Сівая легенда — Частка I
Светлейший отец, подавай нам деньгу,
Иль скарб твой достанется в руки врагу.
К.Меер
На пачатку мая ў Быхаў прымчаў на ўзмыленым кані ганец.
Конь зваліўся ля самай брамы замкавай вежы, а коннік пераляцеў цераз яго галаву і, як мёртвы, расцягнуўся ў пылу.
Гэты ледзь жывы чалавек прывёз мне загад майго гаспадара, пана Аляхно Кізгайлы. Я, Канрад Цхакен, павінен быў не марудзячы пакінуць Быхаў і на чале сваіх трох соцень швейцарцаў спяшацца ў замак Кізгайлы. Разам з граматай прыбылі грошы на куплю новых коней і вусны загад аб тым, што жывёлы не трэбы шкадаваць.
На пытанне, што прымусіла пана быць такім паспешлівым і марнатраўным, ганец ледзь здолеў прахрыпець:
— Воўк вырваўся з логава…
Яму ўжо сядлалі другога каня, і праз хвіліну ён памчаў у трэці замак Кізгайлы, у Збароў.
Я не ведаў, хто быў гэты воўк. Але швейцарац, калі яму добра плацяць, не патрабуе паўторнага загаду.
Кізгайлу было пажадана, каб мы загналі коней, — мы загналі іх і роўна праз суткі прыскакалі ў Кісцяні, дзе нас гэтак нецярпліва чакалі і дзе чагосьці так моцна баяліся. Баяліся, аднак мост, на наша здзіўленне, быў апушчаны.
Коней мы загналі бязлітасна, да дыхавіцы. Кізгайла страціў на гэтым не менш сотні залатых. Але гэта была не мая справа. Я, Канрад Цхакен, ураджэнец кантона Швіц, вядома, не так раскідаўся б, але я ўжо дзевяць год бачыў гэтых людзей і ведаў, што ад іх заўсёды можна чакаць самых вар’яцкіх учынкаў, за іх ніколі нельга паручыцца, таму што ў іх вецер свішча ў галаве.
Я жыў сярод іх дзевяць год, часам пачынаў нават думаць па-беларусінску, а ўсё ж ведаў іх ненашмат лепей, чым у першы дзень.
Яны будуць крычаць: «Воўк вырваўся з логава» і ніколі не зробяць ласкі толкам растлумачыць, што здарылася, каб добры хрысціянін зразумеў іх. Як быццам гэта наш абавязак — разумець іхнія тропы і іншасказы? Крый божа, калі сярод іх з’явіцца першы паэт — яны затопяць вершамі ўвесь свет і нікому не дадуць спакою.
Яны трацяць шалёныя грошы на цэлы табун загадзя асуджаных коней — і пакідаюць пад’ёмны мост апушчаным.
Іхнія старыя крэпасці, як Смаляны, Ворша, Магілёў, — страшныя. Я не згадзіўся б абараняць іх нават пад пагрозай пазбаўлення раю (я ўсё адно, бадай што, туды не траплю), нават калі б мне плацілі не пяцьдзесят талераў, а сто. Сапраўды, каб выстаяць за такім плотам, патрэбна вялікая мужнасць і вялікая легкадумнасць. А яны не толькі выстойваюць, але і наносяць страты ворагу.
Яны ўмудрыліся, седзячы ў гэтых быдлячых загонах, адбіцца ад татар і сто год, абяскроўленыя, супраціўляліся Літве — гэтага досыць.
Я кажу вам, ніхто не назваў бы такія загарадкі крэпасцямі.
Аднак гэта не датычыцца замка Кiзгайлы. Хто панюхае паветра каталiцкага храма, той нiколi не будзе такi, як раней. А новая знаць нюхнула яго ў ахвоту. Яна будуе такiя замкi, быццам у кожны з iх вось-вось могуць прынесцi крыж пана бога, якi давядзецца абараняць ад усiх язычнiкаў зямлi.
Ёсць славуты горад Кёльн. І ў гэтым славутым горадзе ёсць помнік дурасці і непасільнаму пачынанню — недабудаваны сабор. І ёсць паэт Газельберг, які хоць і размаўляе са мною на адной мове, а даволі-такі немалы дурань.
Дык вось, ён напісаў, гэты дурань, аб тым саборы:
Dem wunder deth ich duch nachlduffen.
Sach nie kein grössern stein hauffen!1
Паглядзеў бы ён на замак майго гаспадара ў наваколлі Кісцянёў!
Над шырокiм лянiвым Дняпром узвышаецца ўзгорак. Пяць тысяч тутэйшых мужыкоў нацягалi на яго зямлi, узвысiлi i ўмацавалi. Цяпер рэчка ўпадае ў Дняпро двума рукавамi. Пасярэдзiне iх — груз-капец. Ён абведзены падвойным валам. А на яго верхавiне шэры каменны гмах.
Часам мне здаецца, што сатана менавіта тут абараняўся ад усявышняга і што менавіта гэты пагорак бамбардзіравалі каменнямі яго анёлы. Чалавеку цяжка ўзвесці такое.
Пад’ёмны мост, брама з падвойнымі кратамі, муры вышынёю ў сорак пяць локцяў. А над імі, яшчэ вышэй, тры вежы.
Імя ім: Саляная, Стралецкая і Жабіна.
Унутры хапае месца для жылля, стайняў, палаца, дзвюх цэркваў i iншага, чаго i не злiчыць.
І гэта звачайны замак двараніна, нават не першага па багаццю і знатнасці. Бог няроўна дзеліць: ён дае порткі менавіта таму, у каго яны будуць спадаць з мізэрнага азадка.
У гэты вечар над вежамі свяціў месяц — такі пяшчотны, аліўкавы, ружовы, — так бы і з’еў яго. А ў байніцах таксама сям-там гарэлі агеньчыкі. І на сэрцы было лёгка, таму што ў нас, ваякаў, ад нараджэння заўсёды лёгка на сэрцы, калі мы жывыя.
У адказ на трохкратны гук нашага рога з вежы над брамай тройчы праспявала дуда, i гукi яе ў майскiм вячэрнiм паветры таксама былi асаблiва сумнымi i празрыстымi. Гэта было такое паветра, што яго хацелася пiць.
Хрушч ударыўся аб маю кiрасу i ўпаў на грыву каня, бездапаможна перабiраючы лапкамi.
Хрушчы на гэтай вар’яцкай зямлі зусім такія, як на маёй радзіме, — гэта трохі прымірае.
На майго каня ўпаў прамень святла са спадзорнага акна.
— Хто ідзе?
— Святы Юры і Русь, — сказаў я звычайны кліч воінаў гэтай зямлі.
— Дзякуй богу, — стаў жагнацца вартаўнік брамы. — Чакалі вас.
Пачалі круціць калаўрот, разышліся акаваныя жалезам дубовыя форткі, павольна папаўзла ўгору рашотка.
Нас сустрэў сам гаспадар — рэч небывалая. Я недарэмна намякаў на людзей, у якiх спадаюць порткi. Кiзгайла якраз такi. Яму трыццаць чатыры гады, i ён худы, як бядняцкая каза. Але моцны i жылiсты.
Ён паспрабаваў узяць майго каня за повад — здорава яму прыперла, калі ён аказвае наёмніку такую павагу, — але я спешыўся і сам павёў каня.
Кізгайлу мне давялося бачыць не больш як тры разы, я быў толькі яго кулаком у Быхаўскай акрузе. Нядаўна ён ажаніўся, я яшчэ не бачыў яго жонкі.
Але нават я здзiвiўся той змене, што адбылася з iм. Спiна сагнулася, твар жоўты не па-чалавечы, вочы, як у вар’ята. А быў жа ладны i станiсты. I пастава высакародная.
— Ты добра зрабіў, што паспяшаўся, Канрад, — сказаў ён, — у мяне вялікая бяда.
І змоўк. І маўчаў, пакуль хлопцам не адвялі жыллё, пакуль не выкацілі ім бочку віна і не накармілі тлуста і смачна.
Я глядзеў на яго высокі вузкі лоб, на валасы, ледзь падвітыя на канцах, але без бляску, бы ў сухотніка якога-небудзь, на вузкія карыя вочы і думаў: «Вось і зразумей цябе, чорта, што ў цябе ў галаве».
Гэтых людзей нельга зразумець. То яны маўчаць, то загадваюць без дай прычыны загнаць добрых коней.
Калі ўсіх напаілі і накармілі, ён падаў мне знак ісці за ім. Мы ішлі бясконцымі пераходамі і вісячымі галерэямі, ён ціха, як кот, я грукочучы, як вядро на цыганскім возе.
На вісячай пляцоўцы, вельмі прыдатнай для агляду, ён раптам спыніўся.
— Як ты думаеш, Цхакен, ці доўга можна абараняць такі замак?
Я паглядзеў на гмах, заліты месячным святлом, на кучы каменняў, што абцяжарвалі забрала, на вежы, што лёгка і трывала стаялі на зямлі.
Я ведаў, што на гэтых мурах устаноўлены два дзесяткі гармат і пры іх, як сцвярджае роспіс, ёсць дзесяць custodes arcis et bombardarum magistros2.
А каб жэрці і піць, дык гэтага ў склепах хопіць на ўсіх — хоць год сядзі.
І ўсё ж я спытаў, якія сілы ёсць у замку акрамя маіх малайцоў. Ён адказаў, што на другім замкавым двары стаіць сотня конных кірасіраў.
— Нядрэнна, — сказаў я, — але ж гэта для вылазак, гаспадар. А нашто нам іхнія коні? Хіба што жэрці, калі будзем галадаваць? Вядома, гэта ежа для басурмана, але голад не цётка.
— Ёсць яшчэ каля дзвюх соцень дваран.
— Адчайныя і кончаныя душы, — сказаў я, — але зноў-ткі для бою ў шырокім полі.
Словам, я зразумеў, што муры павінны абараняць мае хлопцы.
— Не нам жа каменне цягаць, пан Кізгайла? Дайце нам на гэтую работу з паўсотні мужыкоў.
— Нельга мужыкоў, — амаль ускіпеў ён. — Іх зусім не будзе.
Я паціснуў плячыма:
— У чым усё ж справа, гаспадар?
— Пытаць будзеш потым. Кажы, колькі тут можна пратрымацца?
— Год, — суха сказаў я, — год я пратрымаюся тут нават супраць Сатанііла. Два гады я пратрымаўся б тут з гаспадаром, які мне давярае. І я не паручуся нават за тыдзень абароны, калі гаспадар не давярае сам сабе.
— Цхакен, праяцель, — сказаў ён трохі мякчэй, — я проста не хацеў пасяляць у тваёй галаве скажоных меркаванняў наконт лёгкасці і цяжкасці гэтай аблогі.
— Дык хто ўсё ж ткі ідзе?
— Хамы ідуць.
Мне спадабаліся гэтыя словы. Швейцарцы ўсе былі мужыкамі яшчэ сто год назад. Але ён пакрыўдзіў не маіх землякоў. Акрамя таго, ён плаціў грошы. Таму я змоўчаў.
— Хамы ідуць, — паўтарыў ён.
— Гэта не вельмі страшна, — сказаў я, злёгку пакрывіўшы душою.
— Ты не бачыў іх у Віцебску, — сказаў ён, — калі там была смута. А я дагэтуль памятаю набат.
— Але ж трыццаць год у гэтым краі быў спакой.
— А цяпер яны ўзялі замак. У Рагачыку.
— Сорак міль па рацэ адсюль, — усміхнуўся я. — Хто паручыцца, што яны пойдуць у гэты бок?
— Яны пойдуць. Я гэта ведаю. Ім няма іншага шляху, акрамя таго, што вядзе праз Кісцяні. Праз мяне.
— І ўсё адно мы адседзімся. Вашы мужыкі, вядома, не зусім прыемная рэч. Але гэта не рэгулярная армія.
— Гэта горш, — ён пачынаў злаваць.
— Чаму?
— Таму што сёння ў іх ёсць галава.
Па маіх вантробах прабег мароз: гэта сапраўды горш. Але я ведаў, што гэтага чалавека яшчэ ў раннім юнацтве да смерці напужалі зверскія морды, сякеры, паходні, труп епіскапа, які валачылі за ногі па вуліцах, вынішчэнне яго гвардыі. Неразумна было б палохаць яго. Таму я адмахнуўся ад яго слоў.
— Глупства, — сказаў я, — галава ў час вайны рызыкуе не менш, чым ногі. На што ўжо быў хітры шведскі кароль, а і той не мінуў кулі.
— О, Канрад, вы ж бiлiся з iм, — раптам загарэўся ён. — Што гэта быў за чалавек?
Я ўсміхнуўся сам сабе. Клянуся касой маці божай, на гэтай зямлі кожны марыць аб славе. Нідзе не чытаюць і не распытваюць так прагна пра Аляксандра, Цэзара і іншых разбойнікаў. Нават гэты, якому сядзець бы дома і пладзіць дзяцей, чалавек хутчэй люты, чым мужны, загарэўся, ледзь патыхнула дымам вайны.
Я паціснуў плячымі з прытворнай абыякавасцю:
— Гэты галандскі мазіла Ван-Дэйк напісаў партрэт шведа, але ён не падобны. Ён на ім чысценькі, як хлопчык, якога мама вядзе ў царкву. А гэта быў здаровы мужалап, які лаяўся мужыцкімі словамі, як залатар з Вюрцбурга.
Яго зноў перасмыкнула пры слове «мужыцкі», але я супакоіў яго:
— Нават такая галава нічога не магла зрабіць з мужнасцю праціўніка. Будзем біцца.
Мы спусціліся ў другі ўнутраны двор. Тут, пад павеццю, віселі на сцяне кірасы, пырхалі коні і ля агнёў сядзелі кірасіры. На каменных плітах двара сям-там дыміўся гной. Худы мужычок у світцы падмятаў ляніва і непаваротліва.
Гаспадар, вiдаць, знайшоў, на кiм спагнаць гнеў.
— Дамінік, — сказаў ён, — калі двор будзе запаскуджаны раніцай, я пастаўлю цябе вышэй за сябе.
Я ведаў гэты брыдкі выраз. І мімаволі паглядзеў на верхні двор, дзе вялізным «пакоем» вымалёўвалася на сінявата-зялёным месячным небе шыбеніца.
— Зробім, паночак, — сказаў Дамінік, і я ўбачыў у цемры яго светлыя, трохі прытушаныя вейкамі вочы. Яны былі незвычайныя, гэтыя вочы.
У Еўропе я толькі аднойчы бачыў такія вочы, у мужыка пад Вольмірштэтам, калі нямецкія сабраты ў кірасах забіралі ў яго сена. Праз хвіліну ён торкнуў віламі ў бок сержанту. Калі я ўпершыню з’явіўся тут, то штохвіліны асцерагаўся такога ўдару: у іх ва ўсіх былі такія вочы. Але потым супакоіўся. Гэта ціхманы і вельмі цярплівы народ.
І толькі цяпер зноў штосьці непрыемнае варухнулася ў мяне ўнутры.
— Я б адправіў гэтага мужыка ў роднае сяло, — сказаў я.
— Зусім застацца без іх нельга, — раздражнёна сказаў Кізгайла, — а гэты яшчэ і католік. Я павінен яму верыць.
Я ўсміхнуўся сам сабе і падумаў, што чалавек, які аднойчы здрадзіў веры, можа здрадзіць і другі раз. Але я спахапіўся і не сказаў гэтага ўголас, з боязі абразіць гаспадара.
Сам гаспадар таксама быў свежы католік, а жонка яго, Любка, заставалася праваслаўнай. Жонак няма чаго прымушаць. Ды і сам Кізгайла — я ўпэўнены ў гэтым — адчувае сябе ў новым храме, як п’яны ландскнехт сярод святош.
І ўсё ж у замку ёсць невялічкі касцёл, патрон якога святы Антоній, і царква Пакрова Маці Божай. Іх падзяляе палац, і з яго вядуць у храмы дзве галерэі, кожная ў свой бок. Калі палац спаляць — храмы ўбычаць адзін аднаго і вельмі здзівяцца. Зрэшты, гэта не перашкаджае абедзвюм рэлігіям спаць на адной падушцы.
Ад гэтых гуллівых і, прызнаюся, не вельмі пачцівых думак мне стала весела. Ну які з гэтага чалавека католік?! Ён не ведае па-латыні ні inibus, ні atibus. І добра, бо я таксама ведаю ненашмат больш.
Ды і адкуль мне ведаць? Я не поп, я салдат. Я Канрад Цхакен, і я трыццаць год крывёю плачу за свой хлеб.
Шырокімі драўлянымі сходамі мы прайшлі ў малую залу замка. У гэтай малой зале маглі б учыніць папойку ўсе мае малайцы, ды яшчэ з дзеўкамі. І нікому не было б цесна.
Шэсць вялікіх, бы ў царкве, акон. У іх, акрамя звычайных зашклёных пераплётаў, уштукаваны яшчэ і вітражы. Зрэшты, іх пачалі ўжо вымаць, відаць, для таго, каб перанесці ў бяспечнае месца. Таму палова залы ў чырвоных, сініх і карычневых плямах, а другая заліта месячным святлом.
Каменная гладкая падлога, сцены, абабітыя цяжкай тканінай, фіялетавай з золатам. Каля сценак цяжкія і доўгія, як труны, разьблёныя скрыні, яны ж услоны. Паміж імі шафы, знарок адчыненыя, каб быў відаць залаты і срэбны посуд.
Як хутка яны пераймаюць ад фальшывых нямецкіх і італьянскіх купцоў, ад хлуслівых тамтэйшых дваран! Навучыліся і іншаму, зусім недарэчнаму: у пярэдняй сцяне — камін. Гэта пры тутэйшых страшных маразах! Ды я ні на што ў свеце не змяняю мясцовай печы!
У часе італьянскага паходу — а зіма была надта суровая для Ламбардыі — мне аднойчы давялося ўсю ноч праляскаць зубамі ля такога каміна. Я напалову засмажыўся і напалову змёрз, як пекар.
Затое я з асаблівай прыемнасцю ўбачыў ужо накрыты стол, крэслы без спінак каля яго, полымя свечак у шасцёх пяцісвечніках.
І яшчэ жанчыну ў крэсле, у баку ад стала.
Яны былі зусім не падобныя адно на аднаго, муж і жонка. У яго сухі жоўты твар, які пачынаў друзнуць, вочы фанатыка, шалёныя і вартыя жалю, валасы да плячэй. А яна — з яе анёла можна было б маляваць. Толькі, ведаеце, не дужа добрага анёла. Каса доўгая, залацістая, вочы цёмна-блакітныя і таксама трошкі шалёныя, як ва ўсіх тутэйшых. Рот ружовы і вельмі прыемны для пацалункаў, вясёлы і прынадны.
А сама як літая: усё на месцы, што павінна быць у жанчыны, па думцы ўсякага добрага швейцарца. Я, праўда, не ведаў, якая ў яе хада. У мясцовых жанчын вельмі зграбная хада. І яшчэ рукі, такія, як у гэтай: белыя, не худыя, з тонкімі пальцамі, якія звужаюцца пад канец.
Але што іх асабліва рабіла непадобнымі, дык гэта вопратка. Да вопраткі трэба прывучваць не адно пакаленне. І, можа, толькі ўнукі пана прызвычаяцца да адзення, якое насіў ён сам. Шырокая і вельмі кароткая аксамітная безрукаўка на куніцах. Ярка-чырвоная сарочка, якая гладка прыставала да цела. Карункавы каўнер і з-пад яго, на жывот, залаты ланцужок. На поясе цацачны кінжальчык. (Божа, ды гэтым людзям толькі доўбня і з рукі.) І куды яму, да д’ябла, з яго худымі нагамі і таўставатымі каленнымі суставамі, насіць гладкія, у абцяжку, залацістыя панчохі і мяккія боцікі з доўгімі наскамі?
Дражняць нас бусланогімі, а самі вучацца.
А на пані Любцы ўсё дарэчы. Шырокая ў падоле блакітная з золатам сукня. Пояс, што завязваецца па клубах і падае спераду двума канцамі, быццам падзяляючы ногі. Тонкая ў поясе казнатка3, таксама блакітная.
І што лепей за ўсё — на галаве іхні «караблік», быццам ляжачы маладзік, быццам рожкі над вушамі. Рожкі тыя залацяцца, а на іх зверху накінуты рантух, зусім празрыстае блакітнае пакрывала паміж каленяў.
Сядзіць, бы ў воблаку.
І на каленях скруціўся свойскі белы гарнастай.
Яна ўстала мне насустрач, усміхнулася злёгку жарсткаватай і прыемнай усмешкай. Гарнастай паспрабаваў быў учапіцца за сукню, але не ўтрымаўся і скаціўся ўніз.
У мяне сівізна ў галаве, і тут я ўпершыню пашкадаваў аб гэтым. А сам сабе падумаў, што мужа як мужа, а гэту буду бараніць да самага скону. У мяне ж, каб я не валачыўся па свеце, а жаніўся, як усе добрыя людзі, магла б быць вось такая дачка. І я абавязкова назваў бы яе Гертрудай.
Я падышоў да яе і схіліўся, каб пацалаваць руку. Не дала рукі:
— Гэта ўжо, бацька, па нашых звычаях зусім без патрэбы.
— У іх свой звычай, — сказаў пан Кізгайла, але я пабачыў, што ён узрадаваўся.
А потым я пераканаўся, што ён яе і наогул неяк безнадзейна раўнуе. Я злавіў сябе на думцы, што стаў думаць на іхняй варварскай гаворцы, і крыху раззлаваўся. Я ўсё ж з кантона Швіц, чорт мяне забірай!
Праўда, тут усе, акамя палякаў, вельмі памяркоўныя да любога народа і любой веры, так што мне тут добра.
— А вы сядайце за стол, пан Кандрат, — сказала яна, і я не раззлаваўся за перакручанае імя, — зараз усе прыйдуць.
— Ваенную раду ўчынім, — сказаў муж.
Я падзівіўся толькі, якія дзіўныя тут норавы. Я не перастаю здзіўляцца дзевяць год. За ежаю — і ваенная рада.
Я, грукочучы, падышоў да стала і сеў з імі. Першым прыйшоў пан Фелікс, капуцын — і надзіва чысты для свайго ордэна. Зрэшты, я ўсё адно лепей сядзеў бы з дзесяццю смярдзючымі капуцынамі, чым з адным езуітам. Душэўны смурод горшы.
Гэты, выяўляецца, мыўся і нават дужа старанна, бо прыстаўлены быў акрамя выканання службы яшчэ да варкі мёду. Капуцыны разумеюць у выпіўцы.
Потым з’явіўся попік, айцец Іякінф (язык зломіш на гэтых імёнах!), ускудлачаны, сухі і хітранькі.
Кожны сеў з боку «свайго» гаспадара, у канцы стала і, на маё здзіўленне, надта мірна прывітаўся з законным ворагам.
— Прыгразілі, што іначай выганім, — шапнула пані Любка.
— А зараз іх наогул вадою не разальеш, — буркнуў Кізгайла, — п’юць разам і зневажаюць бога. Такія блюзнеры. Нядаўна пан Фелікс, напіўшыся, крычаў, што з беларускай зямлі трэба павыганяць і папоў, і ксяндзоў, а богам прасіць на цараванне Бахуса. А разумны ж і бывалы чалавек: у Венецыйскай зямлі быў і яшчэ недзе.
— Нічога, бог за легкадумнасць даруе, — сказала гаспадыня.
— Яшчэ манахі ёсць? — спытаў я.
— Цяпер ужо другі тыдзень служаць запрошаныя. Уратаванне каралевы на вадзе. Тры тыдні будуць выць, — скрывіла яна губку.
— Якія?
— У шэрых расах.
Я ўвесь пахаладзеў. З гэтай кампаніяй я зусім не хачу мець спраў. І я вырашыў паспрабаваць заўтра справадзіць «сыноў Ісуса», указаўшы ім на небяспеку.
З-за мяркуемай рады запрошаных да стала было мала. Прыйшлі яшчэ толькі два: капітан конных кірасіраў, сапраўдны разбойнік з закручанымі вусамі і ў ботах, падобных на вёдры, а сам — ні даць ні ўзяць картачны ніжнік.
І яшчэ выбраны камандзір шляхты ў чузе з буркацелі — тайнай парчы, і ў шэрай футры паўзверх яе нягледзячы на вясновы час. У гэтага былі маленькія вочкі і маленькія крывыя далонькі. Хай мяне бог шасне, калі я не ўспомніў крата.
Калi мы сунялi першы голад — а на гэта пайшоў немалы час, — я спытаў, калi чакаецца прыход ворага да муроў i цi не абяцаў канцлер Сапега ўзброенай дапамогi.
— Яны ўзялі Рагачык з налёту, — хрыпла сказаў капітан. — А цяпер кудысьці зніклі.
— Рыхтуюцца, — з прыкметным хваляваннем сказаў Кізгайла, — разумеюць, што тут нечаканасцю нічога не зробіш, і нешта рыхтуюць. Сядзяць недзе ў пушчы… як павукі.
— Сяпега ж абяцаў падмогу, — з адценнем пагарды сказала гаспадыня.
— Кату ён пад хвост вырас, твой Сапега, — ускіпеў пан, — ці можна яму верыць? Сама памятаеш, як ён за народ беларускі распінаўся. А цяпер надта ўжо скора па-польску пачаў балбатаць. Пярэварацень.
— Дый ты ж, — усё з той самай лёгкай і жорсткай усмешкай сказала яна.
Твар Кізгайлы так па-пакутніцку скрывіўся, што я пашкадаваў яго.
— Ён першы перабег, — скрыпнуў пан зубамі, — а за ім іншыя разышліся на ўсе застаўкі. Як пацукі з карабля. А астатнім чыняць уціск.
— Нобілі4 не бягуць, — сказала яна.
— Таму і галеюць. Ды і гэтых, першых, тры чалавекі засталося. І тых бы для спакою — на плаху.
— Сапега прышле дапамогу. Сапега вораг яму.
— Не веру, — сказаў пан, — я і на сабе не спадзяюся пасля «схілення». І хто ведае, ці не пакарае мяне за гэта пан бог.
— Што такое, — не зразумеў я, — каму вораг Сапега?
— Галаве мужыкоў, — ваўкавата гледзячы ў падлогу, сказаў Кiзгайла.
— А ён хто?
— Нобіль. Раман Грынка з Ракутовічаў, — адказаў пан.
Прызнаюся, што я даволі непачціва свіснуў.
Справа паварочвалася зусім дрэнна. Нобілі — самыя знатныя і самыя паважаныя народам людзі на гэтай зямлі. Яны не проста маюць дрэва продкаў, яны вядуць яго ад якога-небудзь слаўнага чалавека.
Іхні закон гонару: кожнае пакаленне павінна прымножыць славу гэтага продка сваімі дзеяннямі. Таму большасць з іх вызначаецца справядлівасцю, шчырым норавам і неўтаймаванай адвагай у баі.
Гэтыя тры добрыя якасці — я заўсёды казаў гэта — зусім не садзейнічаюць працвітанню. Таму гэта парода належыць да ліку выміраючах. Зніклі нашчадкі князя Вячка, няма прамых нашчадкаў Андрэя Полацкага, нястомнага ворага Крэўскай уніі. Іх забылі. І па заслузе — няма чаго дарэмна геройстваваць. Чалавек створаны на тое, каб пладзіцца, а не на тое, каб знішчаць сябе. Які толк у тым, што іх імёны занесены ў які-небудзь гарадзельскі прывілей або першы статут, калі носьбітаў гэтых імён не засталося на зямлі.
Але я заўсёды казаў, што ў гэтага народа галава змайстравана не так. Я не ведаю, мякіна ў іхняй галаве ці інакшыя мазгі (калі здарыцца выпадак, трэба будзе паглядзець), але яны абкружаюць гэтую пароду ўвагай і пяшчотай. Мужыкі асабліва любяць іх, бо тыя амаль заўсёды небагатыя і лічаць празмернае багацце за ганьбу.
Аднойчы, пасля разгрому татар пад Крутагор’ем, трэцюю частку здабычы прапанавалі аднаму з Ракутовічаў (не памятаю ўжо, што ён зрабіў, здаецца, закалоў ці ўзяў у палон хана Койдана), і ён аддаў яе мужыкам, якія прыйшлі пад яго сцяг. Тыя потым маліліся на яго, як на бога, і калі іхні бажок паклікаў іх з сабою ў паход на яцвягаў — кінулі ўзбагацелыя гаспадаркі і пайшлі за ім. Вядома, гэта ўсё скончылася дрэнна — з правадыра-завадатая знялі скуру, узяўшы яго ў палон.
І даніну з гэтых яцвягаў можна было ўзяць толькі венікамі для лазні і лыкам. Неразумная рызыка!
Я ведаў усё гэта ад аднаго быхаўскага манаха. Ён пратрубіў нам усе вушы гэтай мінулай славай.
І ўсё ж я ўстрывожыўся. Кіраўнікі яны нядрэнныя, і, калі чуткі спраўдзяцца, значыць, у мужыцкага цела вырасла някепская галава.
Гаспадар з гаспадыняй між тым сварыліся. Ён крычаў на жонку:
— А ўсё ты! Патрэбна мне была тая халопка. Вось зараз і расхлёбвайце кашу, пані Любка.
Тая ласкава гладзіла гарнастая, які ляжаў у яе на плячы, ляніва выгнуўшыся, і лашчыўся галоўкай. Потым сказала холадна:
— Не бойся, ён цябе адсюль не дастане. Ён не мацнейшы за цябе.
І спытала ў капітана:
— Тую дзеўку адправілі ў Магілёў?
Капітан ледзь не ўдавіўся кавалкам і пачырванеў:
— Праз гадзiну адправяць. Разам з астатнiмi.
— Загадайце берагчы яе. Калі з ёй што-небудзь здарыцца ў дарозе і той даведаецца — ён не пакіне ад Кісцянёў каменя на камені.
— Слухаю вас, — буркнуў капітан.
Я не пытаў ні аб чам. Занадта многа таямніц на адзін вечар.
Потым мы спехам вырашылі, каму які мур абараняць, а Кізгайла даў загад трымаць напагатове смалу і дровы і змазаць пад’ёмнік другой рашоткі.
Загадзя ведаючы, што гэта бескарысна, вырашылі ўзняць на супраціўленне мужыкоў з замкавых вёсак Кізгайлы.
Потым Кізгайла прачытаў загад збароўскім мяшчанам, на якіх таксама маглі напасці. Ім належала: «Стрэльбу ўсякую, то бок гакаўніцы, ручніцы і сагадайкі, і іншую абарону, то бок шыбні і што іного да той абароны належыць, у дамех сваіх маці; а хто не можа больш, іно хаця адну ручніцу і рацішча няхай маець, а без абароны ў даму няхай не мешкае».
— Не атрымаецца i гэта, — усмiхнуцся Крот.
— Гэта чаму? — узвіўся Кізгайла.
Крот выцер ільсняныя губы:
— Яны ў нас пра падатак прасілі?
— Ну, прасілі.
— А ты не зняў?
— Не зняў…
— Таму і не атрымаецца. Скажуць, як п’юць ды ядуць, дык нас не завуць, а як с… і д… дык нас ішчуць.
— Не лайся, Іван, — скрывіўся гаспадар, — баба за сталом.
— Калі яна баба, — нахабна адказаў той, — няма чаго ёй за нашым сталом сядзець. А калі села, няхай слухае. Воінам без лаянкі нельга. Прыцерпіцца.
І тут пані Любка мяне здзівіла. Глянула на Крата цёмна-блакітнымі вачыма і сказала цвёрда:
— Калі пан хоча лаяцца, няхай пакіне замак і за мурамі лаецца з тым, хто ідзе.
Крот наліўся крывёй:
— А ці не хоча пані, каб дваране і яе адправілі за муры сустракаць гэтага чалавека?
— Добра, — усміхнулася яна, — пагроза за пагрозу.
І раптам устала.
— Пан Цхакен, клікніце сваіх людзей. Я загадваю вам выкінуць гэты зброд за браму. Няхай абараняюцца ў чыстым полі.
— Любка, — уступiўся муж, — гэта ж кожны трэцi абаронца.
Спалоханы сваркай гарнастай шмыгнуў пад рантух і хутка ўжо высоўваў сваю трохкутную мордачку з рукава гаспадыні.
— Нам не патрэбен такі трэці, — сказала яна, — здрада крочыць цераз самыя высокія вежы. Пан Цхакен…
Я ўстаў і бразнуў шпорамі. Гарнастай зашыпеў на мяне з рукава, як васіліск.
Але Крот ужо звяў. Ён раптам усміхнуўся гаспадыні:
— Добра, пані. Даруйце мне. Добрыя мы будзем, распачаўшы бойку, калі справа зайшла аб скуры. Паасобку будзе дрэнна і вам і нам.
Воблака рассеялася. Вячэра цягнулася далей. Вырашылі паспрабаваць заўтра выслаць Дамініка лазутчыкам, каб даведацца, дзе вораг.
Усё астатняе для абароны было падрыхтавана. Мы толькі не ведалі колькасці ворага. Мяцеж, выяўляецца, узгарэўся ў наваколлі Зверына. Адтуль не ўцёк ніводзін дваранін. Было гэта за тры тыдні, а першая чутка аб бунце прыйшла тыдзень назад, калі паўстанцы ўзялі Рагачык. І тады ўжо на чале іх быў гэты Раман.
Дрэнна, вельмі дрэнна. Я ніколі не верыў людзям, якія занадта доўга церпяць. Калі іх нянавісць загарыцца, яна гарыць, пакуль не спапяліць праціўніка або самога сябе.
І толькі цяпер я даведаўся нарэшце, у чым рэч, і сам сабе падзівіўся неразумнасці Кізгайлы.
А расказаў мне гэта попік з цяжкавымоўным імем.
Аказваецца, паўтара года таму назад Раман прапанаваў пану Аляхну пяцьдзесят бітых талераў за тое, каб ён адпусціў на волю сваю халопку Ірыну.
Яны сядзелi i пiлi разам, i Аляхно спытаў Рамана, нашто яму гэта. Той адказаў, што паспрабуе пасля гэтага завалодаць яе сэрцам i ажанiцца на ёй.
— Сэрца, як я мяркую, табе без патрэбы, ласкавы пане, — легкадумна адказаў нежанаты тады пан Аляхно.
— Аднак ты ж прынёс сваё да ног панны Любкі.
— Гэта зусім іншая рэч. Яна высокага роду. А нобілю сорамна браць за сябе халопку.
— Ажаніўся ж на дачцэ смерда мурамскі Пётр, — сказаў Ракутовіч.
— Рабы татар могуць рабіць, што ім хочацца.
— Не папікай, сусед. Падобна на тое, што прыйшла чарга нам трапіць у рабства. Варшава задушыць нас, мы згубілі памяць. І невядома, чыё рабства будзе даўжэйшае.
— I ўсё ж гэта ганьба для нобiля — мяшаць сваю кроў з халопскай.
— Ты дазволь мне самому меркаваць пра гэта.
— Слухай, Раман, — усміхнуўся Аляхно, — можна пакінуць сытымі ваўкоў і цэлымі авечак. Бяры яе, на колькі спатрэбіцца. Ты ведаеш, я пряцель твой і сусед і ніколі не запатрабую яе назад. Мне вельмі не хочацца, каб ты ажаніўся з ёю.
— Не, — сказаў Раман.
— Сур’ёзна, вазьмі яе, калі ўжа так захацеў. Зрабі ёй дзіця і супакоішся.
— А калі яна мяне ненавідзіць?
— А хто пытае пра гэта ў быдла?
— Не да ладу кажаш, сусед, — сказаў Раман, — дзяўчат гэтага «быдла» таксама нядобра псаваць, як і ўсякіх другіх. Гэтае быдла адкінула і збіла татарскую конніцу, седзячы на конях, узятых ад сахі. Ды і Ірына паважаная дзеўка.
— Ну і вазьмі яе сабе, — засмяяўся Кізгайла.
— Браць сілком, браць у ланцугах — гэта трэба не паважаць сябе.
— Ды хто ж табе кажа сілком? Ты ўлашчы яе падарункамі.
— І ўсё адно яна зняволеная. Не хачу. Брыдка. Трэба каб па любові, іначай якая ж тут радасць?
— Гм… Дык ты ж яе ў другую няволю цягнеш. Бо калі дазнаюцца, што ты адкупіў, дык зноў звязанай будзе. І сабака хвастом віляе, калі кінеш яму кавалак.
— Вось я і хачу цябе прасіць, каб ты адпусціў і маўчаў. Быццам сам адпусціў.
Кізгайла падумаў крыху.
— Не, не адпушчу, — сказаў ён. — Хочаш — бяры. Не хочаш — не бяры. Нобілю нельга быць жанатым з халопкай.
Ён занатурыўся, i Раман паехаў пакрыўджаны. Яшчэ раз ён паспрабаваў завесцi размову аб гэтым i ледзь не малiў Кiзгайлу, але той стаяў на сваiм.
Пасля гэтага Раман пакiнуў ездзiць да Кiзгайлы. Той перапалохаўся — суседзi сталi коса глядзець на яго. Яму зусiм не хацелася варагаваць з Ракутовiчамi, i ён вырашыў адпусцiць Iрыну на волю. Але вяселле яго з паннай Любкай, што неяк раптоўна згадзiлася пайсцi за яго, вось-вось павiнна было загрымець на ўсё ваяводства званамi i шамкамi коней. I ён, як варты павагi жанiх, спытаў у нявесты, цi трэба даваць Iрыне вольную.
Любка ж была ўжо амаль гаспадыняй. А тая раптам уся страпянулася і холадна сказала:
— Не.
Ён паглядзеў на яе халодны твар, на прыжмураныя вочы, што глядзелі ўбок.
— Не, — паўтарыла яна. — Нобiль i халопка? Калi ты гэта зробiш, пра мяне можаш не думаць.
I Аляхно не паехаў да Ракутовiча.
А неўзабаве пасля вяселля Кізгайлы з Любкай да яго прымчаў на кані стрыечны брат Рамана, Якуб.
— Аляхно, — маліў ён Кізгайлу, — зрабі гэта, дзеля пакут Хрыстовых, калі хочаш, каб Раман памёр. Ён зусім звар’яцеў, мы вынеслі з яго пакояў усю зброю. Ён раве, як грэшная душа ў пекле, і лае караля, Літву і палякаў. Ён пагражае разнесці ўсё. Ты ведаеш, ён і раней ненавідзеў уціск, на які нас прыракаюць. Цяпер ён ненавідзіць яго стакратна. І гэта твая дзеўка штурхнула яго на гэта. Адпусці яе. Разумееш, я яшчэ не бачыў, каб чалавек так кахаў і шкадаваў.
— Не, — сказаў Аляхно і сказаў гэта не сваімі вуснамі, а вуснамі жонкі.
— Ты ведаеш, — сказаў Якуб, — ён крычыць, што гэта цяперашнія выскачкі зрабілі такімі цяжкімі ланцугі халопства, што хутка стануць халопамі і паны, увесь народ… Аляхно, ён не есць, і не п’е, і не спіць па начах. Адпусці!
— Не, — сказаў Аляхно.
— Добра, — ускіпеў Якуб, — ты будзеш вінен у пагібелі дзвюх душ. Яго і гэтай дзеўкі, таму што яна таксама шкадуе яго, я ведаю. Сорам табе, Аляхно! Дзяды часта жаніліся так, як хоча Раман. І гэтыя новыя парадкі нам не даспадобы.
— Не, — сказаў Аляхно.
— Добра ж, — і Якуб кінуў на стол корд5, — тады слухай, Аляхно. Ракутовічы табе абвяшчаюць варожасць. Беражыся.
Кiзгайла пагаварыў яшчэ раз з жонкай, але тая ўпарта i тупа стаяла на сваiм. А праз месяц Якуб, спасцерагаючы згасанне брата, выклiкаў Аляхно на бой i быў забiты.
Смерць брата крыху працверазіла Ракутовіча. Ён стаў на ногі. І ніхто не ведаў, што ён думае. Перапалоханы гэтым нядобрым маўчаннем, Кізгайла вырашыў напасці на адну з вёсак суседа, каб паскорыць вырашальную сустрэчу.
Па дарозе туды ён быў паранены стралою з сялянскага самастрэла. Страляў адзін хлопец з аховы Якуба. Помсціў за нябожчыка.
Загонавыя дваране адступілі, забраўшы з сабой Кізгайлу. Той не дазволіў ім дакранацца да сябе і адлежваўся ў Кісцянях, нікога не пускаючы ў свой пакой.
І вось цяпер мужыцкія орды ўзначаліў гэты чалавек, смяротны вораг майго гаспадара.
Я плюнуў, выслухаўшы гэтую гісторыю. Калі ў справу ўмешваецца баба — дабра не чакай. І ахвота яму было пытацца парады ў свае жонкі!
Але ўсё адно яна была гожая, а гэтага Ракутовіча я не разумеў.
Толькі вар’ят мог, калі яму дакляруюць такую раскошу, — патрабаваць сабе ланцугоў на шыю.
«Не мая справа. Мая справа біцца», — вось што вырашыў я.
Між тым мяне выклікаў капітан.
— Слухай, калега, — сказаў ён, — я зараз адлучуся на малы час, а потым мы з табою пагаворым, як падтрымліваць адзін аднаго ў час вылазак, калі прыйдзе хам.
— А ці патрэбныя тыя вылазкі? Нас мала.
— Затое мы ў жалезе. Адзін латнік варты трыццацёх мужыкоў.
Я ведаў, што гэта так, але параіў вылазак не рабіць.
— А нашто ж тады конніца ў чатырох сценах? — засмяяўся ён. — Ды і хлеб я атрымоўваю не за сядню. Плацяць — скачы і сячы.
— А калі гэта неразумна?
— Пла-ацяць, — працягнуў ён, быццам давёў, і выйшаў.
Я пачакаў крыху і пайшоў за ім. Мне цікава было, якіх людзей ён адпраўляе з крэпасці напярэдадні аблогі.
Я прайшоў пераходамі і выйшаў на галерэю, што выходзіла ва ўнутраны двор. Я думаў, што я адзін, але потым заўважыў, што ў адным канцы галерэі стаіць гаспадар з жонкай. І тады я адышоў у другі канец, дзе было цямней, і там успёрся на парэнчы.
Унiзе ярка палалi паходнi, асвятляючы дзесятак вазоў. Будучая варта — чалавек трыццаць верхавых дваран, закаваных у латы, i пяць кiрасiраў — трымалася трохi правей, ля брамы. З нiзкiх дзвярэй, што вялi, вiдаць, у нейкае сутарэнне, даносiлася бразганне молата — разбiвалi ланцугi.
А потым з гэтых дзвярэй пачалі выводзіць людзей — абадраных, зарослых. Яны ледзь ішлі.
Вывелi дзесяць чалавек.
Дзесятую я не адразу і заўважыў, такая яна была худзенькая. Выйшла яна сама і сама села ў дзесятыя, апошнія, драбіны. За ёй выйшаў закураны замкавы каваль з зубілам і молатам у руцэ.
Паходня, якую трымаў шляхціц, кідала дрыготкія водсветы на гэтае дзяўчо ў белым. Я зверху бачыў толькі валасы, якія здаваліся мядзянымі, але на самай справе былі, напэўна, попельна-залацістыя. І твар цяпер адліваў бронзай, а ў натуры быў, вядома, бледны, як ва ўсіх пасаджаных пад замок.
Мне стала неяк не па сабе. Мала душы ў людзях, вось што я вам скажу. І дзіўна толькі, як гэта бог яшчэ церпіць нашы грахі і нашу бессардэчнасць. Напэўна, за нямногіх праведнікаў. Ды вось толькі дзе яны?
— Рыхтуйся, — скамандаваў капітан.
Коннікі пачалі збірацца вакол вазоў, бразгаючы зброяй і пераклікаючыся.
А я ўсё глядзў на гэтае хударлявае дзяўчо. Найбольш крыўдна, што і ногі ў яе былі пекныя, і ўсё астатняе, і рухі гожыя, — а гэта самая галоўная прыгажосць, калі не лічыць вачэй. Нельга такіх пад замок.
— Пан, — крыкнуў каваль, — усе ўжо раскутыя. Да вазоў куць не трэба?
— Не, — сказаў Кізгайла.
І тут дзяўчына прыўзняла на яго вочы, і я ўпершыню ўбачыў яе твар. Бровы зламаныя, вочы вялікія, шэрыя, глядзяць, як алень на паляўнічага, безабаронна і стрымана. А рот велікаваты, і нос не зусім роўны.
Няправільнае аблічча, і ўсё адно — такіх не забываюць.
І, як здагадка, мяне кальнула іголкай у сэрца.
— Ірына.
Дык вось каго яны вывозяць! Рызыкаваць не жадаюць. Думаюць, што выручаць паляціць і зніме аблогу. Нядобра, паны.
А ў яе вейкі задрыжалі і рот прыадкрыўся:
— Радуйся, пан, радуйся, пані Любка, загубілі вы жыццё маё. Ды, відаць, ляціць сокал, калі вароны ўзграялі з перапуду.
— Рушай! — махнуў рукой пан.
І загрукаталі па плітах вазы, заскакала полымя паходняў. І стала ўсё гэта падобна на д’ябальскі шабас.
А твар пані Любкі стаў зусім страшны, нават зубы выскаліліся не як у чалавека. І ўжо калі драбіны пачалі ўязджаць у браму — даляцеў адтуль добра чутны голас:
— Запраданец. Юда. Веру прадаў, братоў прадаў. Хай згіне твой род.
Астатнія ўзвылі на калёсах — шмат хто, напэўна, і гаварыць развучыўся. Але начальнік варты стрэліў некалькі разоў, і стала цішыня.
А Кізгайла стаў пры апошніх словах такі страшны, якім я ніколі не бачыў чалавека: скулы абцягнутыя, вочы ўтрапёныя, губу закусіў.
Любка паклала яму руку на плячо — скінуў. І адразу сагнуўся ў хрыбце.
А ад брамы, з-пад самай аркі, той самы голас, усё яшчэ ціхі і на музыку падобны:
— Здохнi, Кiзгайла.
А потым упала за імі рашотка. Быццам адрэзала.
І пайшоў да сябе ў пакой, не вытрымаў.
Лёг на пасцель у ботах — назнарок — і назнарок стаў глядзець на свечку і думаць на сваёй мове. Я пачаў занадта шкадаваць гэтых чужых людзей і, калі шкадую, думаю па-іхняму. А гэта не на дабро.
А я ж толькі ўраджэнец кантона Швіц. І наёмнік. Я служу за грошы, і не мая справа судзіць таго, хто мне плаціць. Вось калі ён пакіне мне плаціць — я яго самога прадам, каб заплаціць хлопцам, ды яшчэ і праламлю яму чэрап — за бессаромнасць.
І трэба, трэба думаць на сваёй мове не толькі ў баі. Божа, як даўно я адрэзаны ад радзімы, і няма мне звароту туды.
Ужо дзевяць год. Нават пятнаццаць.
Дзевяць год назад я зразумеў, што ў Германіі мне і маім хлопцам няма чаго рабіць, што там стаў прастор для баязлівасці, вераломства і скнарлівасці. А мы халодныя на полі бітвы і ўскіпаем, калі нам не плацяць.
Акрамя таго, гэтыя немцы называлі нас валляватымі чарцямі і белымі неграмі, хаця ні валляватых, ні альбіносаў сярод нас не было, а былі ўсе такія хлопцы, што адзін мог аддубасіць трох ураджэнцаў кілбаснага раю.
Калі нам усё гэта абрыдла, мы падаліся сюды. Калі грошы ў руках — ці не ўсё адно, якое неба над галавою?
І вось я тут і нават крыху стаў разумець гэтых людзей (да канца іх, відаць, і сам пан бог не зразумее).
У іх халодныя зімы, пякучыя леты і ў крыві то мароз, то агон. Яны верныя, як немцы, але больш за іх неразважлівыя і ярасныя ў бойцы.
Але самае надзвычайнае — іхняя смерць.
Калі памірае іспанец — гэта жудасна. Я не бачыў больш вартага жалю відовішча. Ён мужны і жорсткі, але тут ён дрыжыць і цалуе каўчэжац з мошчамі. У іх ды яшчэ ў тых, што на поўдзень ад ракі По, бязлітасны і няўмольны бог, чысцец і полымя. Калі памірае швейцарац, немец або француз-гугенот — ён памірае цярпліва, бо спадзяецца на літасць пасля раскаяння.
А гэтыя паміраюць спакойна — за іх заступаецца божая маць, — так спакойна, быццам у іх шчырыя сяброўскія адносіны і з богам і з чортам. І мне здаецца, што яны не вераць у тое і ў другое. Уголас я гэтага не скажу — надта смярдзіць на зямлі смаленым.
Я не бачыў больш незласлівага, лагоднага і кампанейскага народа. І я не бачыў горшых паноў, чым тыя, што стаяць над ім. Яны ўзялі горшае ў Літвы і шляхты, не паквапіўшыся на іх дабрачыннасці і згубіўшы свае.
Каб я быў тутэйшым каралём, маё царства было б даўжэйшым за евангельскае. Тутэйшым людзям мала трэба: толькі штодзённая луста хлеба з салам, гарэлка на свята. І яшчэ дабрата. Калі з імі добры — яны зробяць усё. Нават калі не будзе сала і гарэлкі, толькі павага.
А тыя, хто пастаўлены над імі, — бедная дзяўчынка, бедныя шэрыя вочы! — тыя, хто пастаўлены над імі воляю Сатанііла, па неразумнасці і карысталюбству свайму даўно пазбавілі іх павагі, а цяпер адбіраюць хлеб і дрыжаць у замках, выдаткуюць у сто разоў больш на нямецкіх, шведскіх і вергерскіх наёмнікаў, бо свае не хочуць іх абараняць.
Я, вядома, не кажу пра швейцарцаў. Паноў на тое і стварылі, каб даць нам хлеб надзённы, калі ўжо яго не могуць на даць нашы ледавікі.
Ах, зямля ты, зямля, чужая і ўсё ж як быццам ужо трошкі і свая! Не да ладу, не да ладу нешта на табе. І, верыцца, хутка тут усё затрашчыць.
Я перавярнуўся на спіну і зноў непракметна стаў думаць па-іхняму. Спахапіўся і пакінуў: ленаваўся. Ды пра такое па-нашаму і нельга падумаць.
Цяжкія ішлі часы. Развялося шмат жабракоў, юродзівых, разбойнікаў. Агнявыя слупы гулялі ў небе, чаго зроду не было.
І ўціск рос, і голад дзяцей, і ганьба дарослых. І ў гэтыя цяжкія гады сталі людзі верыць у такое, ад чаго раней адхрысціліся б і забылі.
Беларусы чакалі прыходу мужыцкага Хрыста. Яўрэі — Месію з Турцыі. Першыя ведалі, што мужыцкі Хрыстос ужо тут, ды пакуль не аб’явіўся. Ведалі, што ўжо і конь яму расце ў мужыцкай хаце — пакуль яшчэ жарабя, белы, а вочы, грыва і хвост залатыя. І хтосьці яго ўжо бачыў і балбатаў аб гэтым у карчме.
— Хутка паедзе, чака-айце. Калі толькі антыхрыст раней не прыйдзе.
Антыхрыста таксама можна было чакаць. Надта ўжо вялікім стала няшчасце, надта злымі сталі людзі.
Нездарма слупы гулялi.
А яшчэ тады ж адбываліся незразумелыя падзеі. У Магілёве, як і на ўсёй прасторы Белай Русі і Літвы, невядома хто і як ставіў нечытальныя пісьмёны чырвонага колеру па цэрквах і касцёлах і другіх будынінах вышыні ў некалькі сажняў, куды існаму не дастаць, і ў замкнёных скрынях; таксама незразумелым чынам былі астрыжаны авечкі, у мужчын бароды, а ў жанчын — косы і іншае.
Iшла цемра.
Непрасвяцімая.
- Гэтаму дзіву дзівіўся і я: ніколі не бачыў такой вялікай кучы каменняў.
- Замкавых вартаўнікоў і бамбардных майстраў.
- Шнураваная жаночая вопратка.
- Найбольш радавітая частка магнацтва.
- Кароткі меч.