У снягах драмае вясна — Частка VII

Шчасце лілося ракою — бывае ж так на белым свеце! Яно ўжо стала такім вялікім, што ад яго нават часам ставала балюча. Шчасцем было насіць яе партфель, шчасцем было чакаць яе пасля лекцый, шчасцем было глядзець на стрэлку гадзінніка, шчасцем было кінуць курыць для яе, шчасцем было заходзіць да яе на кватэру (Берасневіч стаў там частым госцем), шчасцем было размаўляць з Сабінай Аляксандраўнай пра свае і Алёнчыны планы, пра Алёнку, пра яе голас. Былі і плямы, але, як вядома, нават на сонцы ёсць рабацінне. Плямаю было, напрыклад, тое, што Сяляўка, які да гэтага цягнуўся да Уладзіслава, стаў раптам спуджана моргаць пры сустрэчах, што Маркіч стаў беспадстаўна халодным з Берасневічам і ўсё намагаўся зачапіць. Але трасца іх бяры.

Усё ж такі галоўным было шчасце, шчасце сядзець поруч з ёю на лекцыі, працаваць поруч з ёю на суботніках, гуляць у парках. Больш закранала яго другое: Жэнька чамусьці засумаваў, пасябраваў з Янкам і як быццам навучыўся ад яго, стаў з’едлівым. А Янка, які дзеля краснага слова маці роднай не пашкадаваў бы, выдумаў новую штуку — паставіў перад «дваццатым інтэрнацыянальным пакоем» фарс пад вялікапышнай назваю: «Дачка рыцара і палескі злодзей, або Прыгоды аднаго кулажнага патрыёта. Жахлівая і жаласная трагедыя ў чатырох дзеях».

Рыцара граў Бжэжэк, дачку яго — карэец «Сымон», палескага злодзея — Янка, які вельмі ўдала загрыміраваўся пад Берасневіча.

Сюжэт быў, на думку Берасневiча, вельмi дурны. Кулажны патрыёт, палескi злодзей Берастовiч спакушае дачку вялiкай асобы i запрашае яе ў Палессе, каб там сесцi на купiну i разам выць на месяц.

Калі тая рэзонна пытае злодзея, на што яны будуць жыць, ён адказвае, што такім глупствам не займаецца і што, наогул, ён жыве душою ў шаснаццатым стагоддзі. Лёс дае яму і ўсім магчымасць перанесціся туды і целам. Там важная асоба стае рыцарам, дачка яго — паннаю, злодзей — дробным шляхціцам.

Справа канчалася тым, што дачку рыцара ўкралі татары, сам рыцар загінуў, калі ў краіне паўсталі хлопы, разбалаваныя добрым абыходжаннем, а злодзей яшчэ доўгі час ліў слёзы па невядомай каханай, якая загубілася ў дваццатым стагоддзі. Тыя ж хлопы прымусілі яго з’есці ўсе свае дрэнныя вершы.

Публіка ляжала мокрая ад рогату, але Берасневіч, які спазніўся на імправізаваны спектакль, адазваў Янку і сказаў яму:

— Не шкадуеш мяне — пашкадаваў бы хаця дзяўчыну. Эх ты! Мне зараз і руку сорамна табе працягнуць.

І выйшаў. І толькі зрабіў некалькі крокаў, адчуў за сабою другія, цяжкія і ўпэўненыя, быццам той, хто даганяў, кожным крокам папіхаў зямлю.

Гэта быў Маркіч, і ён развязаў непрыемную размову так спрытна, што Берасневіч і апамятацца не паспеў.

— Тваё знаходжанне ў пэўным месцы шкодна ўплывае на цябе. Ты прапускаеш многія лекцыі, адышоў ад грамадскакарыснай работы, — нейкім «машынным» голасам сказаў Маркіч.

— Я не ведаю, што ты маеш на ўвазе. Лекцыі? На некаторыя з іх я і раней не хадзіў, напрыклад, на лекцыі гіганта навуковай думкі Івана Сяргеевіча, дацэнта Пірагоўскага, як ты яго сам называеш. Лічу гэта марнаваннем каштоўнага часу. І ты так лічыш, сам казаў мне. Так што рабі і ты так, прынамсі, Пірагоўскі зразумее і будзе гатавацца да лекцый, калі пабачыць, што студэнтаў няма… Работа? Я работаю не горш за другіх. І ты, калі ласка, растлумач мне, пра што гэта ідзе ў нас размова, а то я, відаць, менш ведаю сябе, ніж ты мяне.

— Гэта адносна тваіх асабістых спраў. Давядзецца табе кінуць гэта.

— Гм. А якая, я пытаю, твая справа да гэтага «асабістага»?

Маркіч абурыўся, нават пачырванеў:

— Як гэта няма справы?! Ты разумееш, што ты кажаш?! Камсамолу — і няма справы!

— Не атаясамлівай сябе з камсамолам, чуеш? І лезці табе ў маё «святое» я не дазволю.

Маркіч хутка знайшоў бязглузды, але звычайны для тых год аргумент:

— Ты што ж, бялявая бестыя, надчалавек?

— Цікава, — Берасневіч пачаў злавацца, — у чым ты бачыш маю прыналежнасць да надчалавекаў?

— Як гэта ў чым? Хаця б тыя самыя лекцыі. Іншыя, бач, сядзяць на лекцыях Пірагоўскага, а ён не можа. У іншых адно «трэба», а ў яго яшчэ нейкае «жадаю» завялося.

Берасневіч зусім раззлаваўся і зрабіў, як выявілася потым, глупства. Чырвоны, ён вельмі ўдала скапіраваў Пірагоўскага і выказаў яго тонам, урачыста, як быццам зрабіў надзвычайнае адкрыццё:

— Зямля, мае дарагія і пакуль што неасвечаныя юныя сябры, круглая. Так-так, круглая.

І тут жа тонкім галаском вядомай курсавой падлізніцы Марыі Капасевіч падхапіў:

— Як-як? Я не паспела запісаць… О, якая новая, якая арыгінальная думка!!!

Пасля ўсмешка знікла з яго вачэй, і ён сказаў цвёрда:

— Я не збіраюся захапляцца сцвярджэннямі, што зямля круглая. Я звычайна захапляюся ў такіх выпадках Капернікам, а не Пірагоўскім. А на лекцыях некаторых таварышоў лічу непатрэбным сядзець. Я сюды вучыцца прыехаў, узяць усё, а не ў бірулькі гуляць. Сяджу і буду сядзець на лекцыях Маркевіча, Маслава, Грушэвіча, Капержынскага, Назароўскага, Бялевіча, але да Івана Пірагоўскага не пайду… І наогул, чаго ты ўмешваешся ў мае справы?

— А як жа ж. Патрэбна будзе — ва ўсё ўмяшаюся. Я ведаў, ведаў (палец Маркіча, падобны на жоўты аловак, качаўся ў паветры, торкаў у бок Берасневіча), ты такі строіш з сябе надчалавека.

— Ты хаця чытаў Ніцшэ?

— Не чытаў. І ганаруся гэтым.

— Дарэмна, невуцтвам ганарыцца не рэкамендуецца. Раю табе прачытаць. Як жа ты фашызм будзеш ведаць без гэтай кнігі?

— Цікавыя ты кнігі раіш чытаць.

— Цьху, — толькі і плюнуў Берасневіч. — Ну і не чытай нічога, ну і слухай сабе сцверджанні Івана Пірагоўскага. І будзе якраз так, як у студэнцкай песні:

«А наша зямля форму круглую мее,
А кожны студэнт у Івана дурнее».

Яндекс.Метрика