Спадарожніку Зямлі
Шэпчуць лісцем пажоўклым таполі,
Зоры робяць за кругам круг.
Я не бачыў цябе ніколі,
Мой маленькі нябесны друг.
Узыдзі, мая зорка срэбная,
Над абшарамі нашых бароў,
У людзей жа на сёмым небе
Не было ніколі сяброў.
Не да неба ляцела іх сэрца,
А да ніў сваёй стараны.
Ўсе яны зямныя да смерці,
Але ты хіба не зямны?
Тут прыпала табе нарадзіцца,
Тут звычайныя людзі зямлі
Разгадалі тваю таямніцу
І сусвету цябе аддалі.
І, як многія, сэрцам чыстыя,
Што выходзяць з цемрай на бой,
Ты на працы згарыш калісьці,
Ўсё аддаўшы Радзіме сваёй.
Упершыню — “Полымя”, 1957, № 12.
2. Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 15.