Бабіна лета

Над густа-сінім возерам чарот
З прыходам восені шуміць тужліва.
Здаволена гумно на поўны рот
Глытае дар багатай, спелай нівы.
Як шэрань на траве, палотнаў рад,
Ля хат вясёлыя гамоняць людзі,
Кабеты ў садзе кормяць немаўлят,
Сад засаромеўся і стаў аж рудым.
Чароды на зялёных берагах
Апошняю гадуюцца травою,
І слівы сыта луснулі ў баках,
Аб’еўшыся і сонцам, і зямлёю.
Жанчына ля іржэўніка сядзіць
(Мо сівізна ў касе, мо павуцінне)
І думае і ў далячынь глядзіць,
Дзе жоравы лятуць імклівым клінам.
Юнацтва шкода, сэрца хоча жыць,
А думкі нейкай цеплынёй сагрэты.
Далёка да зімы!
Як добра адпачыць!
Якое доўгае бывае лета!

Упершыню — У кн.: Матчына душа.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 45, 46.