Трошкі далей ад Месяца — Дзея другая — Карціна другая

Абстаноўка другой карціны першай дзеі. Вечар наступнага дня. Камін гарыць. На сцены і вокны кладуцца адбіткі. У крэсле перад камінам Алесь Пятровіч і Ганна Вадзімаўна. Глядзяць на агонь. Янка на дыване, на падлозе, майструе аўтамат. У дзвярах з’яўляецца Вярыга. Ён з марозу, паціскае рукі.

Вярыга. Мароз!

Янка кідаецца да яго з аўтаматам.

Янка. Стой! Мы цябе арыштуем!

Вярыга. Не буду. Дальбог, больш ніколі не буду.

Янка. Спужаўся?

Вярыга. Як жа ж не спужацца, брат. Такі страх! (Ён бярэ Янку на рукі.) Папаўся, брат. Вось я табе пакажу зараз, дзе доктар «ай» жыве. (Сядае з Янкам у другое крэсла.) Гуляў зараз па горадзе і з тваім мужам, Ганна, лаяцца буду.

Алесь. Ёй гэта добра. Эканомія сіл.

Вярыга. Наогул добры горад. Але што гэта ты пабудаваў на плошчы помесь Калізея з сіласнай вежай?

Алесь. А што, думаеш, сілас адной худобе патрэбны?

Вярыга. А Дом Саветаў? Дзе душа? Фу! Яйкавідны купал. Пярэдняя частка зрэзана і зашклёна. Карацей, чыстая геаметрыя: сячэнне парабалоіда плоскасцю, паралельнай восі.

Алесь. А ты, відаць, разважаеш, як пятроўскі баярын: «Багамерзасцем перад Господам Богам усяк, любяй геаметрыю».

Вярыга. I помнік на гонар шасцісотгоддзя горада. Хто гэта прыдумаў? Балван на біцюзе. Хіба так трэба? Ведаеш, як бы я зрабіў? Не біцюга і не балвана, а рог магутнага зруба і на ім чалавек з сякерай. Толькі што сек, а тут выпрастаўся і глядзіць з-пад далоні: ці не ідуць ворагі, ці не час ператвараць сякеру з прылады ў зброю?.. Сярмяга, валасы пад раменьчыкам. Ані кальчугі, ані шлема. Мускулы і палатно.

Ганна. А што, добра.

Алесь. Божа мой, ды пашкадуй ты мяне. Абклалі, як мядзведзя. Ты што, не ведаеш, як нам даводзіцца. Усе разумеюць у мастацтве больш за цябе.

Вярыга. Не пашкадую. На дробязі разменьваешся, Алесь. А я цябе памятаю з такім узлётам, што на тысячу год хапіла б.

Алесь. Годы праходзяць, дружа. Не тыя мы сталі, што раней.

У пакой заходзіць Сяргей. Пакруціўся. Сеў на канапе ў кут. Маўчыць.

Вярыга. I дарэмна. Нам зараз трэба ўсе сілы напружваць. Іншы час, іншыя нараджаюцца людзі. Народ стае такім самадзейным, што проста немагчыма ўявіць сабе іншае кіраўніцтва, не калектыўнае.

Ганна. Раней шмат што залежала ад нянечкі, а яна магла быць рознай.

Алесь. Перабольшваеце, людцы.

Вярыга. Ох, як будзе ламацца інертнасць людзей, Бог ты мой!

Сяргей. (змрочна) Аб адным толькі не думаем.

Ганна. Аб чым?

Сяргей. Будуем, інертнасць не пераадольваем. А хіба будучыня толькі ў гэтым? Будучыня не толькі заводы. Яна — людзі. Як можа быць будучыня, пакуль ёсць шкурнікі, дрэнь дурная, злодзеі, баязліўцы?! Як ведаць, хто сумленны, а хто злодзей, каму верыць?!

Вярыга. На людзях не напісана «я чалавек», як на нягодніку не напісана «я нягоднік, чыноўніцкая душонка, злодзей». На іх напісана толькі тое, што першыя годна маўчаць і працуюць, а другія вякаюць, як кот у плоце. Таму працуй, не вякай і сам разбірайся.

Ганна. Сярожанька, чаго ты бушуеш? Іх не так і многа.

Сяргей. А я не хачу з імі агульнае мець. Не хачу жыць з імі ў адным… стагоддзі.

Алесь. Цябе ніхто і не прымушае. Не жыві.

Сяргей асекся. Потым павольна пайшоў з гасцінай.

Ганна. Што ты робіш! З ім робіцца нешта вельмі дрэннае, а ты — так…

Вярыга. Не смей яго так, Алесь. Ён ільдзінка, ён чысты.

Алесь. (глуха) Я люблю яго, Максіме. (Паўза.) Ты ведаеш, на каго ён намякаў? На мяне. Я сапраўды, не той, што быў, і хлопчык гэта заўважае.

Вярыга. У чым справа?

Алесь. А ты ўсё той самы. Прашу, каб не ўмешваўся, — не дапамагае. Ты малады.

Вярыга. Я занадта доўга не ўмешваўся, у мяне мала часу. Зараз я павінен жыць, умешвацца, дапамагаць, перашкаджаць… Але хопіць. У чым справа?

Алесь. Ох, ну добра, слухай. Пачалося ўсё з тваёй гісторыі. Ты сеў. Я не хлушу перад табой, я думаў: так і трэба.

Вярыга. Ты і не мог думаць іначай.

Алесь. Хоць мне было цяжка. Так цяжка, як быццам ударылі па маёй маладосці. Я верыў табе. I я не ведаў, каму верыць.

Ганна. Гэта тады, як ты ў Іспанію прасіўся?

Алесь. Так. З гэтым — не атрымалася. Я жыў, я прывык да сваёй думкі, да жыцця, да ўсяго. А потым выявілася, што ты меў рацыю, што я вінен перад дружбай, перад табой, перад сваім сумленнем. Яшчэ раней я вырашыў жыць для сябе. Што праўда? Дзе яна? Хто бачыў яе? А тут я канчаткова пераканаўся, што я раблю правільна. I я стаў абыякававым да ўсяго.

Вярыга. Дняпро пераплыў, а на беразе ўтапіўся.

Алесь. I вось сын кідае мне ў вочы дакор.

Вярыга. З-за гэтага Сяргей не будзе дакараць. Больш нічога не было.

Алесь. Больш?.. Нічога.

Вярыга. Я слухаў цябе. Я далёкі ад таго, каб лаяцца. I ўсё ж ты дурань. Вакол цябе было столькі сапраўдных людзей — варта было руку працягнуць. Мы — дзівосны народ, бо не згубілі сябе, нягледзячы ні на што.

Алесь. Таму мне і сорамна.

Вярыга. Ну, хопіць пра гэта. Трэба працаваць. Ох, як трэба працаваць.

Уваходзіць Альжбета.

Альжбета. Есці ідзіце. Чорт ведае што за народ пайшоў. Няма таго, каб закусіць перад вячэраю, каб уначы ўстаць ды пад’есці. А гэта ж усё здароўе! Інфаркты нейкія з’явіліся, каб іх.

Усе пайшлі. Некаторы час сцэна застаецца пустой. Потым у пакой заходзіць, прапускаючы перад сабой Наташу, Ганна Вадзімаўна.

Ганна. I гэта канец? Вы палаяліся?

Наташа. Не зусім, але гэта страшна.

Ганна. Што рабіць? Што з ім робіцца? Ён унікае Альжбеты і Янкі, не хоча гаварыць са мною. У яго страшныя вочы, калі ён глядзіць на бацьку. Я думала, можа, ён хоць з табою ранейшы.

Наташа. Не. Ён не верыць мне. Ён зусім, відаць, не хоча бачыць мяне.

Ганна. Сёння яны пасварыліся, бацььа сказаў яму «не жыві». У мяне так упала сэрца. Ён і так як не жывы, Сярожа. (Плача.) У яго мёртвыя вочы. Я не ведаю, хто ўратуе яго, калі гэтага не можа маці?

Наташа. Вы так і не ведаеце, ад чаго трэба ратаваць Сяргея?

Ганна. Не ведаю, але ён стаў з бацькам такі страшны.

Наташа. А я ведаю. Адзін чалавек з’явіўся сёння раніцай да мяне на работу і выклаў усё. (Усміхаецца.) Я даўно чакала гэтага візіту. Я ведала, што гэты чалавек прыйдзе. Ён не разлічыў удару. Дык вось, выявілася: Сяргею сказалі, што Алесь Пятровіч удзельнічае ў хаўрусе, які бярэ хабары.

Ганна.Што-о? Якая подласць!

Наташа. (ціха) Гэта праўда, Ганна Вадзімаўна.

Ганна. Што вы кажаце, Наташа? Як у вас язык…

Наташа. Яму далі доказы. Няўжо вы думаеце, што іначай Сяргей паверыў бы?

Ганна. Так, так. Гэта праўда. Іначай бы не паверыў… Наташачка, што ж гэта?

Наташа. Сяргей… яму вельмі цяжка. Мне няма ніякай справы да Алеся Пятровіча, я не ведаю, праўда гэта ці не праўда. Але я ведаю, што без Сяргея я не магу.

Ганна. I ты яму зараз вельмі патрэбна. Ідзі да яго, дачушка.

Наташа. Я не яго буду ратаваць, я — сябе. Я не святая. Ахвяры мне чужыя. Але скарацца перад лёсам, бяссільна слухаць яго рогат? Ну не. Пакуль сэрца б’ецца, я не хачу аддаваць яму нічога з таго, што павінна быць маім.

Ганна. Ён зараз прыйдзе, пачакай яго тут.

Пайшла Ганна. Наташа некаторы час моўчкі глядзіць у агонь. Уваходзіць Сяргей.

Сяргей. Наташа? Ты ўсё ж з’явілася. Дарэмна.

Наташа. З’явілася. I ты мяне вельмі добра сустракаеш.

Сяргей. Іначай не магу. Прабач.

Наташа. Значыцца, усе свае словы, усе дзеі — усё было непатрэбна? (Паўза.) Сярожа, няўжо так лёгка ўсё забываецца? Гэта памятаю не толькі я. Гэта памятаюць сцены, рэчы, шафа. У іх таксама ёсць памяць.

Сяргей. А ў мяне няма памяці. Яна непатрэбна. Усё гэта было тады, калі я быў зусім другім чалавекам. I свет быў другім: празрыстым, ясным, вельмі добрым і чыстым.

Наташа. Ён і зараз такі.

Сяргей. Ён страшны. За прыгожымі словамі — свінскія ўчынкі. Рыла разгадаванага мешчаніна.

Наташа. I ты з-за гэтага так лёгка адмаўляешся ад мяне? А ты думаў, што я цябе кахаю?

Сяргей. Мяне нельга кахаць.

Наташа. I ўсё ж я цябе кахаю. Што можа прымушаць цябе быць такім жорсткім? Якія прычыны могуць адштурхнуць цябе ад мяне?

Сяргей. Не прымушай мяне казаць праўду.

Наташа. Ёсць адзіная праўда: я кахаю цябе.

Сяргей. (выбухнуў) А тое, што я сын злодзея, махляра, — гэта ты ведаеш? А ты ведаеш, якія памыі будуць ліць на нашу галаву? А ты ведаеш, што ніхто не паверыць мне?

Наташа. Я ведаю. Анэля мне сказала.

Сяргей. Шкада, што я сам не паспеў сказаць.

Наташа. Таму я і маўчала. Хацела даць табе гэту магчымасць. Іначай ты ніколі не дараваў бы мне.

Сяргей. I табе быць зараз са мной? Табе, перад якой я хлусіў.

Наташа. Ты не адказваеш за чужыя грахі.

Сяргей. Я еў крадзены хлеб. Гэтага досыць, каб ніколі не паважыць сябе.

Наташа. Гэта значыць толькі тое, што ад гэтага хлеба трэба адмовіцца. Краў не ты.

Сяргей. Грахі бацькоў — мае грахі. Ён — гэта я. Я зараз усё ненавіджу: кнігі, музыку, цябе. Усім гэтым я займаўся на крадзенае.

Наташа. З горам сваім носішся? Хіба гэта па-мужчынску?

Сяргей. Мужчына я ці не мужчына — гэта я хутка давяду. Але зразумей і ты мяне. Усё, чым я жыў дагэтуль, што лічыў сваім, — усё гэта фальш. Любоў бацькі да мяне, шчасце маці і Янкі, бясхмарныя апошнія дні Альжбеты, мая будучыня, мае мары — усё будавалася на хлусні.

Наташа. Сяргей, ты ўсё ж любіш мяне.

Сяргей. Я цябе не люблю.

Наташа. Тое, што ты мне сказаў, не можа быць падставай для разрыву. Калі сапраўды кахаеш. Я не хачу цябе пакрыўдзіць. Ты вельмі добры — я ведаю. Але мае думкі, трывогі, — чаму ты аб іх не думаеш? Чаму не думаеш, — як цяжка мне?

Сяргей. Кожны здыхае сам-насам. Кампанія для гэтага — без патрэбы.

Наташа. Громкія словы… Сярожа, ты ўсё адно лепшы за ўсіх. (Устае і сядае да яго.) Якія мне справы да таго, што яны скажуць, якімі вачыма паглядзяць? З табою мне паўсюль будзе добра. Ты светлы. У цябе разумны лоб, прамыя вочы. З табою — хоць у багну. Я ж буду ведаць, хто ты.

Сяргей. Я не хачу, каб ты… у багну. I што мне да таго, што ты будзеш ведаць.

Наташа. Сярожа, харошы мой.

Сяргей. (амаль у непрытомнасці) Я не хачу! Пакінь мяне і ніколі, ніколі больш… Я не люблю цябе.

Наташа. Сяргей!.. Добра, Сяргей. Ты прыцярпіся, звыкні. Я абавязкова буду поруч.

Сяргей. Кожны здыхае сам-насам. Ідзі.

Альжбета. (у дзвярах) I крычыць, і крычыць. Няўжо гэта нельга ціха? Сярожа, там да цябе гэтая халтама.

Сяргей. А, Анэля. Ну што ж, чым горш, тым лепш.

Наташа. Ёй нельга сюды. Зрабіць дому такое — і яшчэ прыходзіць.

Сяргей. Які дом, які сын гаспадара — такія і госці.

Альжбета. Хадзем, Наташачка, пакуль да мяне. Хай ён сабе тут, дурань, адзін куражыцца. Э-ех, Сяргей. Разумны ты, а галава ў цябе дурна-ая, накшталт гарбуза на градзе… За такія адносіны да дзяўчат цябе перад рэвалюцыяй проста застрэлілі б з пісталета на законнай падставе. Бывалі такія выпадкі. (Абдымае Наташу за плечы і ўводзіць яе.)

Сяргей. З пісталета на законнай падставе… I Наташу пакрыўдзіў. Усё ідзе да аднаго. Нават цікава… якой свіннёю можна стаць.

Анэля. (уваходзячы) Адзін. Сумны стары хлопец. Добры вечар, Сяргей.

Сяргей. Добры вечар. Сядай у крэсла. Глядзі на агонь. Маўчы.

Анэля. Сяду. А маўчаць не трэба.

Сяргей. Усё адно нічога разумнага мы не скажам. Будзем лухту вярзці.

Анэля. Caballero, нельга сказаць, каб вы былі ветлівы.

Сергей. Я не іспанскі гранд, каб быць ветлівым. Радаслоўная не тая.

Анэля. Пакутваеш усё. Не думала, іначай маўчала б.

Сяргей. Першую добрую справу зрабіла і шкадуеш.

Анэля. Бачыш, нават ты, Сяргей, праўды не любіш. Эх, дарагі, плюнь. Жыццё такое кароткае. (Устае, ходзіць па пакоі, напявае ціхутка, з мімікай. Сяргей з цікавасцю, як за невядомай жывёлай, назірае за ёй.) На ўсякае глупства звяртаць увагу — некалі будзе жыць.

Сяргей. А што такое «жыць»?

Анэля. Смяяцца, кахаць… і не думаць над рознымі праблемамі. Людзі заўсёды аднолькавыя, і іх не пераробіш.

Сяргей. I далей…

Анэля. Усё было на свеце (Сядае.) Насваволяць людзі, наробяць дурыкаў — катастрофа. А потым зноў пачынаюць развівацца і грашыць.

Сяргей. Вось я і гляджу, што ў цябе паводзіны, як перад патопам.

Анэля. Усё адно ўратуюцца сем пар чыстых і сем пар нячыстых. Ты лепей глядзі, якая ў мяне сукенка новая.

Сяргей. Вузкая занадта. Плаваць нязручна будзе.

Анэля. Нічога, тонуць цяжкія рэчы. А я проста вясёлкавы мыльны шарык. I не хачу іншай быць.

Сяргей. I занадта лёгкі, каб на ім уратавацца.

Анэля. Па-сапраўднаму пакутваеш, Сярожанька?

Сяргей. Каму да гэтага справа?

Анэля. Мне. Цяпер ты ведаеш жыццё. I ведаеш, што розныя там Наташы ў цяжкі момант адступяцца. I толькі тая, хто ўсё даруе, застаецца з чалавекам.

Сяргей. Наташа зараз тут. Ты памылілася — яна не адступіцца. Але на гэта ніколі не пайду я. Розныя ў нас дарогі.

Анэля. Пэцкаць не хочаш? А я нічога такога не баюся. Гэта для тых, хто ўсё падзяляе на белае і чорнае.

Сяргей. I я такі.

Анэля. Бедны асколак. Вельмі кахаеш яе? Не варта. Гонару зашмат.

Сяргей. Я цябе аб адным толькі прашу, Анэля, не руш гэту дзяўчыну. Яна чыстая, яна — светаносная. І не пáра мне.

Анэля. I не пáра нам з табой.

Сяргей. Я і так вельмі абразіў яе. Лішняя прычына для таго, каб не паважаць сябе.

Анэля. Сяргей, як ты ставішся да мяне?

Сяргей. Ніяк. Мая крама зачыняецца.

Анэля. (з раптоўнай шчырасцю) Сярожа, ты яшчэ не ведаеш, як мне балюча за цябе. Ты вельмі ўражаны. Я думала, што ты лёгка прымірышся з усім. Божа, як я памылілася! Каб я ведала, каб я толькі ведала! Няўжо ты думаеш, што я згадзілася б з тым, каб зрабіць табе балюча?! Мне хочацца, каб гэтыя вочы былі заўсёды яснымі, каб рот смяяўся, каб табе было добра… Мне так часта было дрэнна ў жыцці. Я хачу, каб хоць табе…

Сяргей. Такое зычаць толькі добрым людзям.

Анэля. А мне ўсё адно, добры ты ці дрэнны. Ты ёсць ты.

Сяргей. Чаму ты пытала, як я да цябе стаўлюся?

Анэля. Таму што зараз ты не павінен унікаць мяне.

Сяргей. Так, гэта праўда. Ну і што ты сказала б, каб я сказаў, што ты мне… падабаешся.

Анэля. Я сказала б: «Хадзем да мяне, пакінь гэты дом, калі табе ўжо раптам так у ім абрыдла. Будзем разам».

Сяргей. Што ж, ажаніцца?

Анэля. Нашто, проста будзем удваіх. У мяне свой пакой, і бацькам да гэтага няма справы.

Сяргей. I далей.

Анэля. Я ж не трымаю цябе. Хочаш быць са мной — будзь. Не захочаш — дарога вольная. Нам будзе прыемна разам — вось і ўсё.

Сяргей. Не, Анэля, калі нехта прывязвае да жыцця — хай прывязвае на ўвесь час.

Анэля. Як хочаш. Тваё слова — апошняе.

Сяргей глядзіць на яе з вельмі добрай усмешкай.

Сяргей. Дзяўчына, з гэтага нічога не атрымаецца. Ты даруй мне. Ты добрая часам, ты часам нават шчырая. Магчыма, ты самая падыходзячая да мяне ў маім стане. Ды толькі я не магу. Кахаю. I значыць, дарога ў мяне — іншая.

Анэля. Да яе?

Сяргей. Не, да яе мне ісці немагчыма.

Анэля. Усё, атрымліваецца, было дарэмна.

Сяргей. Малайчына, што сказала. Праўда дарэмнай не бывае.

Анэля. Думай, сaballero, усё адно нашы дарогі сыходзяцца.

Сяргей. Гэта праўда, але часам бывае: ідуць-ідуць дарогі і раптам адна знікае. Недзе ў бур’яне.

Анэля. Мілорд, вы непапраўны. Накшталт таго хлопца, які стаў афіцэрам і падаў рапарт: «Не хачу быць Іванам, хачу быть Ягуарам».

Сяргей. Анэля…

Анэля. Што?

Сяргей. У мяне да цябе ёсць просьба. Хутка ты даведаешся, што яна зусім асаблівая. Не такая, як другія.

Анэля. Якая?

Сяргей. Не трэба быць такой. За ўсімі тваімі выбрыкамі страшная самота гуляе з гурбамі. Як вецер па снежаньскім полі.

Паўза.

Анэля. Бывайце, Сяргей Ягуаравіч.

Знікла. Сяргей пахітаў галавою.

Сяргей. Дурненькая. Цяжка табе будзе. Нявесела.

Увайшла Альжбета.

Альжбета. Ну як, пакуражыўся? I з гулёнай сваёй развітаўся? Родную душу знайшоў. Андрэй Кузьме родны Хвёдар.

Сяргей. Як Наташа?

Альжбета. Што табе да Наташы? Плакала дзеўка. Зараз з Вярыгам размаўляе. А ты — ёлуп. I чаго вы шалееце, чаго носам круціце. Як перад пагібеллю. Сэнсу ў галаве яловай зусім няма, адзін бзік.

Сяргей. Францаўна, нічога вы не ведаеце. Цяжка мне, Францаўна.

Альжбета. Усё ведаю, сынок. I ад Наташы ведаю і ад Ганны. Загубіць цябе, Сярожанька, гэта казінае племя — дзеўкі.

Гладзіць яго па галаве. Сяргей рэзка прынік губамі да яе рукі.

Альжбета. Цяжка, ведаю. Дрэнна зрабіў Алесь. Я даўно заўважала. Гэта не на дабро, калі яшчура на шафу ставяць… А ты не судзі бацьку. Не нам людзей судзіць. Пекла няма, але кожнаму яшчэ пры жыцці адплаціцца.

Сяргей. Даруй мне, бабуля, за ўсё даруй. (Устаў.) Не магу я сядзець у хаце. Пайду, прайдуся. На вуліцы пагляджу на будынкі. Снягі такія, шэрань… Трэба наглядзецца.

Выходзіць. Альжбета соваецца па гасцінай, спынілася.

Альжбета. Перашкаджае чалавеку неадукаванасць і дурасць. Каб была разумнай — такое б яму слова сказала, так бы пераканала. Адразу стаў бы вясёлы. (Паўза.) Божа, Божа, судзі ты сам. Дзетак толькі пашкадуй.

Уваходзяць Вярыга і Наташа.

Вярыга. Адна, Францаўна? Сярожа пайшоў? (Сядае за стол.)

Альжбета. Пайшоў.

Вярыга. Падсудны! Не рабіць кіслай міны. Адказвайце лепей, як вы забілі чалавека. Рэчавы доказ — дручок з кулак таўшчынёй.

Альжбета. (усміхаючыся праз слёзы) Нічога я не біў і не забіваў. А што на сенажаці біліся — гэта было. Дык ён на мяне, а я ўзяў танюсенькую хлудзіначку ды даў. А так нікога я не біў і не забіваў. (Заплакала.)

Вярыга. Альжбета Францаўна! Ну што гэта вы? Га?

Альжбета. Нічога, нічога, Максімка.

Пайшла. Вярыга ходзіць па пакоі, яўна ўзрушаны.

Вярыга. Наташа, гэта ўсё праўда?

Наташа. Праўда.

Вярыга. Што ж гэта дзяўчына так жорстка ўсё выклала? Якое ж гэта сэрца трэба мець? I што гэта за парода?

Наташа. Яна не адна такая. Іх многа. I зусім дзяўчаты, і дарослыя. Без радасці сустракаюцца, без гора разыходзяцца, лічаць сябе соллю зямлі.

Вярыга. Я не ведаю іх. I яны мне не падабаюцца.

Наташа. А я пагарджаю імі. Такія здаровыя фізічна і такія жабракі духам, з такой здохлай душой. Яны нічога не ўмеюць — ні працаваць, ні любіць, ні выхоўваць дзяцей, ні, нават, быць шчаслівымі, калі ў іх ёсць усё для шчасця. Яны толькі жанчыны… Не бачыць добрых людзей, усе ў іх дрэнныя, — брыдка чуць. А мэта — пральная і транты. Ды яшчэ любяць пагаварыць пра тое, як лепш зберагчыся, і скардзяцца на мужчын, якія разбэсціліся… Незразумела, няўжо за іх у турмах паміралі, на шыбеніцах? I такія людзі!

Вярыга. Не за іх, дачушка, а за цябе.

Наташа. Калі мне асабліва цяжка, я іду паглядзець на іхнія няшчасці, такія смешныя. I іду ад іх шчаслівая, радуюся, што я не такая. А магла ж быць такой, як крот. Бр-р-р!!!

Вярыга. Не будзь як крот, маленькая. Глядзі. I ніколі не праглядзі чалавека. Гэта Вярыга сляпы стаў, нічога не заўважае. (Паўза.) Нешта, пэўна, усё ж здарылася ў душы.

Заслона

Яндекс.Метрика