На паўстанках, засыпаных лісцем бярозавым

А. І. Бялецкаму
На паўстанках, засыпаных лісцем бярозавым,
Дзе з пагардай цягнік двойчы ў дзень праляціць,
Ў простай хаце, пускаючы горкія слёзы,
У калысцы будучы Колас ляжыць.
Там, дзе хрыпла рыкаюць днём спякотным каровы,
Там, дзе ў прысаку хлопчыкі бульбу пякуць, —
Дваццаць першага веку галапузы Бетховен
Бацькаў кубак шпурляе, каб звон пачуць.
А ў вёсцы глухой, на траўцы зялёнай,
На задворках сядзібы, ля самай ракі,
Адсцябаны Шаляпін басам шалёным
Лямантуе з-пад матчынай жорсткай рукі.
О, як трэба шукаць на шляхах чалавека,
Як любіць, берагчы, не крыўдзіць яго,
Каб пабачыць славу наступнага века
Ў сэрцы сціплага сына суседа свайго!

Упершыню — У кн.: Матчына душа.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 41, 42.

Яндекс.Метрика