У снягах драмае вясна — Частка III
А шчасце быццам звар’яцела, яно палілося на Берасневіча дажджом. Ён захлынаўся ім, хадзіў паўсюль з такой дурнавата-шчаслівай, да вушэй, усмешкаю, што на яго азіраліся.
У той дзень, калі яны слухалі Гілельса і Алёнка сядзела паміж Жэнькам і Берасневічам, ён упершыню падумаў, што ён занадта, бессаромна шчаслівы, што гэта можа дрэнна скончыцца.
Берасневіч не разумеў музыкі, ён проста любіў яе, уяўляў сабе пад яе гукі розныя малюнкі альбо цэлыя эпічныя палотны. Так, напрыклад, Шостая сімфонія Чайкоўскага была сечай, загібеллю і адраджэннем, рэквіемам і славай жыццю.
Больш за ўсё ён любіў праграмныя творы: там вядома было з самага пачатку, што трэба ўяўляць.
Вось і тут ён сядзеў, уткнуўшыся тварам у далоні (класічны тып беспрацоўнага, як сказала Алёнка), калі прагучэлі першыя, урачыстыя, велічна-спакойныя гукі «Манфрэда» (Гілельс павінен быў граць потым, у другім аддзяленні канцэрта). Гучэў успамін пра старыя бурхлівыя дні, якія так бязлітасна, так жорстка ўзрушылі самую душу. Пасля разлілася спакойная, чыстая мелодыя жыцця на прыродзе, між старымі вязамі над возерам, і раптам цяжкія, жахлівыя гукі пекла ахапілі ўсё навокал, туга імчалася ў паветры, і ў гэтым пекле Манфрэд сустрэўся са сваёй каханай.
У пекле? Чаму? Пад магутныя гукі Берасневіч зразумеў: да д’ябла рай, да д’ябла неба, і хай жыве пекла, калі ты адшукаў там кагосьці, якога лічыў навекі загубленым! Ты велічнае, ты прыгожае, пекла! Благаслаўляю цябе.
А пасля зал сарваў галас і адбіў далоні, апладзіруючы Гілельсу. Граў ён сапраўды фенаменальна. Але Берасневіч і Алёнка ўсё яшчэ не маглі вызваліцца ад дзіўнага агульнага пачуцця: музыка казала пра іх.
У Берасневіча вочы блішчэлі, як быццам слёзы падступалі да іх знутры. Алёнка адверта выцірала вочы.
Увесь вечар потым яны маўчалі, размаўляў адзін Жэнька. А Уладзіславу было проста добра прымярацца да яе маленькіх крокаў, добра прыціскаць рукою яе худзенькі пад паліто локаць, глядзець на тонкі профіль, на завіткі залатых валасоў на скронях, на чорную мехавую шапачку.
Ён ведаў ужо ад Жэнькі, што яна з паралельнага курса славянскага аддзела, што хутка ў іх будуць нават агульныя лекцыі, што яна займаецца ў вячэрный кансерваторыі, што вельмі добра спявае.
З яго хапала і гэтага, бо яна была тут, поруч. Нашто спевы, калі ёсць яе голас, які проста размаўляе, але лепшы за ўсялякую музыку?
Паркі над ракою, па якой плылі апошнія льдзіны, агні слабодкі за ракою. Гэта было занадта чароўна.
…Пачаліся, як і казаў Паўлюк, «марцавы санеты». Раптам паваліў снег на мокрую зямлю, пабялелі дрэвы. Зноў прыйшла зіма. Берасневіч, які раней не хадзіў на некаторыя лекцыі, лічачы, не без падставы, што гэта загублены час, калі лектары чытаюць нудна, і лепей прачытаць з тры дзесяткі кніг на тую ж тэму, і зараз на іх не хадзіў. Наведваў толькі лекцыі таленавітых выкладчыкаў і яшчэ тыя, на якіх мог пабачыцца з Алёнкаю («славян» прыядналі да агульнай групы). Астатні час ён праводзіў у акадэмічнай бібліятэцы або проста ляжаў дома на ложку і пісаў вершы. Вершы былі кепскія, але як было іначай перадаць свой настрой?
З Алёнкай сустакаўся ён зараз не так часта і вельмі гэтым мучыўся, хоць яму было дастаткова ведаць, што яна непадалёку, дастаткова было бачыць яе, слухаць яе размову з іншымі; дастаткова было чуць званок у дзверы сябравай кватэры і адчуваць з нейкай назразумелай упэўненасцю, што гэта яна; зайсці ў залу, дзе сядзяць пяцьдзесят чалавек, і па раптоўнай радасці або адчаю беспамылкова ведаць, ёсць яна тут ці няма.
Так ён зразумеў, што кахае яе, як ніколі не кахаў у жыцці і , напэўна, ніколі не будзе.
Пад час «марцавых санетаў» здарыўся прыкры выпадак.
Берасневіч вёў Алёнку дадому паркам. Іх дагнаў Пятрусь Маркіч, камсамольскі сакратар курса, той самы, што атаясамліваў непрыемныя для сяброў заўвагі з камсамольскай адвертасцю.
Берасневіч нямала бачыў людзей такой пасады, прывык ставіцца да іх даверліва і шчыра, але да Маркіча звыкнуць ніяк не мог. Нават голас, якім той гаварыў на зборах, здаваўся яму непрыемным.
У Берасневiча быў добры iнстынкт, уласцiвы для ўсякай несапсаванай натуры: ён беспамылкова адчуваў, шчыры перад iм чалавек альбо дрэнь. I хаця Маркiч гаварыў заўсёды правiльныя словы — нейкай мяртвячынай аддавалi яны ў яго. Зусiм была адна справа, калi гэтыя словы казала газета, i зусiм другая — калi казаў Маркiч.
Апранаўся ён франтавата, але меў нейкі сонны, быццам закансервіраваны яшчэ ў мінулым стагоддзі твар: халодныя, тытунёвага адцення вочы, вусны, складзеныя іжыцай, лоб вузкі, касы, з вялікімі залысінамі. І вяртлявая стройная постаць, і гарачая, мокрая далонь. Бр-р-р.
Але Берасневіч нічога не мог сказаць дрэннага пра гэтага чалавека (а вонкавы выгляд кожны мае той, якім яго ўзнагародзілі бацькі) і таму ставіўся да яго проста, добразычліва, ветліва — больш ад яго і патрабаваць было цяжка.
Яны ішлі алеяю, калі ззаду іх пачуліся няверныя крокі: даганялі два чалавекі. Зусім яшчэ маладыя, з даволі інтэлігентнымі тварамі, яны параўняліся з Берасневічам, і адзін з іх спрытна цыркнуў слінаю акурат на бот Маркічу. Той змаўчаў.
Другі, высокі і моцны, глянуў скоса на Берасневіча і нахабна сказаў:
— Гэй ты, … куды гэта ты яе?!
І брыдка вылаяўся.
Берасневіча прарвала. Ён ціха сказаў Маркічу:
— Пастой з ёю, Пятрусь.
І накіраваўся да хуліганаў вельмі спакойна і павольна.
— Вось што, хлопцы, мы вас не чапалі. Вы зрабілі дрэнны, брудны ўчынак. У дзяўчыны трэба папрасіць прабачэння.
Высокі правёў далонню па паветры, як быццам жадаючы пачухаць патыліцу, і на гэтым шляху рабро яго далоні напаткала нос Берасневіча.
Іскры пасыпаліся ў Берасневіча з вачэй.
— Прабачце, — з’едліва сказаў высокі. — Я, здаецца…
Ён не паспеў скончыць. Берасневіча ніколі не білі.
Ён занёс кулак і, падаючы ўсёю вагою цела на руку, ударыў у падбародак ворага. Той паваліўся, жмякнуўся ўсім целам, як падсечаны.
У той жа момант другі схапіўся з Уладзіславам. Біліся моўчкі. Ніколі яшчэ Берасневіч не адчуваў такой злосці. П’яныя маглі зачапіць яго, ён бы, можа, і сцярпеў, але за што яе?!
Яго здзіўляла толькі, што Маркіч стаяў і глядзеў, у той час як Алёнка бегла да месца бойкі. Але ўсё было скончана яшчэ да таго, як яна падбегла. Берасневіч перакуліў ворага, сеў яму на спіну і некалькі разоў моўчкі торкнуў яго галавою аб жвір.
— Пусці, — прахрыпеў той. — Пусці, я сын адказнага…
— Мне ўсё адно (Берасневіч малаціў яго галавою). Прасі прабачэння, чуеш, зараз жа прасі.
— Пусці яго, Уладзік… не трэба… ты заб’еш…
— Прабач, — здаўлена прабурчаў зрынуты.
— То-то ж бо, — сказаў Берасневіч, устаў і ўзяў Алёнку за руку.
Яны пайшлі да Маркавіча, які ўсё яшчэ стаяў наводдаль. Гнеў Берасневіча адразу астыў. Адчуваючы, што з носа можа пайсці кроў, ён прыкрыў да яго хустачку і сказаў:
— Бедная. Спудзілася ты.
— Спудзілася, — прызналася Алёнка. — за цябе.
I Берасневiч падумаў, што за такiя словы ён згодзен бiцца кожны дзень.
— За што ты так яго… галавою? — сказаў Маркіч.
— Не ведаю. Такія нам — горшыя ворагі. Як бандзюгі, як шпегі. Псуюць наша жыццё, абражаюць дзяўчат. Чуў, нядаўна Саркісян памёр, камуніст з 1903 года?
— Чуў!
— Не памёр, а забілі… такія вось, у парку. Здабыў для іх светлае жыццё, для шчанюкоў такіх. Іх страляць трэба, каб да камуны не дайшлі, не дажылі.
— Не, гэтыя не бандзюкі, — сказаў Маркіч. — Проста дробныя хуліганы.
— Такіх, вядома, трошкі нават нейк шкода. Маральна-дэфектыўныя, не будуюць, не змагаюцца — толькі і ведаюць, што на месяц выць ды лаяцца, як сабакі якія.
Яны адышлі даволі далёка ад месца бойкі, калі Берасневіч раптам сказаў:
— А гэты… «сын адказнага»… Студэнт, напэўна. Чорт, можа , некоторыя з іх не так ужо і вінаватыя. Інтарэсаў няма, шляхі ў навуку вузкія, аспірантаў бяруць зусім не па прынцыпу таленавітасці, а, у большасці выпадкаў, па прынцыпу гнуткасці спіны… асабліва ў нас, у філолагаў.
— Ну, табе абурацца няма чаго, — сказаў Маркіч, — за цябе вучоны савет. Ты, братка, верны аспірант. Што паробіш, талент. Гэта не тое што я…
І Маркіч уздыхнуў.
— Пакінь, — папрасіў Барасневіч. — Што там будзе — гэта яшчэ невядома. Адно скажу, таленавітай моладзі патрэбен прастор, патрэбна, каб жыццё было цікавым. А гэтага ў нас часта няма. І вось часам добры хлопец ідзе ў кампанію п’янюг, бывае, што й бандзюкоў. А маральных прынцыпаў мы таксама амаль не прышчэпліваем або прышчэпліваем дрэнна. Вось паглядзіце, дзе сярод студэнтаў больш за усё крымінальшчыны ў нашым універсітэце? Сярод юрыстаў. Звыклі лёгка глядзець на законы. А дзе сярод моладзі больш за ўсё вось такіх… малойчыкаў? Сярод дзяцей людзей нядрэнна забяспечаных. Бо звыклі на грошы лёгка глядзець. І не працаваць. Мне за кнігаю або рабочаму за станком такое глупства ў галаву не палезе.
Маркіч неяк надзвычайна ўхмыльнуўся.
— Што ж, выходзіць — выхаванне наша дрэннае?
— Не выхаванне, а нядбайнасць. Самазаспакоіліся. Працоўныя бацькі вырашылі выгадаваць панічоў.
— Як гэта… вырашылі. Выходзіць — яны перараджэнцы?
— Магчыма, я не так сказаў. Я факт даю. Ты прыпомні, як бацькі жылі. Галодныя, халодныя, а героі. А сынкі ў некаторых такіх бацькоў занадта тлушчам абраслі. Пагнаць бы іх з год дзесяці на некаторы час у працу, працу да мазалёў — верна кажу, была б карысць. А то жыве такая цаца бацькам на дрэнную ўцеху, а айчыне на невялікую славу.
— Глядзі, хлопча, — сказаў Маркіч. — Нешта ты мудрагеліш. Ты што ж, прапануеш дзяцей адбіраць?
— У бацькоў, якія хуліганаў выхоўваюць, — так. Дый чаму адбіраць? Жылі б у асаблівых установах, звыкалі да калектыву, ведалі б з пялёнак, што ўсе аднолькава хочуць жыць. Дый сам ты прыпомні Энгельса…
— Пакіньце, — сказала Алёнка. — А то палаецеся яшчэ.
— Добра, — заспяшаўся Маркіч, — я пабег.
…Берасневіч і Алёнка доўгі час стаялі ля яе дома, і потым, калі ён паціснуў яе руку і дробна застукалі па ўсходах яе абцасікі, доўга глядзеў на вокны.
Рука яго пахнула вярбенай, і ён усю дарогу не трымаўся ёю ні за які прадмет, як быццам рука балела. Ён баяўся спудзіць гэты надзвычайны, лёгкі водар.