Трошкі далей ад Месяца — Карціна першая

Драма ў чатырох дзеях, шасці карцінах

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

Багуслаўскі Алесь Пятровіч — галоўны архітэктар горада.
Ганна Вадзімаўна — яго жонка.
Сяргей — студэнт 1-га курса філалагічнага факультэта.
Янка — хлопчык дзевяці год.
Наташа Яскевіч — знаёмая Сяргея.
Альжбета — старая нянька ў доме Багуслаўскіх.
Вярыга Максім Канстанцінавіч — стары сябра Багуслаўскага.
Бяскішкін Авяр’ян Аркадзевіч — знаёмы Багуслаўскага.
Любоў Трахімаўна — яго жонка.
Анэля — аднакурсніца Сяргея.

Дзея адбываецца ў невялікім, але і не малым горадзе, на працягу чатырох дзён.

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
КАРЦІНА ПЕРШАЯ

Кухня ў кватэры Багуслаўскага. Дзверы, справа, вядуць у другія пакоі. Газавая пліта. Шафа для пасуды. Стол. Іншыя кухонныя прылады. Але сёння ў кухні змены: пасярэдзіне пакоя стаяць дзве раскладушкі. На адной спіць Сяргей, на другой — Янка. Раніца. У вялікае акно прабіваюцца першыя праменні зімняга сонца. Ружавеюць марозныя ўзоры на шыбах.

Сяргей (узнімае з падушкі ўскудлачаную галаву і аглядаецца). Спяць усе. Мароз. Сонца. (Пазяхнуў.) «На акне, сярэбраным ад інею, быццам хрызантэмы расцвілі». (Апускае галаву на падушку. Хвіліна маўчання.) Янка! Янка! «Ўставай, лайдак, маліся Богу».

Янка не чуе.

Уставай, пракляццем катаваны,
Паўстань, хто з голаду век пух.

Янка варухнуўся і схаваў галаву пад падушку. Сяргей спявае яшчэ галасней:

Кіпіць наш разум збунтаваны,
Няволі кліча рваць ланцуг.

Янка маўчыць, і тады Сяргей кідае ў яго падушкай.

Янка. Ну, Сяргей, ну, пакінь… Чаго ты?

У Янку ляціць другая падушка.

Сяргей. Уставай, вісус.

Раззлаваны Янка ўзняўся і кідае падушку ў Сяргея. Пачынаецца запеклы бой падушкамі. Зазвінела пасуда ў шафе.

Цс-с-с.

Усе падушкі ў Сяргея.

Янка. Сяргей, аддавай падушку.

Сяргей. Хадзі сюды. Я цябе мучыць буду.

Янка ўстае і ў адной сарочцы, босым, перабягае па падлозе да Сяргея.

Янка. С-с-а! Цёпла ў цябе… Чаго ты, свінтух, спаць не даеш?

Сяргей Янка, ты ў сне хамхамхіну не бачыў?

Янка. Гэта хто?

Сяргей. Стра-ашная такая! Вось такая!

I раптам кідаецца на Янку і пачынае кусаць яго. Валтузня. Янка вішчыць. I раптам з-за дзвярэй голас Альжбеты.

Альжбета. I што гэта за залатая рота? Бандысты нейкія!

Сяргей. Цс-с!

Абодва замерлі.

Альжбета. Заціхнулі, як мыш пад венікам. Ціха! (Бурчыць нешта.)

Янка (ціха). Гэты, з-за якога нас на кухню выставілі, гэта стары знаёмы бацькі? Нешта я яго ніколі не бачыў.

Сяргей. Мгм. I я нават не бачыў.

Янка. Яшчэ па грамадзянскай?

Сяргей. Ага. Ім тады па шаснаццаць год было, а яны ваявалі. Максім Канстанцінавіч нават палком камандаваў. Як Гайдар.

Янка. Гайдара чыталі, як жа… А што, нельга было ў гасцінай нашы ложкі паставіць?

Сяргей. Яны, брат, ведаюць, што мы раніцай такі вэрхал падымем, што мёртвыя прачнуцца.

Альжбета (уваходзячы ў кухню). Завяліся з раніцы. На малым шкура гарыць, а дарослы вялікая бамбіза і дурная як бот.

Сяргей. Альжбеце Францаўне маё віншаванне. Дазвольце пані ў рончку плюснуць.

Янка. Бабулечка мая! Нянечка! Пагавары са мной.

Альжбета (усміхаецца). Як?

Янка. Скажы: «А на табе, дзетачка, аладачку».

Альжбета (смяецца). Ох ты, каток мой. Уставайце, мае галубочкі. Усё зараз будзе. Мыйцеся чысценька, прыбірайце ложкі.

Хлопцы ўстаюць, апранаюцца.

Альжбета Толькі ціха. Госць яшчэ спіць, здарожыўся. Далёкі ў яго быў шлях, вельмі далёкі. Трошкі далей ад месяца, трошкі бліжэй ад сонца.

Сяргей выносіць ложкі. Янка пачынае ўмывацца. Альжбета канчае ўкладваць валасы, яшчэ густыя, каштанавыя.

Альжбета Шмат год не бачыліся. Шмат. А хутка яму зноў — на колы.

Сяргей чысціць зубы.

АльжбетаДосыць табе, Янка, пялёскацца. Блішчаць занадта будзеш. Сарока ўкрадзе… Учора табе, Сяргей, твая халтама званіла. Казала, што сёння прыйдзе.

Сяргей. Анэля Шыцік?

Альжбета. А шыцікі яе ведаюць. Ну, тая, што на сноп падобная.

Сяргей. Анэля.

Альжбета завіхаецца каля рукамыйніка. Потым падыходзіць да пліты.

Янка. А што абяцала ўчора расказаць, бабуля?

Альжбета. Вечарам. Пра хлопчыка з кажушанага рукава.

Янка. Хоць пачні зараз, ці што. А то ў мяне ад цікаўнасці апетыт знікае.

Альжбета (робіць розныя справы і адначасова распавядае). Дык вось, трошкі далей ад месяца, трошкі бліжэй ад сонца…

Янка. Там, адкуль Вярыга прыехаў?

Альжбета. Ну, не зусім там… жылі сабе дзед і баба. I нарадзіўся ў іх хлопчык. Кумы ўзялі дзіця і павезлі яго хрысціць у царкву.

Янка. Што такое «хрысціць»?

Альжбета. Ну… ты гэта не разумееш. Быў такі абрад. Яны ахрысцілі хлопчыка, паклалі яго ў рукаў кажуха, каб не замерз, і паехалі дамоў.

Сяргей выцягнуў з кішэні фотакартку і разглядае яе. Альжбета глядзіць на гэта здалёк.

Альжбета. Наташа не абяцала сёння зайсці?

Сяргей. Не ведаю.

Янка. Далей, бабуля.

Альжбета. Яны былі трошкі п’янаватыя і не заўважылі, што дзіця выслізнула з рукава і засталося ляжаць на снезе. Адно. На волю зіме. А была сіняя месячная ноч.

Сяргей. Сіняя месячная ноч… Там каралевы не было, бабця?

Альжбета. Прыйдзе з часам і каралева… Ехаў той дарогаю госць і пабачыў, што ў яры гарыць ружовы агеньчык, свечачка. I ляжыць на снезе, на разгорнутых пялёнках, дзіця і не мерзне. А на куст над яго галавою нехта павесіў блакітнае пакрывала.

Ганна Вадзімаўна (уваходзячы ў пакой). Добры дзень, Альжбета. Добры дзень, дзеці.

Янка. Бабця, далей.

Альжбета. Потым даскажу… калі не будуць на табе рогі расці. Сняданне гатова, Ганна.

Ганна. Добра. Абед буду рабіць сама. Што б такое для Максіма Канстанцінавіча прыдумаць?

Альжбета. Бульбы.

Ганна. Жартуеш.

Альжбета. А ты пасядзі без бульбы год, без сапраўднай, тады скажаш, жартую я ці не. У бульбе сырой выражам сяродку, фарш зробім з грыбкоў, цыбулі, перцу, начынім, запячэм і пад смятанай на стол. Язык праглынеш. I да гэтага халодную гарэлачку.

Уваходзіць Вярыга з ручніком.

Вярыга. Добры дзень. Для каго гэта халодную гарэлачку?

Альжбета. Для цябе, бацюхна. Пад бульбу. Ды яшчэ каўбасу смажаную, хатнюю вяндліну. Здарожыўся ты…

Вярыга. Здарожыўся. На ТУ—114 дзень. Ды ў мяккім купэ суткі. Вялікая дарога!

Альжбета. А ты смяшочкі кінь. У цябе ўсё жыццё — дарога. Не малады.

Сяргей і Янка выходзяць.

Вярыга. Вялікі перапынак быў у гэтай дарозе, бабуся.

Альжбета. Ну хопіць, хопіць.

Вярыга. Як Алесь, Ганначка? Нешта ён… не такі.

Ганна. I мне, Максім, не падабаецца мой Алесь. Ён і наогул прыціх пасля гісторыі з табою. А гады чатыры таму — як здарылася з ім нешта. Стаў снулы, як рыба.

Вярыга. Ён? Рыба? Кавалерыст былы — рыба? Летуценнік — рыба? Кінь глупства, Ганна!

Ганна. Я і сама яго не пазнала, як ты прыехаў. Вочы гараць, смех малады. А раней… (Махнула рукою.). Лепей скажы, як у цябе.

Вярыга. Завод вялікі. Дыхнуць няма калі.

Ганна. Што ж ты адразу не прыехаў?

Вярыга. «Адразу» — работу прапанавалі. А я так знудзіўся па працы — смецяром пайшоў бы, не толькі дырэктарам.

Ганна. I перспектывы якія?

Вярыга. Дзе праца, там і перспектывы. Ёсць чуткі, што перакінуць на Беларусь.

Ганна. I як ты?

Вярыга. Буду працаваць. Гэта шчасце — праца.

Ганна. Другі раз не ажаніўся?

Вярыга. Позна, дарагая. Месяц таму стукнула мне пяцьдзесят шэсць год, і з гэтай прычыны велій шум учыніўся і многае піццё прайсцякло.

Ганна. Ты б памірыўся з ёю. Яна з гэтым, другім, разышлася. Дрэнь чалавек.

Вярыга. Я не злапамятны. Гераізму ад жанчын не патрабую. Магла не чакаць мяне, не такая ўжо я цаца. Але ніколі я ёй не дарую, што яна маю дачку ў чужыя рукі аддала. I згубіла з вачэй.

Ганна. Мы спрабавалі шукаць. Не знайшлі.

Вярыга. Куды там. Вайна.

Ганна. I далей як?

Вярыга. Буду жыць. Вазьму дзіця на выхаванне. Будзе з яго сапраўдны чалавек — не цюця якая-небудзь. А гэтага… я адшукаю. Проста каб паглядзець у паганыя вочы.

Альжбета. Што ён там напісаў хоць?

Вярыга. Што я хацеў аддаць Далёкі Усход японцам.

Альжбета. А Божа ж мой. Дык ты, бацюхна, хоць сапраўды не аддавай яго. Пашкадуй людзей.

Усе зарагаталі.

Альжбета. З-за таго, што на вяселлі жаніха пабілі, — ніхто яшчэ не скажа, што вяселле дрэнная рэч.

Вярыга. Родная вы мая. Я так і думаю.

Сяргей (прыносіць на руках Янку). Іх вялікасць зусім гатовы да прыняцця ежы.

Вярыга. Ну дык як, Сяргей, напісаў двухтомную працу аб часцінках «мы» і «ны» ў старажытнаславянскай мове?

Сяргей (ставіць Янку на падлогу). Напісаў. У трох тамах. Трэці том — каментарыі і слоўнік. Падлічыў, што «і» сустракаецца ў кіеўскіх глагалічных лістках 75 тысяч 842 разы. «I з’явіўся Іван. I Пётр з’явіўся. I жаніх быў з імі, і ўмашчаныя былі валасы яго».

Вярыга. Малайчына. У восемдзесят год будзеш акадэмікам.

Сяргей. Раней. У семдзесят восем год.

Вярыга. А ў вобласці навук мусікійскіх адукуешся?

Сяргей. Адукуюся.

Ганна. У кансерваторыі хваляць.

Сяргей. За кансерватызм. Напісаў санату, а потым выявілася, што Бетховен сто трыццаць год таму напісаў менавіта такую ж.

Ганна. Не хлусі. Прафесар што пра яе сказаў?

Сяргей. Яму сто год, прафесару.

Альжбета. Дык ты нясі, Ганна, усё ў сталовую.

Вярыга. А навошта? Мы і тут паснедаем. Цяплей. I цягаць недалёка. Ану, Сяргей, дапамагай на стол накрываць.

Альжбета, Ганна і Сяргей накрываюць на стол. Янка стаў перад Вярыгам.

Янка. Вы Вярыга?

Вярыга. Я Вярыга.

Янка. А чаму я вас не бачыў?

Вярыга. Гэта, брат, добра, што ты мяне не бачыў.

Янка. А вы герой? Вы ваявалі? Фашыстаў білі?

Вярыга. Фашыстаў не давялося. Паноў біў, белых біў. Не герой.

Ганна. Янка, адчапіся ад чалавека.

Янка. А наш татка ого які герой! Нават фота ёсць, на кані. У яго і рэвальвер ёсць. Не ведаю толькі, дзе зараз. Чорны такі. I залатая пласцінка.

Альжбета. Не плявузгай глупства! Дзе ты яго бачыў?

Вярыга (на вуха Ганне). Хіба ён нічога з ім не зрабіў?

Ганна (таксама ціха). Шкада, Максім. Помніш, ледзь вы вырваліся з абкружэння і адразу самі напалі. Тады табе яшчэ чырвоны сцяг далі.

Вярыга. А Алесь палкоўніка ў палон узяў. Ягоны рэвальвер. Асабісты падарунак Дзянікіна. (Засмяяўся.) Вядзе яго Алесь, а той крычыць: «Дажывеш да таго, што мая зброя ў вашых жа паліць будзе».

Усе сядаюць за стол. З’яўляецца Алесь Багуслаўскі.

Алесь. Старой гвардыі — прывітанне. Заспаў я сёння… Здароў, Сяргей.

Вярыга. А ты больш спі. Я ўсё з’ем.

Алесь. Ды я толькі хапну чагосьці на зуб і пабягу. Работа. Ты даруй. Заўтра нядзеля, будзем з табой хадзіць, дзе захочаш.

Некаторы час чуцен толькі звон відэльцаў.

Вярыга. Як у цябе справы, старык?

Алесь. Справы? Справы… добрыя. Заняты вельмі. Ні хвіліны вольнай.

Вярыга. Таму і пытаю. Калі чалавек ні хвіліны вольнай сабе не пакідае, гэта значыць, што ён або вельмі працавіты, або… точыць яго нейкі чарвяк.

Алесь. Жыццём я задаволены. I ўсё ж… многа б я даў, Максім, каб другую палову жыцця іначай пражыць.

Вярыга. Раскажаш потым. Ты чаго гэта сяброў забываеш? Я табе пазваніў некаторы час таму. Сядзеў на перагаворнай, сядзеў. Аж мне паненка кажа: «Абанент на выклік не з’явіўся». Абанент ты пасля гэтага, эмпірык і паўзучы дуаліст.

Альжбета. Ён якраз тады на цэлы дзень знік з дому. Машыну купляў. Я яго пасля гадзіну лаяла.

Вярыга. I варта было.

Алесь. Не слухай ты іх усіх. (Устае.) Прыглядайся пакуль што да ўсяго. Я табе ўсё-ўсё раскажу. Ведаеш, часам бывае цяжкавата.

Сяргей. Хутка вернешся?

Алесь. Напэўна, не. А ты не чакай мяне, старык. На падлёдны лоў дні праз чатыры паедзем. А зараз бегай, язык высалапіўшы. Вакацыі ж. Дык ты з дзяўчатамі, з сябрамі. Грошы ёсць?

Сяргей. Мала.

Алесь. На вось пакуль што. I вазьмі мой кітайскі гальштук. Будзеш па вуліцы ісці, а дзяўчаты будуць: «Рэгардэ, ма шэр, сястрыца, кель жолі гарсон ідзе». (Паклаў руку яму на лоб.) Эх, сынок… Бывайце.

Багуслаўскі пайшоў.

Ганна. Ну вось, бачыш. Ён стаў нервовы, рассеяны.

Вярыга. Непрыемнасці якія-небудзь. Глупства.

Альжбета. Калі непрыемнасць цягнецца год, дык гэта страхоцце, а не непрыемнасць.

Янка. Я паеў. Я на вуліцу пайду.

Вярыга. Дык ты ўжо ўклаў? Апці-іт.

Янка ўходзіць. Маці праважае яго.

Вярыга. А Сяргей нешта ў гароху застаўся. Чаго гэта ты?

Альжбета. Пра паненак думае.

Сяргей. Якіх паненак, бабця? Сорам табе.

Альжбета. А пра тых, чыё фота ў цябе ў кішэні.

Сяргей. Гэта не паненка. Гэта Наташа.

Ганна (уваходзячы). Там да цябе Наташа.

Сяргей. Ты запрасіла яе снедаць?

Ганна. Запрашала, не хоча.

Сяргей устае і ідзе да дзвярэй. Ганна выходзіць за ім. Альжбета і Вярыга п’юць чай.

Вярыга. Што за дзяўчына?

Альжбета. Сябруюць з Сярожкам. Добрая дзяўчына, нічога не скажаш.

Вярыга. Дык што, вяселле? Хацеў бы я паглядзець, якая з вас свацця будзе?

Альжбета. Аты паглядзі. Нешта я табе забараняю? Вось такая была б. (І раптам твар яе робіцца хітрым і дурным адначасова, вусны складваюцца ў саладзенькую ўсмешачку.) Справіла, бацюхна, я вяселле. Ледзь жывая засталася!

Вярыга (уключаецца ў гульню). Што так, матухна?

Альжбета. I вянчанне-та было на здзіўленне дзівоснае: народу ў царкве чалавек сорак альбо тышчу.

Цяпер абое нават чай пачалі піць прысёрбваючы, са сподкаў.

Альжбета. А нявеста, як ангеліца, уся ў белым: сукенка белая, туфлі белыя, валасы белыя.

Гульня, відавочна, дастаўляе абаім задавальненне.

Вярыга. А ў валасах грабеньчык, матухна. З каменнямі.

Альжбета. Так і свеціць, так і паліць!

Вярыга. Так свеціць, так паліць — аж пярэднія некаторыя распранацца пачалі.

Альжбета. А жаніх, як скапідон, увесь у чорным: вопратка чорная, валасы чорныя… морда чорная.

Вярыга. А за сталом-та, любая, за сталом як?

Альжбета (важна). А за сталом саджалі па плепорцыі. Каго на адным крэсле, каго — на двух, а маці-пратапопшу ледзь на трох усадзілі.

Вярыга (ледзь стрымліваецца). Ну а далей?

Альжбета. А далей прыйшла я да скапідона раніцой. А ён гойсае па пакоі, аж падцяжкі ззаду свішчуць. Паверыце, я жанчына кволая. Як кінуўся да мяне, як дасць у каршэнь, дык я праз галаву дваццаць чатыры прыступкі пералічыла.

I тут абое не вытрымалі, разрагаталіся. Вярыга абняў Альжбету.

Вярыга. Мне як шчасце ўяўлялася, што я буду калісь з нейкай сваёй бабуляй размаўляць: чысценькай, разумнай, хітраватай, добрай. Але сваццяй вы ўсё ж не былі.

Альжбета (расчулілася). Ах, бацюхна, хіба ў гэтым справа? А размову ж падтрымаць трэба. Ты невясёлы нешта сёння.

Вярыга. Невясёлы. Нейкае ў мяне такое прадчуванне, бы ў сабакі.

Альжбета. Ой, дарагі ты мой, не кажы. I ў мяне таксама. Не той Алесь Пятровіч. Што з ім — не ведаю, але не той. Весялосці, шчырасці, чысціні не стала ў доме. Адны толькі дзеці. Янка смяецца, Сярожка за дзяўчатамі пачаў упадаць — мне, старой, і лягчэй на сэрцы.

Паўза.

Альжбета. Знаёмыя Алеся нейкія не такія, як раней, калі ты быў. Ёсць тут такі Бяскішкін Авяр’ян Аркадзевіч. З жонкай. Няпэўны чалавечак. Падараваў нядаўна Алесю кітайскую вазу. I на ёй такая брыдота: яшчарка з шасцю нагамі. Я сказала, што ў сталовай гэтаму яшчуру не месца — я за апетыт кожнага адказваю… Ну хто з прыстойных людзей яшчура дорыць? Хто?

Вярыга. А можа, мы перабольшваем? Можа, ён нядрэнны чалавек?

Альжбета. Што ты! Яшчур такі, што брыдка за стол сесці. I ногі — вось такія, разлатыя. Цьфу!

3аслона

Яндекс.Метрика