З падсветам
Пад вербамі, што нахіляюць
У цемры над вірамі стан,
Над ціхаю вадой палае
Маленькі залаты вулкан.
Смаллё ў жароўні сыпле іскры,
І ціхай рэчкі глыбіня
Святлом няпэўным, алым, чыстым
Праніклася амаль да дна.
Ноч пахне радасна і смутна
Вярбовай горкаю карой,
І нос чаўна плыве нячутна
Над змрочным лесам пад вадой.
І ў гэтым лесе, дзіўным, сінім,
Стаяць забіўшыся углыб,
Шырокія тугія спіны
Заснуўшых пад вадою рыб.
Трапечуць багавіння струны,
Рыб клоніць бурштыновы сон…
Замры, падобны да Нептуна,
Трызубец сціснуўшы ў далонь!
Бліжэй! Бліжэй! Як слёзы цёплыя,
Ад жаркіх водбліскаў святла
Чырвоныя падвескі кропляў
Нячутна падаюць з вясла.
Адзін удар трызубай снасці,
І ў ходзе казачных падзей
Жывое, трапяткое шчасце
Само ў далоні упадзе.
Упершыню пад назвай “Рыбы ў падводных лясах” — “Літ. і мастацтва”, 1957, 1 мая.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 26 — 27.