Дзед Цыпрук, вартаўнік калгаснага стаўка

Рыжая ватоўка на плячах,
Ахінёна хусткай цёплай шыя…
Пад вадою ў глеістых вірах
Праплываюць карпы люстраныя.
Дзеду семдзесят. З худой рукі
Фузія старэнькая звісае.
Вочы кепска бачаць. Хлапчукі
Часам рыбу аж з-пад ног цягаюць.
Дзе з «манахаў» б’е уніз вада,
Дзед Цыпрук сваю паставіў базу:
Адмыслова сплёў з галін будан,
Што у спёку добра пахне лазняй.
Дзед глядзіць з яго, як з норкі рак,
На дзіцячыя забавы-гулі.
Шкода, што самому нельга так,
Маладосць у горы прамінула.
Добра помніць дзед, як тут раней
Ледзь цурчаў струмок праз глею глыбы,
І не хочацца ганяць дзяцей,
Што купаюцца і пудзяць рыбу.
Зяблыя, палягуць на пясок
І пясок сабе пад ногі мосцяць.
Спёка! Спёка! Вяне палынок.
Ныюць, ныюць к непагадзі косці.

Упершыню — У кн.: Матчына душа.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 41.

Яндекс.Метрика