Месяц заснуў на коміне хаты
Месяц заснуў на коміне хаты,
Кінуў адбіткі на люстра вады.
Дрэвы густыя ў бліскучых латах,
Як вартавыя, вартуюць сады.
Ў цьмянае поле гляджу з-пад далоні,
Полымя бухае, нібы ў трубу.
Коні начлегу, ружовыя коні
Месяца іскры з травою скубуць.
Добра усім. А мая беласнежка
Полем не пройдзе каля лазняка,
Не прабяжыць гэтай цёплаю сцежкай,
Бульбіну не пакачае ў руках.
Позіркам ясным мяне не адорыць,
Поруч з агнём не ляжа ў мурог
І не папросіць, каб сеў я поруч
І ад бяды невядомай бярог.
І не прыкрыюць вачэй яе сонных
Цёплыя пальцы маёй рукі…
Вельмі далёкія перагоны.
Вельмі марудныя цягнікі.
Упершыню — «Маладосць», 1960, № 6.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 75.