Паўлюк Багрым
На гасцінцах бярозы
Зусім пачарнелі ад ветру.
Дзіч і глуш безнадзейная,
Бураломныя хвояў кражы,
На лясным раздарожжы
Капліца праткнулася ў нетрах,
І хрыстос сем стагоддзяў
Вісіць на пахілым крыжы.
Праз акенца сляпое
Шэры дожджык глядзіцца у хату,
У якой дагарае,
Бы ў небе асеннім зара,
Непатрэбная старасць
Адстаўнога паўстанца-салдата,
Невядомага генія,
Беларускага песняра.
Дагарае жыццё.
Хто на ўлонне старому прытуліцца?
Ні дзяцей, ні нашчадкаў,
Даўно праляцела вясна,
Прагрымела паўстаннем,
Прайшла праз зялёную вуліцу,
Згасла ў цяжкай салдатчыне…
Мусіць у рабстве сканаць.
Мог бы славай грымець
Сярод годных паэтаў Еўропы, —
Гвалтам спуталі ногі,
Трымалі ўвесь час за руку.
Што пакіне ён?
Вершык у памяці хлопаў,
Кандэлябру ў касцёле
Ды кроў на гарачым пяску.
А ў краіне так цяжка
(Асіны ад ганьбы палаюць),
І над ёй фанабэрыцца
П’яны, разбэшчаны гун.
Як пры князю Ўсяславе —
Дзень вялікі, а луста малая.
Як пры князю Ягайле —
На кожную спіну бізун.
Абжыраюць удоў,
П’юць з гарэлкай сірочыя слёзы,
Тлустым задам расселіся
На паднявольнай зямлі,
На шлагбаумы мёртвыя
Пассякалі жывыя бярозы
На шпіцрутэны гнуткія
Запаветныя вербы звялі.
Беларусь мая, сонца,
Дарагая і родная маці!
На якіх раздарожжах
Згубіла ты шчасце сваё?
Ці удасца хоць дзецям
Шчаслівага дня дачакаці
Пасля мужнасці гэткай,
Пасля столькіх крывавых баёў.
Цень паўстання народнага,
Дзень светлай волі Крашына!
Я таксама пакутваў
За гэту зямную юдоль…
О, чаму ты, кажан,
Не крануў мяне ў годы дзяцінства,
Каб не вырасла сэрца,
Каб вочы не бачылі боль.
Мы чакалі свабоды,
І касілі нас кулямі роты,
Ў ланцугі нас кавалі,
Каб пад палкай нам быў карачун.
Узялі мае вершы,
Ўзялі маіх дзетак гаротных.
Вершы, бедныя вершы
Пад чырванню сургучу.
Край сагнуўся ў спіне,
Край баіцца размовы пра волю,
Край згубіў сваю мову
І матчынай песні напеў…
Нельга верыць у бога,
Калі ён такое дазволіў.
Цяжка верыць у люд свой,
Калі ён такое сцярпеў.
І няўжо не ўваскрэсне
Забытая родная мова
Не на тое, каб енчыць,
А каб крыкнуць да ўсіх на зямлі:
"Ўстаньце, хлопы, да зброі!
Ліце кроў для вялікай любові,
Каб на гэтай крыві
Небывалыя кветкі ўзраслі!
Не учуем адказу,
Усё больш нахіляюцца хаты,
Ўсе маўчаць ад пялёнак:
Мужыкі, дзецюкі і дзяды…
Пройдзе некалькі месяцаў —
Прах самотны старога салдата
Хапатліва знясуць
На глухія, старыя клады.
О, як хочацца волі!
Жаданая воля, ты чуеш?
Асвяці мне усмешкай
Апошнія дні у жыцці.
Ты маўчыш?
Ты не чуеш?
Можа, ў дзень, калі ты запануеш,
Верас будзе стагоддзі
З разбітага сэрца расці.
Беларусь,
прачынайся!
Я цябе абуджаю!
Ты павінна прачнуцца,
Не праспі сваё шчасце ўначы,
Я гукаю цябе,
Дарагая, святая!
Адкажы ж, мая родная,
Не маўчы!..
Паміраю і веру:
Калісьці над светлымі водамі,
Над свабоднай зямлёю
І над Белаю Руссю маёй
Шчасце сонцам заззяе,
І слова нашчадка свабоднага
Мае раны загоіць
Гаючай жывою вадой.
Упершыню — У кн.: Матчына душа.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 28 — 31.