У снягах драмае вясна — Частка IV

Думкі, падобныя да тых., што выказаў у той вечар Берасневіч, прыходзілі да яго даволі часта. Магчыма, вінен тут быў бацька, які часта распавядаў сыну пра першыя крокі дзяржавы і многае з сучаснага крытыкаваў, кажучы, што гэта не па-ленінску, магчыма, Берасневіч проста пачынаў думаць.

Аднойчы на гэтай глебе ў Берасневіча з Паўлюком адбылася сур’ёзная размова. Былі яны ўдвух у пакоі. Трэці, Рыгор Сяляўка, ляжаў на ложку і спаў. Дзіўны, наогул, быў хлопец гэты Сяляўка. Худы, маленькі, з віслым носам і галавою клінам, ён пакідаў у іншых адно і тое ж уражанне: «вось слабы, бездапаможны чалавек». А ён і сапраўды быў такі. Вечна спіць, вечна не мае сваёй думкі, вечна толькі й думае, каб прыляпіцца да кагосьці мацнейшага і гаварыць яго словамі, жыць ягонай адказнасцю. І заўсёды «так, як усе».

— Сяляўка,— казаў яму часам Берасневіч,— а калі наш курс задумае, скажам, падпаліць універсітэт — ты б пайшоў?

— Н-не ведаю. Курс не падпаліць.

— Ну добра. А калі б мы вырашылі ўкрасці экзаменацыйны білет і адказаць па яму, мяняючы кожны раз нумар свайго білета на нумар папярэдняга, які ў нас у кішэні. І адказаў бы ўвесь курс, і ўсе атрымалі павышаную стыпендыю, падманулі б дзяржаву ў месяц на тры тысячы, а ў семестр на васемнаццаць тысяч?

— Н-не ведаю. Ты пра гэта ў Маркіча спытай, ён ведае. А я баюся так адразу…

Нават сакратар факультэцкага бюро, Мікола Касмач, здзіўляўся:

— Чорт яго ведае, што за чалавек. Ну нічога, Маркіч яму не дасць з’ехаць з дарогі.

— А на фронце таксама Маркiч будзе за iм глядзець? — пытаўся Берасневiч.— Глядзi, начальства, праваронiш чалавечую душу.

І злаваўся. Але на Касмача злавацца было нельга. Так ён чыста смяяўся, як сумленны чалавек, такі быў даверлівы і просты, такі наіўна-дыпламатычны, так любіў пасядзець з добрым чалавекам за парай піва і паразважаць пра розныя мудрагелістыя рэчы. I, галоўнае, быў добрым сябрам.

Берасневіч, урэшце, толькі рукою махаў.

…«Санеты» скончыліся. Ужо трэці дзень сакавік паліваў зямлю дажджом, з’еў апошнія снягі, зусім па-летняму булькацеў у рынвах. Шумелі глуха старыя таполі пад інтэрнацкімі вокнамі, і быў гэты шум жывы, вясенні.

Паўлюк ляжаў на ложку і чытаў «Чытальнік-дэкламатар» за 1912 год. Там былі вершы Бадлера, і Паўлюк пасля кожнага верша рагатаў, як быццам «Танец смерці» быў немаведама якой вясёлай штукай.

Берасневіч падсеў да яго.

— Слухай, Паўлюк, вось ты зарагатаў, а ў мяне думка. Значыцца, мы здаровыя, моцныя людзі, зусім новыя людзі, калі верш, якога людзі сорак год таму пудзіліся, у нас выклікае толькі смех.

— Гм. Ну, скажам, што так, — зацікавіўся Паўлюк.

— І вось я думаю. Нашто гэта нас трымаюць за руку, даюць кнігі «адсюль-дасюль», каб, крый божа, не сапсаваліся, не адкусілі мы ад гэтага Бадлера, ад Андрэева. Толькі і чуеш: «Рэакцыянер Дастаеўскі», «Буржуа Гамсун». Я чытаў Гамсуна, і ён нічога, акрамя агіды, у мяне не выклікаў. Скажыце, якая тонкасць — пайсці на клады, каб адшукаць ногаць мерцвяка для люлькі. І таму, калі зараз мне кажуць, што Гамсун — дрэнь, я свядома згаджаюся, свядома, а не як папугай. Дакажыце ж іншым гэта на прыкладах, на творчасці, а не голым словам. Голае слова мала важыць. Трэба быць моцным. Уяві сабе, што ты спрачаешся з веруючым, не ведаючы Бібліі. Ён жа цябе на лапаткі ўмомант пакладзе. І я не лічу, што Луначарскі, або Яраслаўскі, або, бяры ніжэй, мой дзядзька, які змагаўся супраць сектантаў і перамагаў іх у трохдзённых дыспутах іхняй жа зброяю, былі горшымі камуністамі з той прычыны, што ведалі творы «айцоў царквы» так, як іх і мітрапаліты не ведалі. Нешта тут у нас не дадумалі, гэта памылка, і тут адсутнічае давер да нашага чалавека.

— Чакай, — сказаў Паўлюк. — Ты мне тут зараз Сяляўку перапудзіш да смерці. Будзе ў яго мядзведжая хвароба — мы цябе тады…

— Хай яго ліха. Спіць… Ты ведаеш, я свайго жыцця іншым не ўяўляю. Бацька мой у партыі з пятага года, дзядзька яшчэ раней. Я ўсё сваё куртатае жыццё пражыў добра, працаваў як вол, быў сувязным у партызан, яшчэ зусім хлопчыкам, пасля вайны — камсамольская праца ў Заходняй. Ледзь не забілі мяне там два разы. Я да гэтай справы нашай сэрцам прырос — толькі з крывёй і адарвеш. І вось мне нешта за апошні час тое-сёе пачынае не падабацца. Як злая воля нечая робіць многае, каб адштурхнуць сумленных людзей. Вось прыклад: пачаліся працэсы эканамічнай контррэвалюцыі. Добра, нягоднікаў трэба караць. Пры нашай беднасці яшчэ й мільённыя крадзяжы — за гэта вяроўкі мала. Але які дзіўны вынік вывелі некаторыя: «Хто вінен?! Жыды вінныя! Жонка кіраўніка кіеўскім малочным заводам ванны з малака рабіла!» Ах, сорамна! Як гэта яшчэ сядзіць у нашых душах дзікунства, цемрашальства… А я не веру! Няўжо Мішка Баўмфельд вораг? Ён жа са мною амаль поруч чатыры гады сядзеў, ягоны бацька быў камісарам яшчэ ў грамадзянскую… А размова з гэтымі, інгушамі рознымі? Скажам, былі здраднікі, але як жа можа адзін народ быць горшым за другі, што яго бяруць за шкірку, як шчанюка, і вывозяць з месца, дзе ён жыў, дзе нарадзіліся яго дзеці, дзе ён прызвычаіўся, дзе капцы бацькоў? Я не памятаю, здаецца, гэта Маркс сказаў: «Адносіны да яўрэяў — пробны камень цывілізацыі народа». Але няхай і не ён, усё адно— гэта праўда. Я не жадаю, каб нас, авангард чалавецтва, называлі дзікунамі. Сёння, выходзіць, іх, а заўтра мяне, беларуса.

— Твая праўда, — сказаў Паўлюк. — Гэта не метад. Гэта хутчэй чыёсьці шкодніцтва чыстай вады.

Берасневіч нервова закурыў. Дождж на вуліцы яшчэ больш хлюпацеў у рынвах.

— Або вось яшчэ, метады выхавання. Зрабіў чалавек няпэўны крок — не вораг, наш чалавек. Заблытаўся трошкі. І тут адразу бюро, пярун з яснага неба, папярэджанне, выключэнне. Нашто гэта? Мне здаецца, трэба растлумачыць, пераканаць, зрабіць з таго, хто аступіўся, карыснага чалавека. А аступаюцца часцей за ўсё людзі разумныя. Сяляўка не аступіцца. Значыцца, разумным і таленавітым перш за ўсё па галаве трапляе з рук такіх, як Маркіч.

Сяляўка заварушыўся на ложку, пасля зноў зацiх.

— Вось яшчэ Маркіч гэты, — сказаў Паўлюк. — Чорт яго ведае, за што такога лабідуду на такім месцы трымаюць. Дзеля таго, каб яму спадабацца, трэба піць, есці, баб кахаць і не думаць пра будучае, пальцам аб палец для будучай камуны не стукнуць. Даўно б яго трэба ў тры шыі ад камсамола гнаць. Гаворыць так праўдзіва, што хоць ты яго на неба жыўцом бяры, а ўчынкі — дрэнь і гніль, і не камсамольцам ад яго пахне, а Тарцюфам пад камсамольскай лічынаю. Мімікрыя! «Вова прыстасаваўся». Словы якія, а сам, як крылоўскі манах, у хаце яйкі на свечцы пячэ.

Берасневіч загасіў папяросу, паглядзеў у акно:

— Ну, гэта ты дарэмна. Ён не такі ўжо благі хлопец. Можа, я, праўда, яго не ведаю? Я яму таксама не вельмі давяраю, антыпатычны ён мне. Але каб так казаць на чалавека — трэба мець факты.

— Ёсць факты. Можа, турнем? — спытаўся Паўлюк.— Група незадаволеная.

— Глядзі сам. Як група. Але на групу вельмі не спадзявайся. Група ў нас такая зрабілася, што падтрымлівае толькі ў калідоры, а на зборах сядзіць моўчкі. А нарэшце, чорт яго бяры, не варта рук пэцкаць. І ўсё гэта, пра што размаўлялі, таксама мінецца. Мы людзі чыстыя, што нам бруд!

І ён прылёг да Паўлюка. Закурылі. Пачынала змяркацца.

— А што, хлопча, — сказаў Берасневіч, усміхаючыся ў змрок, — добра будзе жыць цераз сто год. Я абавязкова дажыву. Уяўляеш, каля шляхоў абавязкова мора руж, людзі — як статуя дыскабола, ля гарадоў — лясы. Нават ільвоў вывелі такіх, што не кусаюцца. Ходзяць сабе, як бычэчкі.

— Ільвоў забіць трэба.

— Што ты, такі прыгожы звер! Не! А будынкі такія, што дух сціскае, высокія, блакітныя: шкло, мармур, золата. Бактэрый ніякіх. I, вядома, ніякіх пабеданосікавых. Іх, калі які дажыве, на месяц закінуць, няхай там руду капаюць на агульную карысць.

— І ў кожнага самалёт. Ляці сабе куды хочаш.

— Што самалёт. Самалёт глупства. А вось уяві: ледзь золак — звоніць тэлевізіёфон. Уключыў і бачу цябе. І ты збіраешся ляцець на Венеру. Там даўно ўжо вуглякіслы газ знішчылі, цёпла, і там курорты для такіх старых пясочнікаў, як мы. Лячыце сабе раматус. А ты ляціш, каб правесці там першую сусветную нараду камуністычных паэтаў.

— Не, — сказаў Паўлюк, — я б нікуды не паляцеў. Нашто? Зямля такая цёплая, родная. Ты ведаеш, што пра маю Свету Янка напісаў?

— А што?

— Яна вучыцца ў сельскагаспадарчым, дык гэты яхіднік прыдумаў па-руску, у духу Дзяржавіна, на яе верш:

О многомудрая обитель!
О мой достопочтенный СХИ1!
Твоей студентке сочинитель
Шлет робко первые стихи.
Светлана, милая Светлана,
В тебе все мудрости сплелись,
В твоем мозгу взыграла рьяно
Сельскохозяйственная мысль.
На огороде, несомненно,
Ты только чувствуешь уют
И, рвя редиску вдохновенно,
В грядущем славу зришь свою.
Берасневіч засмяяўся.

— Вось я і думаю, — засаромлена сказаў Паўлюк, — што непатрэбна нам нікуды з зямлі ісці. Яна будзе яблыкі вырошчваць па шэсць кіло кожнае, а я буду дзяцей вучыць. Я думаю, яны і пры камунізме будуць хадзіць на галаве… І якіх жа я добрых людзей з іх выхаваю!

— А я дык не хачу такога. Я свет хачу паглядзець, людзей. Цікавыя тады людзі будуць. А там і куды-небудзь далей зямлі махнуць.

Вясна чакала за акном, уплятала свой голас у бег кропель, у вільготны, цяжкі шум таполяў за акном. І ўсё чакала: вось зараз дазволяць, вось возьме яна ў рукі зямлю, рассыпе паўсюль кветкі, кіне пад ногі людзям ліловыя кілімы сноў.

Ціхая, нясмелая яшчэ, ішла на зямлю вясна.

1 СХИ — гэта сельскагаспадарчы інстытут.

Яндекс.Метрика