Пад зялёнымi шатамi паркаў
Лета прышло. Сіноптыкі абяцаюць добрае надвор’е, многа сонца. Мо таму ў тралейбусах, на мнагалюдных вуліцах сталіцы, у кватэрах працоўных можна пачуць адно і тое ж хвалюючае пытанне.
— Дзе будзем адпачываць у гэтую нядзелю?
— А дзе лепш?..
Будаўнікі і настаўнікі, вучоныя і пенсіянеры, хатнія гаспадыні і студэнты абмяркоўваюць, куды пайсці: у парк імя Чалюскінцаў ці на возера? А можа выехаць у маляўнічы прыгарад? І там добра, і тут нядрэнна. Наш савецкі чалавек, жыхар сталіцы заслужыў гэты адпачынак сваёй сумленнай працай. Таму і зразумела, якія пачэсныя задачы паўсталі перад работнікамі паркаў у час летняга сезона. Адзначым, што зроблена імі нямала. Але ўсё ж летні адпачынак мінчан у гэтым годзе пачаўся не зусім арганізавана.
Пройдземся па парках сталіцы. Пабываем на возеры. Скажам шчыра, што тут напаткаеш нямала розных дробязей, якія псуюць настрой. У апошнюю нядзелю, напрыклад, даволі складанай праблемай было дабрацца да возера. Трамваі былі перапоўненыя і, самае галоўнае, ішлі без усялякага графіка: то адзін за адным, то праз пятнаццаць — дваццаць мінут. Мы чулі, як дзяўчына, выйшаўшы з перапоўненага трамвая, сумна сказала свайму таварышу, выціраючы хустачкай успацелы твар:
— Ведаеш, мне ўжо і перахацелася катацца на лодцы… пакаталася на трамваі…
Урэшце, мы на возеры. Што і казаць, можна было лепшага чакаць ад работнікаў парку Перамогі і ад гандлёвых арганізацый горада. Па-першае, пра лодачную станцыю. 130 лодак не могуць задаволіць усіх жадаючых зрабіць прагулку па вадзе. Па-другое, не было амаль што ніводнай лодкі, каб у ёй не было вады. Праўда, ёсць у лодках рашоткі, але абутак усё роўна даводзіцца знімаць. Такім чынам, калі жадаеце ехаць у сухой лодцы, — цягніце яе на бераг, перакульвайце і толькі пасля гэтага спускайце ў ваду. Акрамя таго, трэба адзначыць, што вёслы на лодачнай станцыі вельмі цяжкія і нязграбныя.
Многія адпачываючыя на возеры наведваюць бібліятэку. Тут ёсць свежыя газеты, шахматы, шашкі, даміно. У шафе дзесяткі са два кніг. Гэта ў асноўным творы Жуля Верна, Бальзака, Пушкіна.
— А ці ёсць часопіс «Полымя»? — пытаецца наведвальнік.
— Бярыце «Огонек».
— Чытаў «Огонек». «Беларусь», калі ласка, дайце…
— Няма. У нас беларускіх часопісаў няма.
Мiж iншым, не толькi часопiсаў, але няма i нiводнай кнiгi беларускiх пiсьменнiкаў.
— Чаму? — задалі мы такое пытанне.
— Ведаеце, тут толькі перасоўка раённай бібліятэкі імя Гогаля, — адказвае бібліятэкар.
Псуюць адпачынак на возеры і турботы аб ежы, шклянцы вады. Што датычыць квасу, піва — гэта, калі ласка! Прытым толькі на ўсходнім і паўднёвым берагах — дзе пабудаваны два павільёны ад рэстарана «Зара» і стаяць латкі. А калі вы адпачываеце на паўночным беразе?.. Там ні латкоў, ні павільёнаў. Хочаце напіцца — ідзіце вакол возера 500 — 800 метраў.
Дарэчы, аб павільёнах. У адным з іх — цукеркі, папяросы, каўбаса, кансервы, піва. Была і мінеральная вада. Але яе пусцілі ў продаж толькі пасля таго, як прадалі піва. Крыўдна, што гандлёвыя арганізацыі перш за ўсё цікавіць камерцыйны бок справы.
У другiм павiльёне ў мiнулую суботу амаль што ўвесь дзень прапаноўвалi наведвальнiкам толькi… смажаную рыбу.
* * *
Парк культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў. Дзіцячы гарадок. Пад стромкімі соснамі, у маладой зеляніне і на пляцоўках — дашкольнікі. Пад наглядам бацькоў і работнікаў парку дзеці забаўляюцца ў гарадкі, гуляюць у хованкі, калышуцца на гушкалках. Для паслуг маленькіх наведвальнікаў парку абсталяваны горачка-каталачка, дзіцячы лабірынт, церамкі. Жадаючыя могуць пракатацца па зялёных алеях парку ў брычцы. Маленькі, але рухавы поні, ці як дзеці яго называюць — канёк-гарбунок, стаў агульным любімцам дзяцей.
Дырэкцыя парку робіць неабходнае, каб і дарослыя тут адчувалі сябе добра. Удзень, пакуль прыпякае сонца, мінчане адпачываюць у цяньку або загараюць на сонцы. Моладзь «атакуе» парашутную вышку. Бесперапынна працуе карусель.
Мінаючы закусачную, кінатэатр, марожаніц, у парк спяшаецца група пажылых гараджан. Адзін з іх — сівы, як голуб, стары ў форме чыгуначніка пытаецца ў дзяжурнага, калі будзе закончана будаўніцтва павільёна для пенсіянераў.
— Гэта залежыць ад аператыўнасці кіраўнікоў будтрэста № 1. — чуецца ў адказ. — Марудлівыя гэта людзі.
— А чаму ў парку няма вады?
— Бутэлечку ліманаду або піва можаце набыць у закусачнай, што пры ўваходзе ў парк.
— То-та ж. Пры ўваходзе ў парк яшчэ сёе-тое можна набыць. А ў самім парку ларкоў мала.
І сапраўды, усе латошніцы, у тым ліку і з прахаладжальнымі напіткамі, таўкуцца каля брамы. Піва, журавінавы напітак, булачкі, плаўленыя сыркі — вось амаль і ўсё, чым багаты латкі і павільёны Мінхарчгандлю. Пры тым перш чым падыйсці да іх, трэба ўважліва агледзецца, каб не падраць адзення ці абутку аб пустыя скрыні. Вакол закусачнай — бітае шкло, пустыя бочкі ад піва. Непадалёку ад брамы, проста на тратуары, у бетонным калодзежным кругу — гара смецця. Тут латошніцы арганізавалі звалку.
На тэрыторымі парку крыху чысцей. Многія наведвальнікі самі глядзяць за парадкам. Аднак санінспекцыі Варашылаўскага раёна варта арганізаваць там пункт санітарнага нагляду. Непакоіць тое, што ў парку не працуе вадаправод, засмечаны паляны, многа рознага ламачча, дроту.
Нельга не пагадзіцца з дырэктарам парку тав. Сасніным, які прапанаваў работнікам гандлю закрыць закусачную, што пры ўваходзе ў парк. Ці не лепш было б замест яе абсталяваць пяць-шэсць аўтаматаў з безалкагольнымі напіткамі? Мінчан не радуе і тое, што ў ларках няма кефіру, малака, здобы. Нават у дзіцячым гарадку прадаюць, як правіла, толькі журавінавы напітак і… піва.
Калi б работнiкi дзевятага аддзялення мiлiцыi (начальнiк тав. Стральчэня) часцей бывалi ў парку, дык i яны забiлi б трывогу. Побач з танцавальнай пляцоўкай ёсць i другая закусачная. Там сталыя наведвальнiкi першай закусачнай часта пахмяляюцца (спiртное прыносяць у кiшэнях), потым «рэжуцца» ў прэферанс, замiнаюць моладзi на танцавальнай пляцоўцы. Дружыннiкаў у парку мала, таму пад вечар гараджане спяшаюцца дадому. Тым больш, што два масавiкi проста не могуць абслужыць увесь парк.
* * *
Перад адным з выхадных дзён на рэкламных шчытах горада з’явілася аб’ява Мінскага тэхнічнага ўчастка. Яна адразу прыцягнула ўвагу многіх мінчан. Аб’ява запрашала жыхароў сталіцы праводзіць свой адпачынак на Мінскім моры, абяцала ім і лодкі, і добраўпарадкаваныя пляжы для купання, і пасажырскія цеплаходы, якія адыходзяць ад прыстані Ждановічы.
Каго летам не вабіць мора, сонца, свежае паветра! Штодзень адпачыць на мора едзе многа мінчан. Але найбольш іх тут у выхадныя дні.
І вось мы на моры. Прастора і сонца радуюць вока. Хутчэй да вады, якая плешчацца за некалькі крокаў ад нас. Але чаму ўсе ідуць міма прыстані, некуды далей?..
Адна справа — напісаць аб’яву і зусім іншая — выканаць свой шчодры абяцанак. І тыя, хто прыязджае на мора, адразу адчуваюць гэтую розніцу. Вы захацелі ўзяць лодку, каб пакатацца. Але дарэмныя вашы спадзяванні!.. Лодак даўно няма, іх «расхапілі» яшчэ ранкам. І можна прастаяць на прыстані пяць — шэсць гадзін, але лодкі не дачакаешся.
І вось тым, хто прыехаў на мора, даводзіцца доўгі час шукаць утульную мясцінку, дзе б можна было прысесці адпачыць, пасля пакупацца ды пазагараць. На беразе мора часцей напаткаеш надпіс «Купацца забаронена!», чым месца, дзе можна гэта рабіць. Расчыстка дна мора ад пнёў і караг, абсталяванне пляжаў — усё гэта абавязак Мінскага тэхнічнага ўчастка (начальнік тав. Пучкоў). Але і сёння невядома, калі, нарэшце, будуць добраўпарадкаваны берагі і дно мора.
Начальнік прыстані «Ждановічы» А. Калеснікаў гаворыць: «Мы размешчаны побач з чыгункай, па якой праязджае асноўная маса народу. Калі б у нас зрабілі пляж або проста прыстасавалі бераг для купання: пасадзілі дрэвы, паставілі грыбкі, прысыпалі гліну, якая пыліць у спякотнае надвор’е, чарназёмам, то не давялося б хадзіць людзям многа кіламетраў у пошуках утульнага месца».
Мінчане заслужылі, каб іх адпачынак нічым не засмучаўся. Цудоўнае Мінскае мора трэба як найхутчэй добраўпарадкаваць!
* * *
У нядзелю 7 чэрвеня ў парку імя Горкага былі арганізаваны масавыя гульні і атракцыёны, іграў духавы аркестр, адбыўся канцэрт Беларускага дзяржаўнага аркестра народных інструментаў і г. д.
Неабходна адзначыць, што парк у асноўным нядрэнна падрыхтаваны да летняга сезона. Але, нажаль, яшчэ не ўсё зроблена для таго, каб жыхары горада маглі спакойна і культурна адпачываць.
…Па асфальтавай дарожцы парку iдзе высокi сярэднiх год мужчына з малым, якога вядзе за руку.
— Тата, а што гэта такое? — пытаецца хлопчык, паказваючы на разваліны, што ля кінатэатра «Летні». — Там ужо не парк?
— Вось яшчэ? I там парк, але… — Падышоўшы блiжэй, бацька развёў рукамi. — Тут быў цырк. Памятаеш? А цяпер… — Ён узяў малога на рукi i заспяшаўся ў цянёк — блiжэй да ракi. Але i там горы пяску, трэсак, iржавага жалеза… Цырк, прызначаны на знос, разабралi ў гэтыя днi, а смецце засталося. Не спяшаюцца ачысцiць парк i будаўнiкi плацiны, што непадалёк ад галоўнай алеi. Кiраўнiкi УНР-72 Будтрэста № 15 кiваюць на Рэммехзавод трэста № 4, якi затрымлiвае металаканструкцыi. Адным словам, да ракi не падступiцца…
На тэрыторыі парку размешчаны кінатэатр «Летні», стадыён ДСТ «Чырвоны сцяг», рэстаран «Лета». Гаспадароў многа, а парадку няма. Стадыён уяўляе сабой сумнае відовішча. Агароджа развальваецца, будынкі просяцца на злом. Увесь гэты маркотны і зусім не спартыўны пейзаж жывапісна дапаўняе такая ж старая іржавая палутарка, якая і сёння «упрыгожвае» бераг ракі.
Аблсавет Мінскага ДСТ «Чырвоны сцяг» упарта не жадае навесці парадак у гэтым зацішным кутку парку.
Наўрад ці адпавядае свайму прызначэнню і дзіцячая карусель. Гэтая старая, нядбала адрамантаваная прылада рыпіць на ўвесь парк.
У цэнтры парку — вялікі роў, які месцамі запоўнены бруднай вадой. Аптымісты спадзяюцца, што калі закончыцца будаўніцтва плаціны, тады праз роў пойдзе чыстая вада.
Дзіўна, што са штату звыш 70 чалавек усяго толькі адзін выдзелены, каб сачыць за парадкам у парку. Ці не таму многія наведвальнікі ходзяць, стаяць і нават ляжаць на тых месцах, дзе гэта забаронена. Нікога не турбуе і тое, што ў парку завяліся аматары так званых лёгкіх заробкаў. Гадаюць цыганкі… Назаляюць людзям фатографы-прыватнікі.
Адзін з самых занядбаных участкаў культурнай работы ў парку — танцавальная пляцоўка. Яна карыстаецца такім шумным поспехам, што тут пастаянна дзяжурыць узмоцнены нарад міліцыі. Аб якіх танцах можа ісці размова, калі на невялікую пляцоўку набіваецца каля дзвюх тысяч чалавек?! І так амаль кожны дзень з сямі да адзінаццаці вечара гэтае вялізнае зборышча маладых пар таўчэцца ў страшэннай цеснаце, заглушаючы гукі аркестра. Танцавальная веранда ператворана ў даходнае мерапрыемства. Культуры тут днём з агнём не знойдзеш…
Перад калектывам работнікаў парку імя Горкага, перад камсамолам горада яшчэ непачаты край работы. Ад іх у многім залежыць, каб ператварыць парк у сапраўднае месца культурнага адпачынку.
Упершыню — «Літаратура і мастацтва», 1959, 10 чэрв. (з А.Бажко, Ул. Ідэльсонам, І. Цяцерыным).