У снягах драмае вясна — Частка XIV

Залеск. 25 чэрвеня 1952 г.

Дарагая мая, любая Алёнка!

Вось я нарэшце і ўдома. Не ведаю, ці прыехала ты на тыдзень у горад, як абяцала, ці, можа, усё яшчэ на моры? На ўсякі выпадак пішу, як дамаўляліся, на універсітэт. Не ведаю, што пісаць. Словы здаюцца бязглуздымі, слабымі. Хочацца проста ўзяць сшытак і напісаць тысячу разоў «кахаю, кахаю, кахаю». Пабачыць бы цябе зараз, зноў узяць у рукі твае маленькія лапкі, адчуць голас. Гэта жахліва, не бачыцца два месяцы. Наступным летам ні на якое мора ты не паедзеш. Паедзем да мяне. У нас вельмі добра: дом над самым Дняпром, разумны бусел на ліпе. Ля хаты яблыні, старыя, каравыя, і цэлае мора кветак.

Мы возьмем човен і паедзем уверх па цячэнню. Човен плыве, месяц вялізны, чырвоны, вада вячэрняя, ружова-блакітная, і такое ж неба. І здаецца, што човен плыве ў паветры, як казачны карабель.

А раніцою прачнешся ў сене: трава росная, хмызы гараць расою над сонцам. Нейкі дзядзька ідзе з вобраццю лавіць каня, а балабон аддаецца недзе ў лугах, чысты, ясны, як звон той царквы, якая патанула калісьці ў Чырвоным возеры.

Скажу табе па сакрэту: я яшчэ больш закахаўся. У яе валасы, як золата, у той час як я называў цябе проста бялявай. У яе голас у дзесяць разоў прыгажэйшы за твой, і ўся яна прыгажэйшая за ўсіх на зямлі. Завуць яе Алёнкай.

І цяпер, калі я сустрэнуся з табою, я ніколі не паверу, што яна — гэта ты. Ты заўсёды будзеш для мяне ў дзесяць разоў лепшай, як на самай справе, хоць і так ты лепшая за ўсіх на зямлі, і я не ведаю, за што мне даў лёс такое шчасце. Я згадзіўся б, каб правалілася зямля, толькі б ты была са мною.

Любая мая, дарагая! Пішы! Тысяча разоў цалую рукі твае.

Твой Уладзіслаў


Ліст гэты не дайшоў да адрасата, бо Алёнка не прыехала ў горад, і не вярнуўся да Берасневіча. Універсітэт і летам наведвалі некаторыя студэнты. Можа, Маркіч, які жыў пад горадам, узяў яго, каб пераслаць Алёнцы, а пасля забыўся на яго, можа, яшчэ што здарылася?

Наступны ліст Берасневіч паслаў ужо на адрас сваякоў Алёнкі.

Залеск. 5 ліпеня 1952 г.

Алёначка, сонца маё!

Чамусьці ты не адказала мне на ліст, які я паслаў на універсітэт. Напэўна, не была ў горадзе. Непакоюся і яшчэ больш кахаю. Часам думаю, ці не плюнуць мне на ўсё, ці не кінуцца ў раку, ці не даплыць па цячэнню да мора, да цябе?

Любая мая, вечна каханая, цёплы мой агеньчык, бессмяротная мая. Што ты там робіш? Якія кветкі рвеш? Якія хвалі ловіш рукамі? Сёння бачыў цябе ў сне. Прачнуўся — у дзверы адрыны глядзіць сонца, шастае бэз, мокры ад расы, ластаўкі лётаюць над галавою (тут, у адрыне, пад вільчаком, іхнія гнёзды). Калі б ты была тут — цябе б прызналі роднаю і ластаўкі, і бэз, і адрына.

Маё жыццё магчыма ахарактарызаваць адным словам: сумую. Быў у сваякоў у вёсцы Кучына. Дзяўчаты тут славяцца прыгажосцю, але я глядзеў і думаў, што такую славу пусцілі пра іх тыя, што не ведаюць цябе. Ім да цябе, як зямлі да неба. І стала мне яшчэ больш сумна. Не будзе мне спакою, пакуль цябе не будзе са мною. Як пра найвялікшае шчасце думаю я пра тое, што ты будзеш маёй жонкаю. Я думаю, што зімою. Вось я і зрабіў прапанову, неяк непрыгожа зрабіў, не так, як у раманах, але іначай не магу, бо — ты ведаеш, любая, — я проста вялікі цыбаты дурань.

У бабулі маёй на талацэ былі мясцовыя жанчыны і спявалі «вясеннія» песні, спявалі так цягуча і прыгожа, што сэрца маё сціскала. Адна нішком спытала ў бабулі, як завуць маю нарачоную, каб «велічаць». Я сказаў. Ты не крыўдзішся? Яны не ведаюць цябе, а хаця б і ведалі, яны шчырыя і добрыя людзі. Гэта была прыгожая, чароўна-прыгожая песня, і я яе ніколі не чуў. Сумная, але гэта дзеля таго, каб не было суму на вяселлі і ў жыцці. Павер’е такое. Яны спявалі, а я ўяўляў раку, начны малочны туман, дубы, якія хаваюцца ў ім па пояс.

На тым боцы, ля берага, лiн ваду калыша.

Лiн ваду калыша, лiн ваду калыша,

Алёначка без Уладзi гадзiн не прадыша,

Гадзін не прадыша, гадзін не прадыша.

Я таксама не прадышу без цябе і хвіліны. Далей слоў песні не пішу, далей трошкі сумна. А ў нас будзе зусім не так. Любая мая, пішы, не дай памерці перадчаснай смерцю, сумуючы па табе. Зорка мая яснавокая, бывай.

Назаўжды твой Уладзіслаў


Гурзуф. 10 ліпеня 1952 г.

Дарагі мой Уладзік!

Сёння ў мяне дзень шчасця. Першага ліста я, вядома, не атрымала, але сёння атрымала другі. Дарагі мой, добры друг, дзякую за шчырае пачуццё. Маё шчасце таксама толькі з табою, я гэта цвёрда ведаю. Я ведаю, маці было б непрыемна, каб яна ведала, што я так адверта пішу табе гэта, але я іначай не магу. Не сумуй, дарагі. Усё міне, міне і разлука. Праўду казаць, я чакаю гэтага, але іншы раз мне страшна, занадта ўжо мы шчаслівыя. Я купаюся ў моры, загарэла і, здаецца, пачала добра спяваць. Спяваю не я, спявае маё шчасце. Я лічу дні. З радасцю буду потым заўсёды з табою, прыеду да цябе.

Жанчыны наспявалі табе праўду, чуеш? Толькі ты сказаў: зімою, а я думаю, што вясной будзе лепш. Мы не расплюхаем па дарозе шчасця, яно стане яшчэ мацнейшым. А нарэшце ўсё будзе так, як захочаш ты.

Ты будзеш аспірантам, пасля вучоным. Будзе ў нас невялікі пакой, і абавязкова будуць пад акном квітнеючыя вішні. Будзем працаваць. Мне здаецца, я раблюся дурная ад шчасця, калі памыслю пра гэта. Я шчыра буду кахаць цябе, твой няпросты лёс, твой светлы розум, твае вочы, твае прытульныя, добрыя, вялікія і прыгожыя рукі.

Чакай. Усё будзе добра. Усё-ўсё наперадзе, у будучым. Цалую цябе.

Твая Алёнка

Яндекс.Метрика