У снягах драмае вясна — Частка VIII

Адхон пад ракою пакрыўся мяккай, як дзіцячыя валосікі, травою. За спіною былі дрэвы паркаў, перад вачыма — вялікая рака і блакітная далячынь Зарэчча.

Алёнка, ужо ў летняй сукенцы, сядзела на траве, абхапіла калені тонкімі рукамі. Берасневіч ляжаў поруч на спіне і глядзеў, як лёгкія аблокі плылі некуды над зямлёй. Блакіт, бязмежны блакіт!

І ў вачах Алёнкі быў такі самы блакіт, як у гэтым небе, як на шырокай рацэ, па якой плыў вялізны плыт.

Жэнька, які прыйшоў з імі, некуды знік, а ім было добра. І каб было яшчэ лепей, Берасневіч павярнуўся на бок і сказаў:

— Плыт ідзе. Алёнка, ты б жадала зараз паплысці на ім?

— Адной?

— Не, з Жэнькам, са мною… з сяброўкамі.

— Мгм. А куды?

— Ну, далёка-далёка… да сiняга мора.

Уладзіслаў закусіў былку.

— Ты яшчэ не ведаеш, як гэта добра.

— Чаму не ведаю, — адказала Алёнка. — Гэта добра. Уначы спалохі над ракою. Цішыня… Вада вільгаццю, тванню пахне… каза дзікая п’е ваду.

— А я налавіў рыбы, а мы яе варым. Агеньчык на цаглінах ліжа бок чыгунка.

— І будан, абавязкова каб будан. Ведаеш, вялым лісцем пахне. Добра…

Вочы іхнія блішчаць, яны заваражылі самі сябе магчымасцю шчасця, у якім яшчэ не могуць прызнацца.

Жэнька непрыкметна падышоў хмызамі, яму няёмка перашкаджаць, але стрымацца ён таксама не можа і кажа ў тон ім:

— Уладзь лекцыі табе чытае…

Яны здрыгануліся, а Жэнька працягвае:

— Доўгія лекцыі, энцыклапедычныя. Пра глебы Беларусі, пра яе жывёльны свет. Табе гэта нудна, бо ты па натуры касмапаліт. Будуць пінскія балаты… Пасля ён цябе ўласнымі вершамі будзе душыць да непрытомнасці і будзе патрабаваць справядлівай крытыкі, — гэта значыць, бессаромных пахвал. Астабрыдне гэта табе, скінеш ты касцюм пастаральнай пастушкі і ўцячэш ад яго на баль, туды, дзе музыка, густ, прыгажосць, весялосць — і ўсе твой талент хваляць.

Берасневіч раптам бачыць, як на Алёнчыных вачах накіпаюць слёзы. Яна амаль крычыць:

— Не смей! — І потым да Берасневіча: — Уладзік, не слухай, гэта ён наўмысна. Я зусім не такая… ну, можа, часам і такая, але я не хачу быць такой.

Ён i не слухае. Ён пакрыўдзiўся не за сябе, а за яе.

— Вось што, уявіць сабе шмат чаго можна. Ну, напрыклад, цераз дваццаць год я прыехаў да цябе ў госці. Ляжу, і ў суседнім пакоі, чую, ты размаўляеш з жонкаю, той самай Валяй, якая табе падабалася. Ты хочаш мяне добра пачаставаць, а яна кажа: «Ат, не хворы. Няма чаго па гасцях ездзіць. Будзе селядзец, бульба, яблыка парэжу на дваццаць кавалкаў і раскладу па вазе, каб больш здавалася».

Усе засмяяліся. Але раптам Жэнька сказаў сумна:

— Ты добра ведаеш, я да Валі вельмі абыякавы.

— То-то ж бо.

З гэтага дня Берасневіч і Алёнка зразумелі, што цягнуцца адзін да аднаго, але нейкім праўдзівым інстынктам, неўсвядомленым разуменнем бераглі гэтую цягу, не дазвалялі ёй перадчасна расплюхацца, бераглі адзін аднаго, дрыжэлі над тым, каб не выявіць пачуцця. А яно ад гэтага палала мацней і мацней. Яны гарэлі гэтым прыхаваным полымем, яго можна было заўважыць у іхніх жэстах, на вуснах, у тым, як яны імкнуліся пераглянуцца, дакрануцца да якой-небудзь рэчы, што належала іншаму, нават у тым, як яна брала ў скверы на рукі чужых дзяцей.

Іншым, калі яны бачылі водбліск гэтага агню, рабілася шчасна і трошкі сорамна за іх.

Вядома, так доўга цягнуцца не магло, але ім гераічна ўдалося пратрымацца два месяцы.

Яндекс.Метрика