Старая казка

Вясною, ледзь пабеглі ручаі і падзьмуў халодны вецер, падчас якога выпускае сваё лісце дуб, прачнулася ў дупле старой ліпы дачка ляснога цара. Пацягнулася соладка і прыпомніла адразу, што зноў усё лета пройдзе ў яе без кахання. Моцна вартуе яе лясны цар, і няма вакол нікога, каму б магла яна цёплае слова сказаць, чорнымі косамі шыю абвіць, пацалаваць у ружовыя вусны. Не зноў жа на аленях усё лета ездзіць. Засумавала, наліліся ў яе слязьмі прыгожыя вочы.
А ў гэты час далёка і блізка-блізка жалейка пастухова запела. Пяе жалейка, і вось расчыняюцца на дрэвах пупышкі, ручаі хутчэй бягуць, «сон» махнаты і пралескі заквятаюць.
І бачыць лясная царэўна пастуха. У яго вочы блакітныя, валасы на спіну спадаюць, цераз плячо гулкая пуга звесілася, кашуля белая на плячах, а на нагах стракатыя поршні.
Вось падыходзіць ён да яе, у вачах яго, як ласка, неба блакітнае. Спявай, жалеечка! Абняў ён яе і панёс з лесу на паляны светлыя, на зялёныя палі. У вусны яе цалуе, косы расчэсвае, сплятае на іх вянок. Каралева мая майская! — кажа. А там паўсюль святло і сонца, не тое што тут, дзе ўся зямля на аршын заімшэла і ваўкі бегаюць, даўлячы мухаморы махнатымі лапамі. Да сонца! Да людзей!
Спявае, спявае жалеечка, нясецца з ветрам у твар лясной царэўне спеў кахання, і, як зоры, чырвоныя кветкі на галінах расчыняюцца.
Але ўсё далей і далей гукі: мусіць, абыходзіць статак. Вось і апошні водгук жалейкі з ветрам здалёку данёсся.
Працягнула царэўна насустрач ветру ломкія рукі…
— Мілы мой! Каханне маё!

Аўтограф захоўваецца ў Літаратурным музеі Якуба Коласа, ф. 110 (1952 — 1954 гг.).
Пры жыцці пісьменніка не друкавалася.
Упершыню — у кн.: Караткевіч У. Вясна ўвосень: Казкі / Укладальнік У. І. Карызна. — Мн.: Юнацтва, 2000.
Набор зроблены па тым жа выданні. — С. 76 — 78.