзі зразумелі дужа даўно. Нездарма да славян яе стагоддзямі здабывалі башкіры.

У 1752 годзе два прадпрымальныя чалавекі, Іван Цвёрдышаў са сваім зяцем Іванам Мясніковым, падалі ў Арэнбургскую губернскую канцылярыю прашэнне на дазвол здабычы руды з гары Магнітнай. Так узнік Беларэцкі жалезаробчы завод у ста кіламетрах адсюль. Руду здабывалі толькі летам. Кожную вясну сюды цягнуліся мужчыны, жанчыны і нават дзеці, каб на кожным пудзе здабытай імі руды зарабіць свой пятак. Зімою санным шляхам нарыхтаваную руду везлі ў Беларэцк.

З развіццём чорнай металургіі ўзрасла хціўная цікаўнасць да гэтага дармавога багацця, да гэтага феномена прыроды. Не аднойчы завязваліся шматгадовыя цяжбы, узнікаў торг, нават міжнародны.

Японцы прапаноўвалі за гару Магнітную 25 мільёнаў рублёў срэбрам. Падчас калчакаўшчыны амерыканцы намерваліся адкрыць тут сваю канцэсію.

Сапраўдная гісторыя гары Магнітнай пачалася ў савецкі час, калі вясной 1918 года Вышэйшы Савет народнай гаспадаркі аб’явіў конкурс на распрацоўку лепшага праекта адзінагаспадарчага аб’яднання Урала-Кузбас, якое забяспечыла б лепшае выкарыстанне руды Урала і вугалю Кузбаса.

Першыя геолагаразведвальныя партыі дабраліся сюды конна ў 1926 годзе. Яны ўдакладнялі прыродныя запасы руды, яе якасць. У той жа час геадэзісты вышуквалі пляцоўкі для будаўніцтва завода. А да Магніткі са станцыі Карталы пацягнулася нітка чыгункі.

Гісторыя Магніткі — пачатак індустрыялізацыі краіны. Гэта, так бы мовіць, увасабленне курса, узятага партыяй на ХІV з’ездзе.

Прыйшоў першы цягнік. Была пастаўлена першая палатка (на тым месцы цяпер стаіць помнік). Пачалі прыбываць людзі і будаўнічыя матэрыялы. Гэта здарылася 30 чэрвеня 1929 года.

З усіх канцоў краіны ехаў народ. Магнітку будавалі 47 нацыянальнасцяў. Дужа многа было сярод іх беларусаў. Значная доля іх і зараз жыве і працуе тут… Ехала пераважна моладзь. Загрукалі кіркі, ламы, рыдлёўкі.

Так, спачатку толькі яны. Вышэйшай «механізацыяй» была так званая «грабарка» — аднавосная цялежка на высокіх колах. У сярэдзіне 1930 года прыбыў напачатку іншаземны экскаватар, ды й то першы час людзі не надта ведалі, як да яго прыступіцца.

Так пачыналася. І ім было цяжка, гэтым людзям. Але нездарма адзін з лепшых дакументалістаў свету, рэжысёр Іёрыс Івенс зняў аб іх славуты свой фільм «Песня пра герояў».

…У начным змроку палалі тысячы кастроў. Магло б здацца, што вярнуліся часы Пугачова, які са сваім станам стаяў тут калісьці пад станіцай Магнітнай (па мясцовых паданнях менавіта яна паслужыла прататыпам крэпасці Белагорскай з «Капітанскай дачкі» А. Пушкіна).

Здавалася, што нічым не зрушыць гэты адвечны сон. Але ўжо 1 ліпеня 1931 года была закладзена першая домна. А першыя зліткі чыгуну яна выдала ў рэкордны тэрмін — роўна праз 19 месяцаў, 1 лютага 1932 года. Другую домну будавалі камсамольцы, і гэта была першая ў краіне камсамольская ўдарная будоўля.

Спачатку праектам прадугледжвалася 660 тысяч тон сталі ў год. Пасля праектная магутнасць была павялічана да мільёна тон. Раслі патрэбы ў метале, расла і вытворчая моц прадпрыемства. Яе вырашылі давесці спачатку да 2,5 мільёна тон сталі ў год, а пасля — да чатырох.


Ваенныя гады выклікалі паскоранае развіццё металургіі. Каб перамагчы, трэба было напружыць усе сілы. І Урал іх напружыў. Фронту былі патрэбны новыя маркі сталі, асабліва сталі бранявой, якая да вайны выплаўлялася толькі ў маламагутных мартэнаўскіх і электраплавільных цэхах. Ужо вечарам 22 чэрвеня 1941 года было вырашана выплаўляць бранявую сталь у вялікагрузных мартэнах. Але выплаўка — гэта яшчэ не ўсё. Сталь трэба было пракатаць, а на Магнітцы спецыяльных станаў не было. Такі стан знаходзіўся ў Марыупалі. Чакаць, пакуль яго дэмантуюць і завязуць сюды, было проста немагчыма. І намеснік галоўнага механіка камбіната Мікалай Андрэевіч Рыжэнка ўносіць смелую прапанову: выкарыстаць для гэтай мэты айчынны блюмінг, які толькі што, за нейкія пару месяцаў да 22 чэрвеня, уступіў у строй. Задачу вырашылі бліскуча — за месяц і сем дзён.

Дырэктарам камбіната ў той час ужо трэці год быў Рыгор Іванавіч Носаў, адзін з буйнейшых знаўцаў чорнай металургіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі. Зараз горна-металургічны інстытут носіць яго імя. Два ягоныя сыны, Дзмітрый і Канстанцін, скончыўшы гэты інстытут, пайшлі па слядах бацькі. Дужа многа давялося працаваць гэтаму чалавеку ў гады вайны.

Вось дзве-тры даты эпапеі Марыупальскага пракатнага стану. 4 жніўня 1941 года пачаўся ў Марыупалі яго дэмантаж. А 15 кастрычніка 1941 года на ім пракаталі ля падножжа Магнітнай першы бранявы ліст. Уявіце сабе: адна толькі станіна пракатнага стану важыла 65 тон. Каб устанавіць такую махіну, не было нават спецыяльных маставых кранаў. Кіраўнікі будоўлі вырашылі ўжыць два 10-тонныя краны, аснасціўшы іх спецыяльным прыстасаваннем. Была сівая восень з рэзкім халодным дажджом, была слата, хлюпкая гразь. Але ўсё трэба было рабіць як найхутчэй. Становішча на франтах было адчайнае. І тады хлюпкай золкай ноччу рабочыя вырашылі рызыкнуць. Станіну ўстанавілі адным кранам, але і ў гэтым кране выявіўся такі самы запас трываласці і моцы, як і ў тых, што працавалі тут.

Кіраўніком гераічнага мантажу, між іншым, быў ураджэнец Беларусі Зіновій Міхайлавіч Міхлін, цяпер — заслужаны будаўнік РСФСР, начальнік мантажнага ўпраўлення трэста «Усходметалургмантаж».

У часы вайны кіраваў трэстам «Магнітбуд» цяперашні намеснік Старшыні Савета Міністраў СССР Веніямін Эмануілавіч Дымшыц.

Гераічная зямля — гераічныя ўчынкі. Сярод магнітагорцаў, удзельнікаў вайны, 29 Герояў Савецкага Саюза. 26 чалавек на камбінаце — Героі Сацыялістычнай Працы, у тым ліку дзве жанчыны: машыніст электравоза Ніна Іванаўна Пушкарская і Аляксандра Аляксееўна Цыба, машыніст-аператар пракатнага стана.

Але яны не адны. Праца кожнага чалавека на Магнітцы ёсць подзвіг. І вось доказ гэтаму.

Гады вайны — ордэны Ленiна i Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Год 1970 — камбінату прысвоена імя У. І. Леніна, юбілейная Грамата і сцягі.

Год 1971 — другі ордэн Леніна.

Звыш трох гадоў камбінат з квартала ў квартал па выніках Усесаюзнага спаборніцтва ўтрымлівае пераходны Чырвоны сцяг Савета Міністраў СССР і ВЦСПС. Традыцыі Носава, які памёр у 1951 годзе, жывыя і сёння.

— У пасляваенныя гады камбінат нібыта перажыў другое нараджэнне, — расказвае дырэктар ММК Андрэй Дзмітрыевіч Філатаў. — Вытворчыя магутнасці ўзраслі за гэты час у пяць з лішнім разоў. Нашу прадукцыю ведаюць ад Находкі да Брэста і шмат у якіх замежных краінах.

Шмат яшчэ чаго цікавага даведаліся мы ад Філатава. Аб тым, што завод плавіць чыгун, сталь, робіць вогнеўпорныя вырабы, катае пракат, здабывае вапняк, даламіт, з’яўляецца манапалістам па вырабу белай бляхі для кансервавай прамысловасці (50 працэнтаў саюзнага яе вырабу), выпускае яшчэ шмат чаго, што зусім нядаўна мы куплялі за мяжой.

І яшчэ аб тым, што асноўныя фонды камбіната — 1350 мільёнаў рублёў, што прыбытак за пяцігодку склаў каля 2 мільярдаў.

Гэта дазваляе праяўляць больш клопату да чалавека, таму што, урэшце, і гігант камбінат, і навакольныя заводы — дзеля людзей. Камбінат не толькі будуе жылыя дамы, пансіянаты, бальніцы, пашырае зоны адпачынку, але і клапоціцца аб тым, каб чалавек быў добра апрануты і накормлены.

Зiма тут суровая. Дзецi раней вырасталi тут, не ведаючы, што такое яблык, свежы агурок, памiдоры.

— У нас ёсць падсобная гаспадарка-саўгас, — сказаў нам тав. Філатаў. — 27 тысяч гектараў зямлі, 5 тысяч буйной рагатай жывёлы, 2 тысячы дойных кароў, 6 тысяч свіней.

Дзівам для Урала быў вырашчаны магнітагорцамі 500-гектарны сад, які летась даў 5 тысяч тон садавіны. Падсобная гаспадарка дае для рабочых сталовак свежую гародніну, садавіну, сокі.

…Магнітагорскі камбінат вырас ля гары Магнітнай. Спачатку думалі, што мясцовай руды хопіць яму на 120 гадоў. Але час, вайна і ўзрастаючыя тэмпы вытворчасці распарадзіліся па-свойму. Зараз на месцы гары каласальны кратэр. Уявіць гэта няцяжка: у вайну кожны другі танк і кожны трэці снарад быў з металу гары Магнітнай. На сподку гэтага велічэзнага «амфітэатра» працуюць сёння экскаватары, па яго «ярусах»-гарызонтах снуюць і сёння электрычкі, вывозячы руду. Але яе ўжо не хапае. Той жа Носаў даўно прадбачыў гэта, і па яго ініцыятыве пачалася разведка Сакалова-Сарбайскага месцанараджэння руд за 50 кіламетраў ад Магніткі. Зараз руда ідзе на камбінат адтуль і, нават, з Курскай магнітнай анамаліі. І ўсё ж пакуль метал Магніткі самы танны ў краіне. Вугаль сюды ідзе з Караганды і Кузнецка, газ — з Бухары, за 2,5 тысячы кіламетраў. Цяпер метал на Магнітцы плавяць газам. Пра гэта Носаў марыў яшчэ тады, калі газ не гарэў нават у маскоўскіх кватэрах.


На роднай нашай беларускай зямлі ёсць гарады-юнакі. Салігорск, Наваполацк, Светлагорск і Белазёрск, Новалукомль. Усе яны таксама пашыраюцца, растуць, робяцца індустрыяльна магутнымі. І мы ведаем чаму. Не было б Магніткі і першых пяцігодак, — не было б і сённяшняга іх росту.

…Мы стаялі ля помніка першым будаўнікам-камсамольцам. Дзяўчына і хлопец. У руках рыдлёўка і кірка. Гэтымі няхітрымі інструментамі, пад ветрам і дажджом яны закладвалі падмурак пад сённяшнія нашы гарады…

Помнік першай палатцы. Мабыць, адзіны такі на нашай зямлі. На пастаменце ляціць парус палаткі. Праз яго, у тумане, далёка — лес заводскіх труб. Побач з палаткай — рука трымае на далоні глыбу руды. Вакол пастаменту словы выдатнага песняра Магніткі Барыса Руч’ёва: «Мы жили в палатке с зеленым оконцем, промытой дождями, просушенной солнцем, да жгли у дверей золотые костры на рыжих каменьях Магнитной горы…»

Магнітабуд пачынаўся з плаціны. Патрэбна была вада. 72 рабочыя дні ішло будаўніцтва шматарачнай жалезабетоннай плаціны даўжынёю больш за кіламетр і вышынёю ў 10 метраў. З таго ж бетону, што лёг у аснову плаціны, мясцовым скульптарам-рабочым быў адліты і помнік Леніну. Адзін з першых…

Вецер. Туман. Глыбокі снег. Незамярзаючыя тут воды Урала. Гэта адстойнікі камбіната. Вада праз фільтры зноў ужываецца ім. І тут яна такая чыстая, што ў ёй ходзіць рыба. Над ёй плыве пара, як над адкрытым зімовым басейнам…

Не так даўно прыязджаў у Магнітагорск архітэктар з ГДР Эрнест Май. Гэта па яго праекце закладваўся тут першы жылы квартал. Над адным з дамоў — металічная шыльда: «Тут 5 чэрвеня 1930 года ў прысутнасці 14 000 будаўнікоў закладзены падмурак першага капітальнага дома горада Магнітагорска…»

…Уяўленне пра Магнiтагорск было б няпоўным, каб мы сказалi толькi пра камбiнат. Вядома, камбiнат гэта вялiзнае дрэва, якое вырасла на гары Магнiтнай. Але кожнае дрэва не бывае без галiн. Магутнае дрэва — магутныя i галiны. Гэтыя магутныя галiны — прадпрыемствы, на якiх мы пабывалi: калiбровачны завод, метызна-металургiчны (дарэчы, за два тыднi ён робiць тое, што наш Рэчыцкi, таксама метызны, робiць за год).

У той час, калі мы былі ў Магнітагорску, метызна-металургічны завод узнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Адным з першых меў гонар ад імя нашай дэлегацыі павіншаваць дырэктара завода Веніяміна Навумавіча Гутніка з узнагародай, якую атрымаў завод, Янка Брыль.

…Усё гэта каласальна, велічна і захапляюча! І рака лавы ў доменным цэху з феерверкам сініх, сляпучых зорак, што ўзлятаюць над ёй. І пракатныя лісты такой тонкасці, што калі ўпадзе волас, на іх застаецца след; і сталь, што так агніста, туга і ўпарта б’е з мартэнаў у паддоны разлівачных каўшоў; і вогненныя змеі, што паслухмяна звіваюцца ў кляшчах вальцоўшчыкаў. І магутнейшы прэс у цэху біметалаў, пад ціскам якога алюміній, нібы паста з цюбіка, выцягваецца ў бясконцую нітку дрота. І, у трэцім лістапракатным цэху, бясконцы серабрысты пояс, які імкліва ляціць па роліках і ў які можна глядзецца, нібы ў люстэрка. І металічнае ткацтва, куды больш тонкае, чым звычайнае. І, вядома ж, магутныя, сардэчныя людзі, якія робяць усё гэта, якія не губляюцца на фоне гэтых цыклапічных спаруд, на фоне гэтых гіганцкіх і дакладных машын.

Пра людзей Магніткі можна гаварыць і гаварыць. Прыемна, напрыклад, даведацца, што касманаўт Павел Паповіч скончыў Магнітагорскае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча.

У гаркоме партыі мы глядзелі старую кінахроніку Магніткі. Спачатку стэпы, кавыль, дрофы, горныя масівы, каменныя ілбы наводдаль. Пасля рыдлёўкі, кіркі, грабаркі… Здавалася, што гэтыя людзі ў сціплай, нават беднай вопратцы ніколі не адолеюць несакрушальнае, непрыступнае, гіганцкае сэрца Магніт-гары. І аднак яны адолелі. І сярод іх быў Аляксей Лявонцевіч Шацілін, чалавек, які плавіў першы чыгун Магніткі. Цяпер ён старшы майстар доменнага цэха, обер-майстра, як кажуць тут. Яму 67. Але ён і не думае аб адпачынку. Наадварот, акрамя працы ў сваім цэху, ён памагаў задуваць доменныя печы ў Аўстрыі, Чэхаславакіі і Індыі.

А вось разліўшчык старэйшага другога мартэнаўскага цэха (у ім была выдадзена першая Магнітагорская плаўка) Уладзімір Сяргеевіч Закандаеў. Працуе тут з васемнаццаці год. Як рабочы ўдзельнічаў у занальнай нарадзе пісьменнікаў Урала, Сібіры, Паволжа і Далёкага Усходу. Як ён сам расказваў, спачатку разгубіўся ад успышак бліцаў. Але, відаць, прамова яго была змястоўная, калі лягла ў аснову артыкула, надрукаванага ў першым нумары часопіса «Вопросы литературы» за гэты год. Чытае ён «па магчымасці», але мы адчулі, што чытае ён многа, любіць літаратуру.

Нам было асабліва прыемна, што сярод гэтых людзей шмат нашых землякоў. Адзін з іх — начальнік пятага лістапракатнага цэха Міхась Рыгоравіч Ціханоўскі, родам з Клімавіч — нібы далучыў нас да пачэснай прафесіі металурга, уручыўшы рабочыя каскі. Другі наш зямляк і таксама начальнік цэха, на гэты раз трэцяга лістапракатнага, Фёдар Барысавіч Васільеў, родам з Чэрыкава, былы партызан, партызанскія шляхі якога не раз перакрыжоўваліся са шляхамі яшчэ аднаго партызана, члена нашай дэлегацыі, Алеся Адамовіча. Фёдар Барысавіч сардэчна прымаў нас у рабочым кабінеце і дома.

Сустрэў свайго былога сябра па школе і Іван Навуменка. Гэта быў Ісак Сямёнавіч Зак, памочнік дырэктара метызна-металургічнага завода.

Мы часта выступалі ў заводскіх цэхах. Нас цёпла прымалі рабочыя. І вось, пасля аднаго з выступленняў, на калібровачным заводзе падышоў да нас майстар цэха таварыш Сільчанка. Ён спытаў пра Івана Шамякіна, сказаўшы, што першы раман яго, «Глыбокую плынь», чытаў яшчэ ў рукапісе. Выявілася, што яны разам вучыліся.

Але не толькі землякі — людзі самых розных нацый прасілі нас чытаць вершы па-беларуску — і прымалі іх шчыра.

Выступалі мы таксама ў гасцінных швейнікаў, перад студэнтамі і вучнямі (дзецям асабліва спадабаўся наш беларускі казачнік Васіль Вітка). Выступалі ў рэдакцыі «Магнітагорскага рабочага» (тут У. Караткевіч сустрэў земляка, настаўніка з Оршы), на тэлебачанні, у цудоўных дамах адпачынку (мяккія ўвалы лясістых башкірскіх гор, на рыпучым снезе сінія цені ад дрэў, незварушлівая цішыня мармуровых бяроз і кашлатых лістоўніц) і ў бібліятэках. Загадчыца бібліятэкі Левабярэжнага Дома культуры Тамара Аркадзеўна Смірнова і бібліятэкар Раіса Сямёнаўна Красная азнаёмілі з багацюшчымі фондамі бібліятэкі, з яе рэдкімі кнігамі.

Дзе б мы ні былі, мы пераконваліся, што беларускую кнігу тут чытаюць і любяць.

На развітанні ў гаркоме партыі Янка Брыль ад імя беларускіх пісьменнікаў сказаў:

— Нас уразіў камбінат, уразілі яго велічныя цэхі, магутныя іншыя заводы, уразіў сам саракагадовы горад. Але перш за ўсё нас уразілі людзі… Сярод іх было і шмат нашых землякоў. Гэта прыемна — прыехаць далёка і ўбачыць, што нашы людзі на вышыні… Мы хацелі б падзякаваць тым таварышам, якія так чула займаліся з намі.

…Дэлегацыі нашай былі ўручаны адрасы Саюзу пісьменнікаў ад Магнітагорскага гаркома КПСС і гарвыканкома, ад кіраўніцтва ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга метызна-металургічнага завода і ад калектыву сталеплавільнага мартэнаўскага цэха № 2 ММК, у якіх выказана шчырая падзяка за выступленні перад працоўнымі Магніткі.

Падарожжа наша было напружаным, але змястоўным. Ці не малая доля ў гэтым — клопаты інструктара Чэлябінскага абкома прафсаюзаў Анны Ігнатаўны Лягоцінай, якая ўсюды суправаджала нас.


Магнітагорск па праву называюць своеасаблівай літаратурнай Мекай. Пісьменнікаў сюды вабіць жывая цікавасць да спраў магнітагорцаў. Яшчэ ў гады першай пяцігодкі Магнітабуд стаў сімвалам індустрыялізацыі краіны. І пісьменнікам сваімі вачыма хацелася ўбачыць, як творыцца цуд, як закладваецца падмурак сацыялізма.

Адным з першых ярка і вобразна паказаў гераізм будаўнікоў Магніткі вядомы публіцыст, рэдактар «Нового мира» Вячаслаў Палонскі, які апублікаваў нарыс «Магнітабуд».

У 1931 — 1932 гадах у Магнітагорску жылі такія вядомыя савецкія пісьменнікі, як Аркадзь Гайдар, Валянцін Катаеў, Ісідар Шток, Яўгеній Фёдараў, Мікалай Багданаў, Аляксей Малышкін, Яфім Зазуля, Дзям’ян Бедны.

Да лета 1930 года адносіцца ўтварэнне ў Магнітагорску літаратурнага аб’яднання «Буксір», які пазней перайменавалі ў літбрыгаду імя Максіма Горкага. Арганізатарам і кіраўніком гэтага аб’яднання быў малады ўральскі паэт Васілій Макараў. Літаратурнае аб’яднанне выпускала свой часопіс, які называўся першапачаткова «Буксір», а пазней «За Магнітабуд літаратуры».

Першымі з членаў літаратурнага аб’яднання заявілі аб сабе маладыя паэты Барыс Руч’ёў, які стварыў цыкл вершаў «Другая Радзіма», і Аляксей Варашылаў — аўтар дзвюх паэм «Першая перамога» і «Песня аб сусветным рэкордзе». Да гэтага ж перыяду адносіцца пачатак творчасці паэтаў Міхаіла Люгарына, Канстанціна Мурзідзі, Марка Гросмана, Аляксандра Лазнявога, Людмілы Таццянічавай, Якава Вохменцава. У прозе спрабавалі свае сілы маладыя рабочыя Аляксандр Аўдзеенка, Сяргей Фёдараў (Каркас), Яўгеній Вараб’ёў, журналісты Сямён Нарыньяні, Аляксандр Завалішын і многія іншыя. Большасць з іх сталі прафесіянальнымі пісьменнікамі, членамі Саюза пісьменнікаў СССР.

Пафас стварэння, які панаваў на Магнітабудзе, натхняў маладых літаратараў на стварэнне яркіх і цікавых твораў.

Знаёмства пісьменнікаў з Магніткай пакідала ў іх творчасці прыкметны след. Так, на матэрыяле Магнітабуда В. Катаеў стварыў раман «Час, наперад!», І. Шток — п’есы «Зямля трымае» і «Вагон і «Марыён», А. Аўдзеенка — раман «Я люблю», Н. Багданаў — раман «Пленум сяброў», А. Малышкін — раман «Людзі з захалусця».

Вялiкую цiкавасць да Магнiтабуда праяўлялi i некаторыя замежныя пiсьменнiкi. Так, у 1930 годзе ў Магнiтагорску пабывалi польскi паэт i публiцыст Станiслаў Стандэ, а таксама паэт Уладзiслаў Бранеўскi. С. Стандэ пад уражаннем убачанага стварыў «Паэму пра Магнiтабуд», выдадзеную ў Маскве ў 1933 годзе. У. Бранеўскi прысвяцiў Магнiтабуду верш «Размова з Янам».

За будаўніцтвам першага савецкага гіганта чорнай металургіі вельмі ўважліва сачыў Аляксей Максімавіч Горкі. У сваім вядомым пісьме «Рабочым Магнітабуда і іншым», апублікаваным у «Правде» ўлетку 1931 года, А. М. Горкі пісаў: «Ваша сіла — несакрушальная, таварышы, вы давялі гэта ў грамадзянскай класавай бітве і вы штодзень даводзіце гэта сваёй гераічнай працай. Ваша сіла — несакрушальная і яна забяспечвае вам перамогу над усімі перашкодамі. Вы павінны ўсё пераадолець і пераадолееце. Моцна паціскаю магутныя вашы лапы».

Пазней, звяртаючыся да начальніка Магнітабуда і агітпропа Магнітагорскага гаркома партыі, А. М. Горкі пісаў:

«Вялікі вопыт гераічнага Магнітагорскага будаўніцтва, у якім удзельнічаюць дзесяткі нацыянальнасцяў СССР, тысячы рабочых-ударнікаў, сотні спецыялістаў, мае сусветна-гістарычнае значэнне».

Не паслаблялася пісьменніцкая цікавасць да Магнітагорска, да спраў яго працаўнікоў і ў наступныя гады. У розны час бывалі і падоўгу жылі тут Аляксандр Фадзееў, Эмануіл Казакевіч, Уладзімір Папоў, Марыэта Шагінян, Віктар Шклоўскі, Яраслаў Смелякоў, Яўгеній Далматоўскі, Мікалай Задорнаў і многія іншыя. Вялікія творчыя планы звязвалі з Магніткай А. Фадзееў і Э. Казакевіч.

Творчая атмасфера Магніткі працягвае нараджаць новых здольных літаратараў. У пасляваенныя гады тут сталі вядомымі пісьменнікамі празаікі Станіслаў Мялешын, Мікалай Воранаў, паэт Уладзілен Машкоўцаў. У Магнітагорску і зараз працуе даволі буйнае літаратурнае аб’яднанне, у якім прадстаўлены маладыя здольныя паэты — тэхнік Рыма Дышаленкава, рабочыя-металургі Віктар Паўлаў, Юрый Калеснікаў і іншыя. Многа сіл і часу аддае пачынаючым старэйшына літаратурнага цэха Магніткі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Барыс Аляксандравіч Руч’ёў, Міхаіл Міхайлавіч Люгарын і Аляксандр Мікітавіч Лазнявы, які зноў звязаў свой лёс з Магнітагорскам.


І зноў крыху гісторыі.

У 1931 годзе між Чэлябінскам і Магнітагорскам зусім не было агнёў. Пасвіліся ў панылых стэпах і па схілах пакатых гор грывастыя дзікія табуны. На шляху ляжаў толькі адзін маленькі Троіцк з яго лабазамі.

Зараз тут усё заліта агнямі. Акіян агнёў.

І аднак не трэба думаць, што чалавеку тут зараз зусім лёгка. У адзін з дзён нашага перабывання тут на горад абрушыўся шалёны буран, які ў башкіраў мае нават сваю назву «Укман-Тукман». Відовішча было страшнаватае. Выла, круціла, несла. Хадзілі адны аўтобусы. Людзям давялося праявіць немалую вытрымку.

Толькі адзін прыклад. На камбінаце звыш за 400 кіламетраў пад’язных пуцей. Снег заляпіў стрэлачныя пераводы, пагражаў вывесці са строю аўтаблакіроўку, парушыць пагрузачна-выгрузачны рытм. На пуці выйшлі людзі. Выйшлі пасля змены. Цэлую ноч яны змагаліся са стыхіяй. У рабоце камбіната не было перабояў.


…Мы стаiм над Магнiтнай гарой. Так, над гарою, бо гары няма. Тыя 420 мiльёнаў тон, якiя яна захоўвала, амаль вычарпаныя. Пад намi гiганцкi кратэр з рабрыстымi бакамi, падобны на месяцавы. Амаль кiламетр у дыяметры. Пад нашымi нагамi — строма ў сто метраў глыбiнёй. Адтуль увесь час адкачваецца вада, iначай катлаван захлынуўся б. Вада тая чысцейшая, смачная, як з крынiцы.

Нехта з нас, гледзячы ў гэтую зеўру, сказаў:

— Тут быў пахаваны фашызм.

І гэта так. Ён быў пахаваны ў гэтым кратэры сплавам з магнітагорскай сталі і ўсенароднай крыві.

І ёсць нейкі глыбокі, крыху трагічны і горды, высокі сімвал у тым, што скульптар В. Вучэціч ляпіў свайго воіна-вызваліцеля, таго самага, што стаіць зараз у Трэптаў-парку, трымаючы дзіця і меч, што гэтага воіна, які рассек свастыку і ўратаваў будучыню, скульптар ляпіў таксама з магнітагорца, з І. С. Адарчанкі. То паглядзіце на гэтае аблічча.

…У Гiтлера быў план. Калi ягоныя войскi дойдуць да Урала, будучай мяжы iмперыi, — паставiць на самых высокiх вяршынях Уральскiх гор трыццацiметровыя статуi каменных салдат з аўтаматамi i мячамi. Такiя статуi былi ўжо высечаны. I яны маглi б стаяць на вяршынях i глядзець на ўсход каменнымi вачыма, каб не наш народ.

Каб не наша кроў і не наша браня.

Нам здаецца, што з апошняй руды гары Магнітнай людзі адліюць і паставяць над кратэрам былой гары велічную фігуру рабочага чалавека. Чалавека, які трымае на плячах зямны шар.

Магнітагорск — Мінск.

Упершыню — «Літаратура і мастацтва», 1971, 26 сакав. (з А.Грачанікавым, У.Паўлавым, М.Чурыліным).