На пачатку дарог

Жанчыны сечкамі таўкуць бадзёра,
Як быццам спора выбіваюць такт
Для нейкай небывала хуткай полькі.
Ў распараныя глоткі цёмных бочак
Плыве капуста белаю гарой.
Яе засыплюць соллю з чорным кмінам
І зоркамі чырвонай смачнай морквы,
Там-сям антонаўку для духу кінуць
І зноўку пачынаюць дружна стукаць.
Пачатак лістапада.
Ноч глухая
Ляжыць за вокнамі самотнай хаты,
І плачацца на горкую нядолю
За мокрым шклом раздзеты чорны сад.
Бязмежная пустэча за акном.
Халодныя ад дожджыкаў вяргіні,
Халоднае ад кропляў дажджавых
Сумуе яблыка на голым дрэве:
Забылі.
А ў хаце добра, цёпла,
Ля комінка прыжмурылася котка,
Газніца цьмяна свеціць на шынкоўні:
Жанчыны тут сышліся «талакою»
Дапамагчы нашаткаваць капусты,
А каб сказаць па праўде, паспяваць,
Пажартаваць, забыўшы ноч і цемру,
Гарэлкі выпіць пасля працы лёгкай
І пачасаць нязлосна языкі.
Якая ноч!
Як непрытульна тым,
Хто ў гэту ноч ідзе у шлях далёкі
Пад зімны дождж, на лужыны рабыя,
Ад залатых агеньчыкаў прытульных…
О, як спяваюць! Вуха у дзіцёнка,
Які на зэдліку сядзіць ля печкі,
Упершыню жалобна ловіць гукі,
Упершыню ў жыцці. Чатыры леты
Прабеглі над бяляваю галоўкай,
Якая, быццам спелы адуванчык,
Качаецца пад ветрам вольных песень.
Ён шмат чаго яшчэ не разумее:
Чаму жаўнер паслаў дзяўчыне хустку,
Чаму не поўна рэчанька, чаму
Андрэеўна нажом сябе забіла,
Калі магла яна забіць султана?
Чаму плакун-трава зямлю ўкрывае?
Але нічога, гукі гэтых песень
Навекі застануцца жыць у сэрцы,
Як словы першых кніжак дарагіх.
Ён можа ўжо чытаць; занадта рана.
Вось кніжкі гэтыя ля тоўстых ножак:
«Савось-распуснік», «Пра сабаку Бума»,
«Пра пана-жываглота», «Вярнідуб»,
Старая чытанка ў пажоўклых корках
І казкі, казкі, казкі Беларусі,
Трапёткія, як першыя пралескі,
Пякучыя, як гнеўная маланка,
Загадкавыя, як агонь у лесе,
Багатыя, як жнівень залаты.
Калі ж ад літар адарвуцца вочы,
Ён бачыць белазубы рот Паўліны,
Вясёлай цёткі. Як яна жартуе!
Дарослым будзе ён чытаць Купалу,
І замест юнай, з’едлівай Паўлінкі
Паўстане гэты сталы добры твар:
Падобныя яны з іх весялосцю,
З іх голасам, з іх прыгажосцю яснай,
З іх шчырай беларускаю душой…
Але хутчэй, хутчэй ізноў да кніжак,
Бо доўга на дзяўчат глядзець не можна,
Яны дзівачкі: ледзь спаймаюць позірк —
Адразу падбягуць, ў ахапак возьмуць
І пачынаюць ціскаць да грудзей.
(О, каб дзіцяці год на дваццаць болей!
Наўрад ці асабліва б ён цураўся!)
А так ён тоўсты, пульхны, апетытны,
Яго цалуюць, ціскаюць, кусаюць,
Смяюцца неяк дзіўна, чырванеюць.
Авой! Якія моцныя абдоймы,
Як цёпла дыхаюць тугія грудзі!
Нядобра гэта ўсё! І асабліва
Настырная чарнявая Анежка.
Ну так і лезе. А ў вачах такое,
Што сумна робіцца і неспакойна,
Чаго цалуе? Хлапчуку здаецца,
Што хлопец той, цыбаты і няўдалы,
Васіль, што у кутку сядзіць маўкліва,
Ахвотна б з ім на месца памяняўся.
Аднойчы ў прастаце сваёй душэўнай
Ён гэта Васілю прапанаваў
І быў здзіўлёны, што вакол рагочуць.
Як добра Васілю! Яго не носяць,
Ён можа ля дзвярэй сядзець спакойна
І хрумстаць белыя тугія храпкі.
Ах, храпкі, храпкі! Ах, салодкі сок!
Як будзе ён дарослым — неадменна
Заўсёды будзе іх дасхочу хрумстаць,
А так, чамусьці, многа не даюць.
Глухая ноч слязіцца за акенцам.
Газніца. Ў печцы жоўтыя салдаты
Страляюць гулка і заўзята лезуць
На штурм драўлянай крэпасці. Утульна.
Вуркоча котка. Казкі набягаюць.
І зноў цячэ, цячэ, як рэчка, песня,
Плыве ў душу, у сэрца хлапчука,
І ён яе ніколі не забудзе.
Хто будзе ён? Кім стане у жыцці?
Не ведаю яшчэ, бо гэты хлопчык, —
То быў я сам.
І ветразем надзейным
На ўсё жыццё мне засталася песня.
Дапамажы мне, песня, ў лютых хвалях,
Ў затоцы ціхай, дзе вада цвіце,
Нясі мяне у мора. Я чакаю.

Упершыню — «Полымя», 1958, № 2.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 12 — 14.