Жаданы госць

У небе сузор’і такія сінія,
Сон над снягамі яшчэ плыве.
«Добрага ранку, ўдава-гаспадыня,
Мір клапатлівай тваёй галаве».
Полымя цёплы чалеснік ліжа.
Лёд на акне ад яго сышоў,
Проста ў акно, ад водбліску рыжы,
Звонку глядзіць і зайздросціць воўк.
«Ты як знаходка для ўсёй брыгады:
Сытыя ўсе, абшытыя ўсе…
Толькі жывеш не сабе на радасць…
Ведаеш?.. Не, пайду пакрысе».
* * *
«Сонца якое, ўдава-гаспадыня,
Дзень які добры… сустрэліся зноў…
Што гэта села на скронях? Іней
Ці сівізна ад мінулых гадоў?
Ёсць ад чаго. І я гэта маю.
Цяжка было нам жыць на зямлі:
Мужа забілі твайго паліцаі,
Жонку маю пад расстрэл падвялі:
Боль абаім яшчэ сэрца паліць,
Ты яго несці дапамагла…
Тузіну год мы па іх сумавалі,
Пухам няхай ім будзе зямля.
Шкода глядзець на цябе, гаротная,
Так бы й пагладзіў па галаве.
Ці вінаватая ты ў адзіноцтве?
Ці вінаваты я ва ўдаўстве?
Ранак быў цяжкі. Стамілася, мусіць?
А выглядаеш, як сліва ў расе.
Добраю б жонкай была ты камусьці…»
«Дзякуй на слове» — «Я… пайду пакрысе».
* * *
Ноч надыходзіць. За вокнамі сінія
Зноў заляглі бясконца снягі.
«Што ж ты сядзіш без святла, гаспадыня?
Пэўна, стамілася? Дзень даўгі…
Ведаеш… восень — цяжкая штука,
Але ж бывае і цёплай яна.
Калі трымаеш жончыны рукі -
Сэрцам адчуеш: зноўку вясна.
Што ж ты зрабіла такое са мною,
Што ад цябе мне дарогі няма,
Што на душы мне так неспакойна,
Што ў галаве маёй нейкі туман.
Снег замятае шляхі-дарогі.
Любая. Што ж ты? Не трэба, не плач…»
Падае,
Падае на падлогу
З рук гаспадыні чорны рагач.

Упершыню — У кн.: Матчына душа.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 34 — 36.

Яндекс.Метрика