Над шахтамі

Пад тэрыконамі блукаюць козы,
Травою шэраю шуміць зямля,
І рэдкія, трывалыя бярозы
Ў вуглі ад верхавіны да камля.
Аўтобус па шашы паўзе павольна:
Не ведае, што ў чорнай глыбіні
Пад коламі яго блукаюць штольні
І свецяцца няпэўныя агні.
Ім невядома, сонца або хмары,
Лютуе завіруха ці прайшла,
І свежы лівень не абмые твараў
Здабытчыкам каменнага святла.
Світаннем золкім або цёмнай ноччу,
Калі затопіць свет гудкоў прыбой,
Нялічаная армія рабочых
Спускаецца на змену ў свой забой.
І на зямлі без іх цвітуць платаны,
Без іх гуляе вецер па траве…
Затое скамянелыя світанні
Палаюць там, дзе хоча чалавек.

Упершыню — У кн.: Вячэрнія ветразі. Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 58 — 59.

Яндекс.Метрика