Буслы вучаць дзяцей
Буслы вучаць дзяцей. Цішыня над ракою.
На абрывах у прысмерку дрэмле падбел.
За ракой у густым лугавым спакоі
Пастуховай пугі ляскае стрэл.
Буслы вучаць дзяцей. Над стромай страшэннай
Шапку з чорнага голля надзела сасна.
А пад імі прасёлачак пахне сенам.
А пад імі — Дняпро і лугоў жаўцізна.
Скора вечар. Хваля пясок цалуе,
Ціха цені ў прыдонных лозах пляце.
Дзядзька спіць у чаўне. Я нячутна вяслую
Паўз жанчын, што купаюць на плёсе дзяцей,
Колькі іх. Напэўна, цэлы дзесятак,
Смех на беразе. Мяккае рэха ў лазе:
«Хтось ляжыць у чаўне…
Паглядзіце, дзяўчаты.
Бач, тужлівы які…
Тапельца вязе».
І адна з кабет, зубастая, смелая,
Пэўна, маці дзяўчатак, крычыць у спіну:
«Вось каб раптам устаў бы гэты тапелац
І ўхапіў сабе… ну хоць бы адну».
Я махаю рукой і торкаю ў човен,
Каб прыгожая самая села ў карме.
О, якія ляцяць наўздагон мне словы,
О, які там віск, і кпіны, і смех!
А «тапелец» раптам, задзёршы ногі,
Паімкнуўся ўстаць без падпоры рукой…
Сонца, сонца вячэрняе. Пырскі. Рогат…
А буслы вяслуюць над ціхай ракой.
Добра жыць на сасне над шэрымі хатамі,
Дзе запаляцца скора ў вокнах агні
На абрывах высокіх пад ціхімі шатамі
Ў вёсцы з назваю звонкаю Кісцяні.
Бусляняты нагамі над хвоямі месяць,
Іх вячэрні палёт хавае імгла.
На вялізным, на нізкім аранжавым месяцы
Цень вялізны белага з чорным крыла.
У паветры звонкім старыя лунаюць.
Бездакорна старых пераймае дзятва…
Крыллем лопаюць, на верхавіны сядаюць,
І паветра са свістам б’ецца мне ў твар.
Буслы вучаць дзяцей. Ім трэба спяшацца.
З кожным днём сінява гусцее ў вадзе.
Першы жоўты ліст на галінах акацыі
Папярэджвае ліпень, што восень ідзе.
І стагі за ракою сумуюць па хатах,
Па адрынах, дзе плача смалою сцяна.
Нават вечарам лётаюць бусляняты
І мяне запрашаюць высока лунаць:
«Мы лунаем, а ты паўзеш, як мурашка.
Ў захапленні ўзлятаем, а ты стаіш.
Бачыш, мы навучыліся. Гэта няцяжка.
Ты такі вялікі. Ты лепш паляціш.
Паляцім мы з табою пад неба зорнае,
Адаб’ёмся ў базальтавай хмурай вадзе,
Паляцім мы ў Афрыку, ў Афрыку чорную,
Ў лес трапічны, дзе мнгва раздзірае людзей.
Мнгва — вялізная кошка, магутная, смелая,
Больш ільва, са шкураю шэрай, як дым.
Мнгву ніколі ў жыцці не бачылі белыя,
А пабачыўшы… не расказалі другім.
Там, у Афрыцы чорнай, пад небам сінім,
Над прытокам Конга ў густых сітнягах,
Правадыр негрыцянскі кажа дзяўчыне
З чорнай скурай бліскучай на цвёрдых грудзях:
«Чуеш, бой барабанаў спужаў антылопу.
З паляўнічай сцежкі паўзе змяя.
Калі мнгва мяне ў нетрах дагоніць і схопіць, —
Палявання героем загіну я.
Калі ж схопіць чужынец мяне і замучыць, —
Я памру не героем — рабом памру.
Чараду забяруць з крааляў калючых,
І цябе з сабою яны забяруць.
Я прайду праз лясы, дрыгву і завалы,
Я забуду твой цёплы смяшлівы рот,
Я на мнгве паспрабую дзіды трываласць:
Ці праб’е яна ворагу прагны жывот».
Буслы, буслы, ляціце дарогай прамою
На зарослыя пальмамі берагі,
Раскажыце, што над вялікай ракою
Ёсць народ, што ніколі не крыўдзіў другіх,
Што бязмерным гонарам я ганаруся,
І мацнее штодзённа мая любоў,
Бо скупая зямля маёй Беларусі
Не раджала рабоў і не мела рабоў.
Буслы вучаць дзяцей. У лясным ветрабоі,
Ў цёмных пушчах буслам зайздросцяць звяры…
Крылы моцныя гучна вяслуюць над хвоямі,
Хвост пушысты, як веерам, ногі накрыў.
І адклаўшы вясло, я слухаю сказы,
І па плыні спакойнай, па глыбіні
Адплываю кудысьці з захадам разам,
І згасаю на сумным тваім агні.
Ціхі гоман радзімы з абрываў чую,
Ціхі голас каханай, як песня, цячэ…
Ну куды, куды ад цябе палячу я,
Ад пяшчоты, ад шэрых глыбокіх вачэй?
Буслы, буслы. Зіма вас зробіць ізгоямі.
Не лікуйце, што прыйдзе гэта пара.
О дурненькія дзеці, з якою тугою
Вы прыпомніце захад і плёсы Дняпра!
Бузіну і яблынь цяжарных падпоры,
І стакроткі ў мокрай цяністай траве.
Не ад стомы буслы гінуць над морам:
Настальгія ім сэрца няшчаснае рве.
О, туга па радзіме. Хутчэе. Хутчэе.
Сэрца поўніць узлёт нечуваных мар.
Гэта ты, маё шчасце, за морам сінееш?
Сэрца! Шчасце! Любоў мая!..
Цемра… Удар…
Перамогшы ў палёце прастор акіяна,
Паміраюць яны ў абдымках вод,
Як памёр Рафаэль у абдымках каханай,
Што кахаў безнадзейна дванаццаць год.
Я прыкметы твае павек не забуду:
Душагубка, што грэе на сонцы бакі.
Дзед сівенькі ў лазе, трапёткія вуды
І барвянец імклівы на плыні ракі.
Буслы, буслы, бярыце яе з сабою.
Усё запомніце: шоргат рачной асакі,
Сон пяску пад пяшчотай рачнога прыбою,
Соль ліловую сохнучай рыбнай лускі.
Часта радуеш сэрца ты, часта ты мучыш,
Я павек не забуду твае палі.
І каб стала ты полымем буйнаравучым,
Я саломаю стаў бы. Вазьмі. Спалі.
Упершыню — «Полымя», 1959, № 10.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 79 — 82.