У снягах драмае вясна — Частка XIX
9 лістапада 1952 г.
Дарагі Уладзіслаў!
Вось ужо месяц, як ты паехаў, але лістоў ад цябе ўсё няма. Хачу напісаць табе, што дрэнна так забываць сяброў. Відаць, твой ліст у ЦК дапамог, таму што ніхто не збіраецца лаяць цябе за гісторыю з той поўхай. Напэўна, у гэтай справе разбіраліся. Карацей кажучы, я дамовіўся: ты не выключаны і можаш вучыцца завочна, узімку здаць экзамены, а вясной абараніць дыплом. Як хаця ты там?
Мы жывыя, здаровыя. Хлопцы вельмі шкадуюць цябе: не падтрымалі своечасова. Янка кажа, што не трэба было быць баранамі і чакаць разумных рашэнняў з ЦК, калі ёсць на плячах уласныя галовы.
Ты будзеш здаваць, гэта галоўнае. Над галавою Касмача, здаецца, была з-за цябе навальніца, але мінула.
У аспірантуру замест цябе мяркуюць Маркіча. Вось, здаецца, усе пакуль што навіны.
Ва унiверсiтэце нудна i брыдка. Я не магу глядзець на твары Холадава i Маркiча. Хочацца хутчэй скончыць i паехаць. Нават святыя гады студэнцтва, нашу Alma mater, запаганiў гэты мярзотнiк.
Але ўсё нічога. Пакуль што бывай.
Твой Паўлюк.
16 лістапада 1952 г.
Вавуліцкі Млын
Дарагія мае, любыя сябры Паўлюк і Янка!
Прабачце, што цэлы месяц не пісаў вам. Але спраў было так шмат, як ніколі ў жыцці. Мой Вавуліцкі Млын — гэта вялікая, двароў на пяцьсот, вёска са старым клубам і новаю, але ўжо запушчанаю школай у вялікім садзе. Людзі добрыя, і маркічаўшчыны менш, ніж у нас. Вельмі многа працую і вучуся, пішу дыплом. У мяне цудоўныя дзеці, і з імі я адчуваю сябе, як быццам другі раз нарадзіўся. Хоць прайшоў толькі месяц, але яны мяне ўжо палюбілі і, між іншым, невядома для іх саміх выратавалі ад вялізнай небяспекі. Справа ў тым, што мне першыя дні было так нудна, такія халодныя, жахлівыя пайшлі дажджы, так я ўспамінаў былое шчасце, што не мог вытрымаць і з гора некалькі разоў выпіў. Напэўна, і сур’ёзна пачаў бы піць, каб не яны і не праца. Зараз я ведаю не адным толькі адцягненым разуменнем, а і сэрцам, што толькі ў ёй адной для такіх, як я, паратунак і шчасце. Я быў бы зараз зусім шчаслівы, каб не думка пра тое, што Маркіч жыве на свеце і працвітае. А нарэшце, чорт мне ў гэтай гнідзе?!! Горш тое, што здароўе зусім сапсавалася. Уначы прачнуся — сэрца баліць і калоціцца, круціцца галава, як біч на цапільне. Але і гэта, пэўна, пройдзе.
Гаспадар мой цікавы чалавек, шмат чаго бачыў у жыцці, толькі што трошкі любіць выпіць. Учора ноччу выйшаў я са свайго пакоя і бачу: гаспадар сядзіць з кумам за сталом, п’е гарэлку і трымае ў руках вялізную шчыкеціну з цвіком. Перабірае па ёй пальцамі і спявае «Бандуру». Вось тут, кажа, «Ма», а вось тут — тут «ру», а дзе «сы» — не ведаю. Ага, вось.
Ма-ру-сы-ыно сэрца-а-а!
Пасля пачаў філасофстваваць. Кажа:
— Усё на свеце паразіт. I мурашка паразіт, і пчала паразіт, і ты (да кума) паразіт.
— Я не паразіт, — абураецца кум.
— Як не паразіт?! А хто ў калгасе торбу кукурузы ўкраў, — з месца выдумляе гаспадар.
— У нас кукурузу не садзяць.
— Ну ўсё адно паразіт. Бо ў сумленных людзей чуб на галаве, а ў цябе плеш.
Кум раптам зусім лагічна і паслядоўна заяўляе:
— А я сала ем.
— Ну вось бачыш, — радуецца гаспадар, — дзе ж гэта ты бачыў, каб сумленныя людзі сала елі. Яны хлеб з лебядой ядуць. А ты кажаш, не паразіт.
Школа даволі занядбаная, і энергічны чалавек можа многае зрабіць. Мы, напрыклад, ужо вырашылі справу з ботамі для дзяцей-сірот, папоўнілі бібліятэку. Я дапрасіўся ў раёне свідравальнага станка, і абяцаюць такарны. Словам, працую. Працаваць мне трэба, сябры мае, вельмі многа. I я буду працаваць. I яшчэ скажу: я буду змагацца. Я даб’юся свайго, я зраблюся яшчэ вучоным.
Пішыце мне, сябры дарагія.
Ваш Уладзіслаў
30 лістапада 1952 г.
Уладзік, любы мой сябра!
Пішу табе пра вялікую радасць: прыехаў нарэшце Маркевіч, худы, але здаровы. І тут адразу кранулася твая справа. Касмач атрымаў вялізнага прачухана за тое, што не звярнуў дастатковай увагі на ліст ЦК. Маркевіч вельмі шкадуе, што ты паехаў, але думае, што іначай нельга было. Ён кажа, што ты малайчына. Я не пісаў табе, бо мне было цяжка бачыць, як Маркіч трыумфуе, як ён збіраецца стаць аспірантам, як сур’ёзна збіраецца помсціць тваім сябрам і табе. Зараз гэтаму канец. Былі яшчэ адны зборы, і на іх хлопцы так паўсталі супраць Маркіча, што люба было. Усім было сорамна перад табою (між іншым, па твайму жаданню я ніколі і нікому не сказаў, дзе ты. I не скажу. Ніхто не ведае нічога — даю табе ў гэтым слова гонару).
Выступаў і Сяляўка. Зусім іншы стаў хлопец, цвёрды, самастойны. Паўлоўскі, парторг (памятаеш, ён сядзеў на тых зборах і ўвесь час маўчаў), зацікавіўся гэтай справай і да прыезду Маркевіча добра ў ёй разабраўся. Ёсць такія чэрці, маўчаць-маўчаць, а пасля…
Справа атрымала характар скандалу. Пра цябе, праўда, не ўспаміналі, шмат хто баяўся (усё ж ты, з іх пункту гледжання, перагнуў палку), але ўсе зразумелі, што твая справа была штуршком. Нічога, браце, міне некалькі год — гэты жах будзе ў мінулым і ніхто не папікне цябе. Ва універсітэце выявіўся такі клубок гора-важакоў, чынуш і бюракратаў, што зараз сорамна студэнтам адзін аднаму ў вочы глядзець. Як мы толькі не маглі пабачыць! Зараз большасць з іх павыганялі, застаўся ў нас Паўлоўскі, Касмач (з добрым прачуханам), яшчэ некалькі чалавек. Камсоргам курса зараз я. Янка — прафорг. У бюро новыя хлопцы, між іншым, Чудзікаў і Сяляўка.
Я ўсё ж думаю: чаму ёсць у нас гэтыя «ідэальныя» сухары-пурытане, чынушы, іншым разам яўныя нягоднікі накшталт Маркіча? Думаю, што гэта адрыў ад рабочага асяроддзя, ад народа. Эх, такіх бы малойчыкаў на рабочыя зборы, на завод — там бы з іх зрабілі такое, што па нітцы хадзілі б. А мы ўжо занадта інтэлігентныя сталі.
Але якое шчасце рабіць разам з усімі (не пад гора-кіраўніцтвам аднаго «правадыра курсавога маштабу») наш універсітэт лепшым, сапраўдным! Цяжка, але і добра.
Маркіч за некалькі дзён да збораў паспрабаваў высветліць адносіны з намі і з адной вядомай табе асобай, але атрымаў такі паварот, што яшчэ і зараз баіцца дыхаць. На зборах Паўлоўскі сказаў пра Маркіча:
— Такія, як вы, яшчэ больш шкодныя, чым адвертыя ворагі. Толькі што за шчэлепы вас не возьмеш, бо вы склізкія, як ваш язык.
Да збораў Маркіч сустрэўся адзін на адзін у калідоры з Маркевічам, працягнуў яму руку, і, мы выпадкова чулі, Маркевіч сказаў:
— Няўжо вы сур’ёзна думаеце, што пасля такой подласці вам нехта пацісне руку?
Калі ж зборы пачалі віраваць, гэты ціхі Аркадзь Чудзікаў сказаў:
— Пакуль мы трымаем сувязь з унiверсiтэтам — такога чалавека ў аспiрантуры не будзе.
I ўсе падтрымалі яго.
Маркіч больш не камсорг. Дорага яму каштавала твая справа. Перамога, браце! I ўсё ж трэба нешта новае, каб маркічаў больш не было. На гэтым усё. Янка перадае прывітанне. Цалуем і віншуем цябе.
Паўлюк, Янка.
Р. S. Чаму ты ніколі не пытаеш пра дзяўчат-аднакурсніц?
1 ліпеня 1953 г.
Дарагі Уладзік!
Вось і скончылася наша Alma mater, скончылася шчасце, скончылася і бяда. I разам з намі па праву скончыў універсітэт і ты. Малайчына, ты абараніў дыплом і здаў зкзамены лепш за ўсіх, як мне сказаў Маркевіч. Я толькі не ведаю, чаму ты не пайшоў у аспірантуру? Можа, таму, што на табе ўсё яшчэ вісіць той цень? Магчыма, і так, але ўсё гэта міне, мой дружа. Ты бачыш, жыццё робіцца зусім светлым, і мы нарэшце пабачым сонца без плям. Я ведаю, праўда і жаданне лепшага сваёй краіне — заўсёды мацнейшыя за маркічаўшчыну. А наша справа такая, што пражыла трыццаць шэсць год і будзе жыць вечна.
У нас усё як было. Ніхто з дзяўчат пакуль што не выйшаў замуж. Пішы. Бывай здаровы.
Твой Паўлюк.
Р. S. Чаму ты не пытаеш пра аднакурсніц?
4 ліпеня 1953 г.
Дарагі Паўлюк!
Ліст твой атрымаў, адказаў вялізным лістом на тваю хату. Паслаў ліст і Янку таксама. Пасылаю вам кнігі. Пішыце мне ўжо на Залеск, дзе я паспрабую два месяцы пажыць без працы.
Выбачай, што ліст кароткі.
Прыедзеш дадому — атрымаеш і вялікі. Будзем, значыцца, працаваць. Ты пытаеш, чаму я не пытаю пра дзяўчат? Проста нецікава. Яны прадалі мяне ў цяжкі час. Я не веру больш аніводнаму слову з іхніх вуснаў.
Бывай. Пішы. Моцна цалую.
Уладзіслаў.