Замарожаныя мiльёны
МАГАЗІНЫ ТОЛЬКІ Ў ЦЭНТРЫ
Старыя спецыялісты па гандлю кнігай не без гонару заяўляюць: «У нас ёсць выдатныя кніжныя магазіны, якіх не ведаў даваенны Мінск». І ў якасці прыкладу спасылаюцца на цэнтральны кніжны магазін, на магазін падпісных выданняў, які радуе нас сваім размахам і сапраўднай культурай, з якой прадаўцы прапануюць літаратуру. Магазін сёлета перайшоў на гандаль без прылаўка. Гэты метад з кожным днём знаходзіць новых і новых паслядоўнікаў.
Але гаворка сёння пойдзе не пра гэтыя магазіны. Нам захацелася пабываць крыху далей ад галоўнай магістралі, зазірнуць на ўскраіны сталіцы. Між іншым заўважым, што няма цяпер ускраін у нашым выдатным Мінску. Хіба «ўскраіна» Магілёўская шаша — «дарога гігантаў», як называюць яе ў даведніках экскурсаводаў? Побач з шашой выраслі кварталы жылых дамоў з прасторнымі магазінамі, кафэ, дзіцячымі ўстановамі. Наўрад ці назаве хто раён Маскоўскай шашы «ўскраінай». І ў гэтым кутку мала чаго засталося ад прыгараднага захалусця, якім калісьці лічыўся раён Камароўкі. Мы і зацікавіліся, як у гэтых пераўтвораных раёнах горада размяшчаюцца магазіны і кіёскі, што гандлююць кнігай.
У аблкнігагандлі, пачуўшы пра гэта, развялі рукамі. Усяго аказваецца, у горадзе гандлююць кнігамі дзевяць магазінаў. І толькі два з іх працуюць у раёне Магілёўскай шашы: адзін — у пасёлку трактарнага завода, другі — у аўтазаводскім.
Ну, а дзе, скажам, набыць кнігу жыхару Кастрычніцкага ці Фрунзенскага раёнаў? Няўжо дзеля гэтага ён павінен спецыяльна ездзіць у цэнтр? Аказваецца, павінен.
На карце дыслакацыi магазiнаў, якiя гандлююць кнiгамi, ёсць «белыя» плямы. Цi думалi пра iх ва Упраўленнi кнiжнага гандлю, у аблкнiгагандлi? Калi пазнаёмiцца з тоўстымi папкамi перапiскi — не цяжка пераканацца, што пытанне гэтае займала нямала рабочага часу, спiсана з гэтага поваду многа паперы. А воз застаўся на месцы. Чаму? Жывую справу не ўзнiмеш паперкамi. Кнiгагандлёвыя арганiзацыi з-за сваёй непаваротлiвасцi адкрылi ў мiнулым годзе толькi адзiн кнiжны магазiн! Меркавалася ў новым доме ў раёне аэрапорта адкрыць кнiгарню. Пакуль збiралiся, памяшканне нейкiм чынам у пажарным парадку прыстасавалi… пад кватэру.
— Так, мала ў нас кнігарань, — апраўдваюцца ў аблкнігагандлі.
Сапраўды, мала. Мы б сказалі, нікчэмна мала, калі ўлічыць бурны рост горада, духоўныя запатрабаванні яго жыхароў. У гэтых адносінах работнікі кнігагандлю могуць пазайздросціць нават цырульнікам, якія штогод атрымліваюць добрыя памяшканні ў новых дамах.
Толькі непаваротлівасцю і часткова абыякавым стаўленнем да распаўсюджвання літаратуры можна растлумачыць павольны рост у горадзе і кніжных кіёскаў. У 1957 г. іх налічвалася 31, сёння гэтая лічба павялічылася яшчэ на пяць адзінак. Адпушчаныя сродкі на пашырэнне сеткі кніжнага гандлю выкарыстоўваюцца дрэнна. Сёлета мяркуецца выдаткаваць на капітальнае абсталяванне кніжных магазінаў 318 тысяч рублёў. Пакуль што гэтыя сродкі ляжаць некранутымі, хоць мінула ўжо чатыры і канчаецца пяты месяц.
КНІГІ ЗАЛЕЖВАЮЦЦА НА ПАЛІЦАХ
Як абстаіць справа з распаўсюджваннем кнігі, што робіцца для таго, каб наш пакупнік мог задаволіць свае запатрабаванні? Мы пабывалі там, дзе размясціліся кварталы жылых дамоў, у якіх жывуць трактаразаводцы. Тут многа магазінаў. Добрай славай карыстаецца ўнівермаг. Нездарма, седзячы ў тралейбусе, мы пачулі размову пра тавары, па якія людзі ехалі сюды з цэнтра. Магазіны тут выдатныя, з яркай рэкламай. Не пашанцавала адно кніжнаму. Магазін культтавараў і кнігі, як на грэх, туліцца ў цесным памяшканні, у звычайнай кватэры з двух пакояў. Пакупнік, пераступіўшы парог, міжволі спыняецца: ці не памыліўся ён адрасам. Але іншы раз бывае, як кажа прымаўка, хоць у цеснаце, але не ў крыўдзе. Гэтага зусім не скажаш пра кнігарню № 9 (загадчык А. Іваноў). У ёй няўтульна, шэра і змрочна.
…У магазін увайшла жанчына і спынілася ля прылаўка. Пазіраючы на паліцы з кнігамі, яна доўга штосьці шукае. Нарэшце, яна пытаецца:
— Што ёсць з дзіцячай літаратуры? Магчыма атрымалі навінкі?
— Пакуль нічога новага не прыбыло… — неахвотна адказвае прадавец. — Вось раю ўзяць… — і на прылавак кладзецца «Кніга карысных парад».
— Купіла… спазніліся з прапановай.
Жанчына, пастаяўшы, адыходзіць, расчаравана ківаючы галавой.
Між тым дзіцячых кніг у магазіне не так ужо мала. Ёсць новыя кнігі М. Прыляжаевай, Л. Панцялеева, Ус. Краўчанкі, А. Якімовіча, Ю. Сотніка і многіх іншых пісьменнікаў, якія працуюць у жанры дзіцячай літаратуры. А магчыма пакупніцы патрэбна была кніга для дашкольніка. І тут нельга скардзіцца на беднасць асартыменту. Ёсць і казкі і іншыя кніжкі для самых маленькіх чытачоў.
Выпадак з жанчынай — не выключэнне. Вось зноў паказаліся пакупнікі. На гэты раз маладыя хлопцы ў рабочых спяцоўках. Яны папрасілі падручнік па тэхналогіі металу. Яго не аказалася. Прадавец не патурбаваўся спытаць, пра якога канкрэтна аўтара ідзе гаворка. Калі няма падручніка на кніжным прылаўку, дык не выключана магчымасць знайсці кнігу на складзе. Але дарэмна. Прадавец маўчыць, нібы вады ў рот набраўшы. У кніжным магазіне такая абыякавасць да пакупніка проста нецярпіма.
Чым жа ўсё ж гандлююць на трактарным? Якія кнігі з беларускай літаратуры прапануюць пакупніку? Што робяць работнікі кнігарні для таго, каб савецкая кніга трапіла ў кожную сям’ю?
Дырэктар магазіна А. Іваноў нічога канкрэтнага на нашы пытанні не мог адказаць. Ён асабіста не знаходзіць падстаў для таго, каб біць трывогу. Яго не хвалюе і тое, што на складах гадамі ляжаць сотні кніг, псуюцца ад вільгаці і пылу.
З вясёлым выглядам А. Iваноў заяўляе:
— А план за мінулы месяц мы ўсё ж выцягнулі…
Сапраўды, атрымліваецца, нібы ў той казцы: кнігі амаль не разыходзяцца, а план выконваецца. Мы пацікавіліся гэтай акалічнасцю больш падрабязна. Аказваецца, «выратавалі» дзеці. Карыстаючыся да некаторай ступені манаполіяй у гандлі школьнымі таварамі, магазін здолеў прадаць куды больш алоўкаў, ручак, пер’яў, лінеек, сшыткаў, чым гэта прадугледжвалася планавікамі.
— А як жа ўсё ж гандлявалі кнігамі?
Загадчык магазіна дастае папкі з накладнымі:
— Можаце пераканацца, — гаворыць ён. — Вельмі добра ў нас купляюць «Кнігу карысных парад», выдадзеную Белдзяржвыдавецтвам. За адзін месяц прадалі тысячу экземпляраў. Каштуе яна 21 рубель, падлічыце, якая выручка…
Але ж апроч хатніх гаспадынь у раёне трактарнага завода ёсць і іншыя пакупнікі кніг. Дастаткова сказаць, што тут добрая палавіна рабочых — моладзь. Многія з іх вучацца ў вячэрніх інстытутах, тэхнікумах і школах. Сярод іх, безумоўна, ёсць аматары паэзіі і мастацкай прозы… А колькі школьнікаў жыве ў новым сацыялістычным гарадку. Наогул, як кажуць гандлёвыя работнікі, рынак для гандлю вельмі спрыяльны. Але, чамусьці, кніга не ідзе… У гэтым вінаваты самі прадаўцы. Як правіла, тут адмахваюцца ад продажу мастацкай літаратуры.
Якія навінкі атрыманы магазінам? Дзе рэкамендацыйныя спісы літаратуры? Што вы паказваеце пакупніку на выстаўцы?
Ні загадчык магазіна Аляксей Іваноў, ні прадавец Валянціна Цімафеева не могуць адказаць на гэтыя пытанні.
Праходзім у падсобнае памяшканне, прыстасаванае ў кухні. Штабелі кніг. Многія з іх ляжаць у стандартнай выдавецкай упакоўцы. Можна не сумнявацца, што да іх, з таго часу як яны выйшлі з друкарні, яшчэ не дакраналася рука прадаўца. У нераспакаваных пачках ляжаць тамы Ц. Гартнага, П. Галавача, раман І. Мележа «Мінскі напрамак», зборнікі вершаў А. Бачылы, А. Бялевіча, двухтомнік М. Танка. Словам, горы літаратуры, якая чакае сустрэчы з пакупніком.
— З беларускімі выданнямі нам не пашанцавала, — скардзіцца загадчык магазіна, — у нашым раёне ў пераважнай большасці рускі чытач, а гэтага не ўлічваюць планавікі з аблкнігагандлю…
Цi так гэта?
Варта прыгледзецца да чытацкіх фармуляраў. У многіх з іх вы знойдзеце запісы дзесяткаў кніг беларускіх пісьменнікаў. У прыватнасці, кожны другі чытач заводскай бібліятэкі прачытаў кнігі Івана Шамякіна, вялікім попытам карыстаецца раман І. Мележа, які прадаўцы чамусьці баяцца выставіць на прылавак. Чытае моладзь і вершы беларускіх паэтаў.
Неахайнае стаўленне да гандлю кнігамі на беларускай мове наглядна пацвярджаецца і на такім прыкладзе. Магазін арганізаваў продаж літаратуры на століку ў «Гастраноме», на якім вы ніколі не знойдзеце кніг на беларускай мове.
БЕЗ ПАДРЫХТОЎКІ
У кніжным магазіне на аўтазаводзе мы сустрэлі шліфавальшчыка з інструментальнага цэха Міхаіла Дубоўцава, ён купляе, як правіла, тэхнічную літаратуру, кнігі, якія дапамагаюць яму ў працы. У Дубоўцава сабралася нядрэнная тэхнічная бібліятэчка. Ёсць свае бібліятэчкі і ў многіх іншых рабочых аўтазавода.
— Бывае, за некаторай кнігай бегаеш доўгі час, — расказвае Міхаіл Дубоўцаў.
— А чаму б не прыйсці ў магазін і не сказаць: прашу дапамагчы набыць патрэбную літаратуру…
— Мы яшчэ не дайшлі да такой ступені абслугоўвання пакупнікоў — зазначае рабочы. — Наогул, нашы кніжныя магазіны ў многім адстаюць ад цэнтральных… Паглядзіце на паліцы: усё тут стаіць разам: мастацкая літаратура перамяшалася з сельскагаспадарчай… Нейкая каша… А як абслугоўваюць пакупніка? Вы, напрыклад, можаце доўгі час стаяць у магазіне ля самага прылаўка, і ў вас не спытаюць, чым вы цікавіцеся. Пастаіце, паглядзіце і пойдзеце… Я б сказаў, што ў нашых прадаўцоў яшчэ няма сапраўднай культуры ў гандлі кнігамі…
Рабочы інструментальнага цэха праўду кажа.
У магазіне на трактарным заводзе доўгі час ля прылаўка працуе прадавец Люба Корань. Здавалася б, чалавек павінен быў дасканала вывучыць сваю справу, стаць майстрам сваёй прафесіі. Аднак гэтага не адбылося. Корань працуе без любві і таму дрэнна працуе.
Кнігу павінен прадаваць чалавек, які яе любіць і ведае. Нажаль, гэтай акалічнасці не прымаюць пад увагу ў аблкнігагандлі. І сёння ў некаторых кніжных магазінах Мінска працуюць выпадковыя, малаадукаваныя людзі. Нярэдка яны нават перашкаджаюць распаўсюджваць кнігу ў масах. У гэтых адносінах заслугоўвае ўвагі размова членаў рэйдавай брыгады з загадчыкам магазіна № 9 тав. Івановым:
— Якая кніга палюбілася чытачу? Што з арыгінальнай беларускай паэзіі вы прапануеце пакупніку?
— Паэзія?! — здзівіўся тав. Іваноў. — А хто яе чытае? Мы больш гандлюем гумкамі і пёркамі…
— А чаму б не зрабіць спецыяльную выстаўку навінак, не наладзіць, па вопыту лепшых магазінаў, спецыяльны «Дзень паэзіі», не запрасіць да прылаўка аўтараў зборнікаў?
— Нічога не атрымаецца… — апраўдваецца загадчык магазіна.
Трэба сказаць, што многія прадаўцы, з якімі мы гутарылі, маюць нізкую адукацыю. Гэта — сур’ёзны недахоп. Вядома, што чалавек, які дрэнна разумее літаратуру, не зможа яе добра рэкамендаваць. Вельмі часта горы кніг на прылаўках і ў падсобных прамяшканнях вырастаюць з-за дрэннага ведання прадаўцамі сваёй справы.
Праўда, усюды, дзе пабывалі члены рэйдавай брыгады, можна было пачуць і скаргі на выдавецтвы. Маўляў, не перавяліся яшчэ такія факты, калі, наперакор попыту, кнігі выдаюцца завышанымі тыражамі.
— Зайдзіце на цэнтральную базу Упраўлення кнігагандлю і вы пераканаецеся ў гэтым, — гаварылі таваразнаўцы.
Да гэтага нельга, вядома, не прыслухацца.
ТЫРАЖЫ І МАГЧЫМАСЦІ
— Мноства літаратуры, якая не мае збыту, трагічна ўплывае на фінансавыя справы Упраўлення кніжнага гандлю, — сказалі нам на базе, — выклікае дадатковыя выдаткі на догляд і зберажэнне цэлых, калі можна так сказаць, кніжных гор.
На першае красавіка на базе ляжала рознай літаратуры на дванаццаць мільёнаў рублёў.
Чым жа растлумачыць такое становішча? Чаму кнігі, на выданне якіх выдаткавана столькі сродкаў, ляжаць без руху?
Спецыялісты кніжнага гандлю ў адзін голас сцвярджаюць: «Выдавецтвы з нашымі заяўкамі не лічацца, не прыслухоўваюцца да нашага голасу».
Сапраўды, у гэтых словах ёсць доля праўды. Па прыклады, як кажуць, далёка ісці не трэба.
…На другім паверсе базы пасярэдзіне вялікага памяшкання выкладзены штабялі кніг. На вокладках паблісквае пазалота. Тут ляжаць каштоўнасці ў сотні тысяч рублёў. Вось альбом «Савецкая Беларусь». Безумоўна, карыснае, патрэбнае выданне. Але тыраж яўна перавялічаны — дзесяць тысяч экземпляраў! Асноўны яго тыраж нерухома ляжыць на складзе. Такі ж лёс напаткаў і альбом «Дэкаратыўна-тэатральнае мастацтва». Праўда, тыраж ягоны ўдвая меншы, але каштуе ён 32 руб. 25 кап.
Работнікі базы зрабілі падрабязныя анатацыі на гэтыя два альбомы, якія разаслалі ва ўсе куткі Савецкага Саюза. Пакуль не аказалася аматараў набыць такія дарагія альбомы.
Ёсць і «рыбка» больш дробная. У 1953 г. Белдзяржвыдавецтва выпусціла кнігу ўкраінскага пісьменніка С. Тудора «Дзень айца Сойкі». Дзве трэціх тыражу гэтага рамана і па сённяшні дзень не рэалізавана.
Вельмі часта тыражы перакладных выданняў празмерна завышаны. У свой час «Аповесць аб дзяцінстве» Ф. Гладкова была выдадзена «Раман-газетай» тыражом у паўмільёна экземпляраў, выходзіла яна асобнымі масавымі тыражамі ў маскоўскіх выдавецтвах. Тым не менш і ў Беларусі гэтую кнігу выдалі ў 1952 г. тыражом у 20 тысяч экземпляраў. Без малога сем тысяч гэтых кніг і сёння ляжаць на цэнтральнай базе, а колькі іх знойдзеш на складах у абласцях!
Варта напомніць, што не ўсе кнігі, якія падарожнічалі ў камфартабельных кантэйнерах са склада ў магазіны, можна лічыць ужо рэалізаванымі. Напрыклад, «Аповесць аб дзяцінстве» Ф. Гладкова, як і на базе, ляжыць у шматлікіх магазінах без руху. Магчыма, сцвярджаюць таваразнаўцы, дзесяць працэнтаў гэтай кнігі прададзена. Сумны, вядома, факт.
Яшчэ горшае становішча з распаўсюджваннем тэхнічнай літаратуры. Яна выдаецца ў нас без усялякага ўліку попыту пакупніка. Назавём хоць бы «Тэхналагічныя асновы механізацыі асушэння і асваення балотна-тарфяных глеб». Тыраж кнігі — 10 тысяч экземпляраў, цана — 13 руб. 35 кап. Залежы кнігі вялікія — на складзе ляжыць амаль сем тысяч экземпляраў. Сцвярджаюць, што разыйшлася толькі адна дзесятая частка тыражу.
* * *
Шмат шляхоў ёсць для распаўсюджвання кнігі. Лепшыя магазіны сталіцы, напрыклад, увялі продаж літаратуры са столікаў у людных месцах, арганізавалі работу кніганош у паяздах і аўтобусах дальняга следавання. Кнігу прыносяць пакупніку прама на кватэру. Вынікі такога продажу выдатныя.
Чаму б не распаўсюдзіць гэты каштоўны вопыт цэнтральных магазінаў? Пра гэта, нажаль, мала думаюць у Мінскім аблкнігагандлі, а ў некаторых гандлёвых кропках не спяшаюцца, чакаюць указанняў.
Пакуль яшчэ гандаль кнігай у аддаленых ад цэнтра раёнах сталіцы арганізаваны дрэнна. Няма сапраўды гаспадарскага стаўлення да гэтай важнай справы.
Упершыню — «Літаратура і мастацтва», 1959, 23 мая (з І.Чаранком, Т.Бойкам, А.Прохаравым, М.Сталяровым).