Бацькаўшчына

Дагарэў за брамай небакрай,
Месяц паміж воблачкаў плыве.
Выйду зноў, як у мінулы май,
Басанож прайдуся па траве.
Дымная, сцюдзёная раса,
Цёмныя ў траве ад ног сляды.
А такога рослага аўса
Я не бачыў доўгія гады.
Бач, хмызы спляліся, як павець,
Светлякі мігцяць, гараць святлей.
Перад тым як звонка ў лозах пець,
Прачышчае горла салавей.
Лашчыцца трава да босых ног.
З дальніх паплавоў плыве ракой
Ледзь прыкметны сумны халадок —
Подых юні ўходзячай маёй.
Паімчаць за ёю наўздагон? —
Хоць і схопіш — усё адно падман.
Дзе каханне тых мінулых дзён —
Весніх паркаў бэзавы туман?

Нават шкадаванне — дзе яно?
Зноў вясна, і жаль знікае зноў.
(Так губляюць пах перад вясной
Ссохлыя сцябліны палыноў.)
Ціха цмокае у сне рака.
О, як добра, як прыгожа жыць!
Раска, як русалчына луска,
На вадзе ад месяца гарыць.
А вакол травіцы роснай рай
І бярозак белая сям’я.
Мой чароўны беларускі край,
Бацькаўшчына светлая мая!

Упершыню — «Маладосць», 1957, № 1.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 36, 37.

Яндекс.Метрика