У жніўны дзень

(Жарт)

Ў жніўны дзень на вуліцы бязлюдна.
Нават бэз заснуў каля дзвярэй.
Толькі певень, млявы і марудны,
Кліча частаваць сваіх курэй.
Бабка спіць ля хаты пад кустамі,
І цялё чырвонае усмак
Мокрымі ружовымі губамі
Ёй жуе стракаты андарак.
І старыя, і малыя ў полі,
Суха звоняць конікі ў траве,
І камбайн, як карабель вясёлы,
Паміж жытніх каласоў плыве.
Ну, а вёска цішынёй абнятая.
Толькі й чуць у гэтай цішыні,
Як храпуць у дзвюх суседніх хатах
Жонкі брыгадзіра й старшыні.

Упершыню — У кн.: Матчына душа. Мн.: Дзяржвыд БССР, 1958.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 26.

Яндекс.Метрика