Зімняя элегія
Чамусьці сёння цішыня такая,
Што сесці хочацца і патужыць.
Самотна зорка над зямлёй згарае,
І ў гурбах ліпа з холаду дрыжыць.
І я усё — усё чамусьці забываю,
Што знік той дзень, загублены ў цішы,
Што час ляціць, што ты ужо не тая
І што даўно я знік з тваёй душы.
Часопіс на стале з тваім партрэтам —
Глядзіш з усмешкай ветлай на мяе,
І ўспамінаю я Дняпро, і лета,
І цень каштана на старой сцяне.
Як дзіўна, я зусім не памятаю
Той дзень, калі цябе пабачыў я
Упершыню. Мо восень залатая,
Мо весні дзень у дальніх тых краях.
Але затое так яскрава бачу:
Пакой, Чайкоўскі хмуры на сцяне,
Раяль пра нешта дарагое плача
І прывіды каштанаў у акне.
Ты памятаеш: восенню туманнай,
Калі уборы дрэў зляцяць далоў,
Ліст жоўты застаецца на каштанах
Стажочкамі ля цёплых ліхтароў.
Ліхтар — і жоўты шарык на каштане,
А ўсіх братоў яго мятла змяла.
Вось так і я цягнуўся да каханай
І толькі й жыў, што ля яе святла.
Былі ў яе нябачаныя вочы,
Падобныя на просінь у нябёс,
І сарамлівасць мілая, дзявочая,
І светлая была, як светлы лёс.
Ёсць дробязі, што поўныя значэння:
Каханне першае растопіць лёд
І нават палавік у цёмных сенях
Век памятны, як казкі першых год.
Мо толькі для таго яно прыходзіць,
Каб мы запамятавалі на вякі,
Як пахнуць рыбаю начныя воды,
Як у траве мігаюць светлякі;
Каб век сумленна памятала сэрца
Спакойны дым над цьмянай люстрай рэк,
Каб кожны быў да старасці, да смерці
Сапраўдны і сумленны чалавек.
Я памятаю ўсё: тугая раска
Заткала стаў. Мінуў наш першы май.
Якой здаваўся нам чароўнай казкай
Ў пустых бляшанках прыгарадны гай!
Хай зразумее кожны на хвіліну,
Як незлічоны светаў карагод,
Як лёгка размінуцца з той, адзінай,
Якой чакаеш, можа, сотні год!
Дні прабягаюць, і гады сплываюць,
Хвіліны шчасця часам прамігцяць,
А боль жыве, і сэрцам адчуваю,
Што жыць заўсёды будзе, да канца.
І ўсё ж на досвітку, і ў час змяркання,
І ў ясны дзень і ў час, як спяць палі,
Я дзякую жыццю за цень кахання,
За тое, што жывеш ты на зямлі.
Сяджу ў пакоі каля цёплай грубы.
Шыпіць пласцінка. Ў сэрцы многа дум.
Кручу: «Над домам флюгер ёсць у любай».
І Шуберт падзяляе ціхі сум.
О «Зімні шлях»! Забытыя будынкі,
Забыты водар ад каханых губ.
І хрыпне на марозе спеў катрынкі,
І мерзне ў гурбах прыдарожны слуп.
Я дзякую табе. Няхай чужая,
Няхай твой твар для іншага жыве,
Ты ёсць, ты недзе ёсць, і ты жывая,
Ты ходзіш веснім ранкам па траве!
Твае ў загары рукі бэз ламаюць.
Жыві і вечнай славай прамяней!
Рукой закрыўшы вочы, усміхаюся…
Ты ёсць на свеце. Досыць для мяне.
- Упершыню — У кн.: Матчына душа.
- Машынапісная копія на 4-х аркушах з праўкамі аўтара была прыкладзена да ліста Ю.К.Гальперыну ад 07.04.1958.
- Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 47 — 49.