Вераб’ёва цешча

Ва ўдовінага вераб’я цешча памерла ад злосці. Спачатку ён быў узрадаваўся, што не будзе каму яго поедам есці, а потым адумаўся. Якая б ні была, а ўсё-такі цешча. І вырашыў ён цешчы багатыя памінкі справіць. Сабраліся ў яго на акне за налічнікам іншыя вераб’і, елі смачных чырвоных рабакоў і розных казюль, пілі бярозавы квас і мёд з жалудовай шкарлупы. Упіліся моцна і пачалі біцца і песні спяваць.

А тут котка, лёгкая на ўспамін, села ля налічніка, жоўтымі вачыма блішчыць, не выпускае нікога. Ды з п’яных вачэй і не пабачыў ніхто. Кажа верабей:

— Эх, і надвор’е, месяц ззяе, цёпла… Каб быў госцем — даўно б дадому пайшоў. Высунуўся адзін легкадумны маладзенькі верабейчык — і назад, ледзь жывую душу ўратаваў.

А гаспадар куражыцца: «Ды што, ды я яе». Да таго расхрабрыўся, што выскачыў з гняздзечка куляю і паляцеў на котку навальніцаю.

— Ах ты, даўбня, каб ты счарнела, як галавешка. Прэч!

Вераб’і ўсе адзін на аднаго падобны…

Котка ад гэтага націску разгубілася, пачала адступаць, а потым пытае:

— Ты, часам, не цешча тутэйшаму вераб’ю?

— Так, — кажа верабей, а сам ужо прахалануў і дрыжыць, як ліст.

— Ох, не зайздрошчу я яму.

Ды ад страху як скочыць у дзядоўнік. Госці пайшлі, а верабей замысліўся.

— Хто зараз за мяне з маім мяккім характарам з суседзямі, з ворагамі, з начальствам лаяцца будзе. Няма ў мяне цешчы, няма абаронцы.

І заплакаў.

І цешча іншы раз карыснай бывае.

Аўтограф захоўваецца ў Літаратурным музеі Якуба Коласа, ф. 110 (1952 — 1954 гг.).
Пры жыцці пісьменніка не друкавалася.
Упершыню — у кн.: Караткевіч У. Вясна ўвосень: Казкі / Укладальнік У. І. Карызна. — Мн.: Юнацтва, 2000.
Набор зроблены па тым жа выданні. — С. 74, 75.