Вадарод

Бы сарваўся вар’ят утрапёны і злосны:
Прах старых гарадоў дасягае нябёс,
З дзіркай у чэрапе гінуць дваццатыя вёсны,
Плывуць горкія рэкі жаночых слёз.
І над морам, як над жаралом вулкана,
Вырастае грыб і калечыць людзей,
І кунгасы мёртвыя плывуць акіянам
З поўным грузам разбітых людскіх надзей.
Наша маці-зямля, дарагая і светлая,
З дымам фабрык, з дзяцьмі і з мудрасцю слоў
Можа стаць назаўсёды, навекі праз гэта
Проста чорнай труною для ўласных сыноў.
Мог бы ты дараваць нам жыццё і квітненне,
Мог бы шчасцем навек увянчаць народ.
Хто ж зрабіў з цябе сродак зла і знішчэння,
О грымучы, бязлітасны кат-вадарод!
Скарпіёны, што бачаць кальцо агнявое
І кусаюць людзей, а потым сябе:
«Здохні! Згінь, чалавек! Хай сонца святое
Не цалуе, не лашчыць, не грэе цябе!»
Ўсім даўно астабрыдла стаяць над абрывам.
Што ж хаваеце, людзі, думкі свае?!
О, калі ж яны прыйдуць, гады алівы,
Што галінамі шар зямны абаўе?
Гэта ж проста, як рэпа: магутнай сілай,
Што дае чалавечай руцэ вадарод,
Растапіць навекі зямны халадзільнік,
Безнадзейнай Грэнландыі мёртвы лёд.
І растаў бы ён, і цёплыя плыні
Спарадзілі б дажджы над светам усім,
І прыйшло б да нас мора, сіняе-сіняе,
З цеплынёю, з прыбоем, з пяском залатым.
Над усёю зямлёю трапічныя зоры,
Адбіваюцца пальмы ў цёплай вадзе.
(Я, напрыклад, ніколі не бачыў мора,
Як мільёны іншых звычайных людзей.)
У паэтаў дрэнных шпурлялі б бананамі,
(Эстэтычней, ніж яек пратухлых пах),
І раслі б у Оршы маёй мангустаны
І альясы ў туманных лясных Лядaх.
І ад погані чыстая наша планета
Стала б вольнай, прыгожай, шчаслівай навек,
Стала б лепшым брыльянтам кароны сусвету,
Цёплым раем, якога чакаў чалавек.

Упершыню — «Полымя», 1957, № 7.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 21, 22.

Яндекс.Метрика