Балада пра Невядомага, Першага

Н. М. Молевай
Ён ляпнуў вохрай на камень;
І зліўся з пячорнай сцяной
Зубр чырвоны з рагамі,
Што кінуўся ў страшны бой.
Трывожнае, новае, дзіўнае
Адымала голад і сон.
У дыме над жоўтым біўнем
Кашляў і плакаў ён.
І з жахам глядзелі людзі,
Як явелі дзень за днём
Дзявочыя рукі і грудзі
Пад крамянёвым нажом.
Натуршчыца, першая ў свеце,
Зразумеўшы сваю прыгажосць,
На беразе Першага стрэціла
І дала мазгавую цосць.
І племя важак калматы
Ўзняў велічэзны сук,
І мускулы, як канаты,
Загулялі пад скурай рук.
Ён сказаў уладна і сонна:
«Свавольству гэтаму — край.
Аддай, я знішчу разьблёнае,
І дзяўчыну гэту — аддай».
І Першы, гнеўны, трывожны,
Забіў ударам нажа
Таго, хто дзяўчат прыгожых
Браў, як арды важак.
І праўленне яго шчаслівае
Паклала забойствам канец.
І стала ў ардзе справядлівасць:
Кавалак табе і мне.
Над тундраю годы знікалі,
А потым скананне прыйшло,
Лютым мамантам стала,
На біўні яго ўзняло.
Але Першы паспеў яму ў скроню
Завостраны ўбіць ражон.
Нават уласным сконам
Племю даў ежу ён.
Ўсю зіму не ведалі гора,
Сыты глыталі дым,
І доўга ў цёмных пячорах
Гучалі легенды аб ім.

Упершыню — У кн. Вячэрнія ветразі.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 88, 89.

Яндекс.Метрика