Баявыя вазы
Драч крычыць. Туманы, як мора,
За ракой на лугах ляглі.
Прагна слухаю.
З цемры чорнай
Далятае голас зямлі.
Непакорлівы. Рэзкі. Забыты.
Крык аб помсце. Пагроза. Прызыў…
Драч крычыць быццам недзе ў жыце,
Ледзьве чутна рыпяць вазы.
Ты адкуль, драчыная песня?
Можа, з тых далёкіх часоў,
Калі сотняй вазоў напрадвесні
Йшоў Вашчыла граміць паноў.
З мужнай песняй адчаем і верай
Войска продкаў на ворага йшло.
Хлебнік — з дзідай, смаляр — з сякераю,
Каб на працу падобна было.
Пад зарнічным святлом мігатлівым
Праз шатры надрэчнай лазы
Бачу вілы, конскія грывы
І акутыя меддзю вазы.
Едуць, едуць, драныя, босыя.
Ў рызе біскупскай кожны конь.
А на вочы звісае валоссе,
А ў вачах — пажараў агонь.
Што ж няма вам дагэтуль спакою?
Ціха.
Слухайце.
Хаты спяць.
Адпачніце. Няхай над ракою
Баявыя вазы не рыпяць.
Іх няма, вашых злосных катаў.
Поўнай мерай заплочана ім
За галодныя, курныя хаты
І за вёсак спаленых дым.
Мудры, моцны і працавіты,
Цвёрда ведае родны народ —
Сонца светлым устане над жытам,
Як прывыклі за сорак год.
Упершыню — «Маладосць», 1959, № 3.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 65.