У снягах драмае вясна — Частка XIII

На шчасце, усё скончылася добра. Давялося праляжаць тыдзень у бальніцы — і толькі, ды яшчэ засцерагацца некаторы час насіць цяжкае. Доктар, нізенькі, наліты тлушчам чалавек, сказаў толькі:

— Ну, дарагі, нарадзіліся вы, калі сава кугакала, або, як кажуць англічане, са срэбнай лыжкай у роце. Здзіўляюся, вельмі здзіўляюся. Нават грыжы, даруйце, не зарабілі. Вось толькі спіна параненая.

З’яўлялася кожны дзень Алёнка, прыносіла кветкі і тое-сёе са смачнага. Доўга сядзела ля яго, трымала ягоную руку ў сваёй. Прыходзілі студэнты. З’явіўся аднойчы Сяляўка, жывы і здаровы (абышоўся толькі жахам). Сядзеў ля ложка, уздыхаў, хацеў штосьці сказаць і не сказаў нічога.

А за акном біліся вераб’і, спявалі пад ветрам таполі, рухалася сонца. І ўсё гэта называлася шчасцем, асабліва калі яна была поруч, калі адчуваў яе цеплыню, калі схілялася яна над ім і валоссе яе казытала яму шчокі.

Стаў як маленькае дзіця, скараўся ўсім яе патрабаванням і толькі цалаваў яе руку ды глядзеў у вочы закахана і радасна.

Прыносіла новыя звесткі. Хлопцы амаль расчысцілі за гэты час пляцоўку пад стадыён, хаця рэктар і пратэставаў спачатку супраць работ.

З’явіўся Мікола, прынёс у кішэні вялізны яблык (скуль дастаў яго ранняй вясной — невядома). Сказаў, жмурачы добрыя вочы:

— А, святы пакутнiк. Як справы? А я да цябе. Плацi ўзносы, хоць кроў з носа.

Засмяяўся і дабавіў:

— Ну, я жартую, безумоўна. Проста пасядзець хачу. Аж дзіўна неяк… «пасядзець». Забегаўся я, браце, зусім. Камсамольцы мае з’едлівыя, утрапёныя, свалачныя, накшталт цябе. Лезуць паўсюль, усё ім давай, усё ім рабі…

А потым зноў была Алёнка. Любая, яна так непакоілася. Берасневіч ведаў, што ніколі, ніколі не забудзе яе рук, яе сумных вачэй, рухаў, якімі яна папраўляла яму падушку. Ён мог і сам паправіць, але лепей усё ж яна.

Адышлі і экзамены, якія Берасневіч здаў на «выдатна», хоць давялося папацець з Холадавым (прычапіцца яму ніяк не ўдалося), прыйшло лета, цёплае, добрае, з частымі сляпымі дажджамі. Берасневіч затрымаўся ў горадзе амаль на цэлы тыдзень, пакуль Алёнка не паехала на Чорнае мора.

Прасіла пісаць і, на ўсякі выпадак, напісаць адзін ліст на універсітэт, бо, можа, ёй давядзецца на які тыдзень зрабіць перапынак, прыехаць ад сваякоў у горад па справах. Прапанавала і яму ехаць з ёю, але яму было трошкі сорамна — адмовіўся.

На вакзале, перад развітаннем, яны стаялі пад адным плашчом. Лёгкі дожджык шумеў па асфальце, блішчэлі мокрыя вагоны. Аб’явілі адпраўку.

Уладзіслаў абняў яе, прыціснуў да грудзей, адчуваў усю, такую маленькую, навекі сваю.

I, цалуючы яе вочы, толькі і сказаў, як быццам заклінаючы:

— Кахай, чуеш? Кахай мяне. А я ніколі, ніколі не пакіну кахаць цябе.

Цягнік рушыў, набіраючы хуткасць. І доўга-доўга бачыў Берасневіч яе руку, што махала яму ў акне зялёнага вагона. Праз гадзіну паехаў і ён, адчуваючы, што з радасцю саскочыў бы з вагона і пабег за ёю.

Чакала восень. Чакала шчасце. І ніколі ён так не чакаў гэтай восені, як зараз. Праз напаўзакрытыя павекі ён бачыў палі, шырокую раку і вялізную яскравую вясёлку, што павісла над адыходзячай хмарай у тым баку, куды імчаў цягнік.

Яндекс.Метрика