Як размаўляюць звяры і птушкі

Закаханы ў жыццё і ў кожную мушку,
Я іду каля хат і росных садоў.
І са мной размаўляюць звяры і птушкі
На дзесятках і тысячах розных моў.
Ў валасы мае вішні свой снег завеялі,
Мне на вуха шэпчуць абшары ніў;
Маўляў, каго любіш, таго заўжды зразумееш,
У якой бы скуры ён ні хадзіў.
Галубы ў ліловых і сініх барвах,
На мяне паглядзеўшы, вуркочуць так:
— «Пр-роста вар-рвар, варвар, стр-рашэнны варвар.
Крыл не мае, а кр-рочыць, крочыць, дзівак».
Певень, палкай падбіты, скача, як конік,
І здзіўленым курам, як зрынуты бог,
Утрапёна крычыць ад болю і гонару:
— «Не па-паў! Не па-паў! Міма ног! Мі-ма ног!»
Калі ж ноч паплыве над зямлёю мілаю,
Размаўляюць дзве жабы ля соннай ракі:
— «Ку-ума, кума, а што ты явчэраць варыла?»
— «Боршч, боршч, буракі, бура-кі-кі-кі-кі».
Я, напэўна, таксама здаюся ім зверам,
І яны разважаюць у засені траў:
— «Вось ідзе двухногая птушка без пер’яў
Ці мядзведзь, што шубу ў ламбард заклаў».

Упершыню — «Полымя», 1957, № 7.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 25.