Прарок Геронім Босх

Н. М. Молевай

«Увага! Увага! Увага!
Рыхтуецца атамны выбух.
Хавайце дзяцей!
Хавайце вучоных і кнігі!
Хавайце ў зямлю партытуры
Бетховена і Гуно!
Хавайце карціны Босха:
Ён ведаў пра гэта даўно».
Дзіўны, дзіўны мастак!
У цемры сярэднявечча
Сядзеў ён перад мальбертам,
Які асвятлялі свечы.
Цень у кутах пакоя,
Цені па фарбах бягуць,
Цень над роднай краінай,
Змрочныя цені ў мазгу.
Іспанцы край захапілі,
Палілі людзей без жалю,
Жыць не давалі нікому,
Існаваць — рабам дазвалялі.
Плакалі дзеці малыя,
Ўміраючы на нажы,
І нельга было смяяцца
Мастаку, што з праўдай дружыў.
Таму ў грудзях такога
Не сэрца, а галавешка,
Таму ў Героніма Босха
Памерла на вуснах усмешка.
Ён бачыў, што душы прыгнечаных
Не сталь, а бязвольны воск,
І прарочыў дрэнным людзям
Геній Геронім Босх.
Сваёй неўтаймоўнай фантазіяй
Выклікаў ён пачварныя здані…
Праз трэшчыны на палотнах
Чуюцца гукі рыданняў.
Лётаюць мёртвыя птушкі,
Палаюць жывыя кусты,
Пачвары з галовамі грыфаў
Рэжуць сабе жываты.
У адных галовы без ног,
У другіх пад задам калені.
Кідаюцца ў пажарах
Маўклівыя голыя цені.
Праз дымнае і чырвонае,
Праз попельнае святло
Танкі ідуць магутныя,
Якіх тады не было,
Ці мог ён тады прадбачыць,
Што пройдзе сто пакаленняў
І ажывуць наяве
Пачвары яго ўяўленняў?
Што будуць з акопаў людзі
Дзерціся на накат
І кідацца ім пад ногі
З цяжкай вязкай гранат.
Вы, васковыя душы,
З ланцугоў кашмары спусцілі,
Вы над роснай зямлёю
Смерці грыбы ўзрасцілі…
Даўно прарочыў такое
Босха трывожны мозг.
І ўсё ж аднаго ты не ведаў,
Вялікі Геронім Босх.
Зведаўшы чалавека,
Зведаўшы мора і сушу,
Не мог ты ведаць, што ў свеце
Стальныя вырастуць душы,
Што на хлуслівых і хцівых
Узнімецца іх рука
І вытрасе іх са скуры,
Як бульбу гнілую з мяшка.
«Увага! Увага! Увага!
Выбухаў больш не будзе!
Выносьце скульптуры і кнігі,
Спявайце і смейцеся, людзі!
Выносьце дзяцей заспаных
Пад сонечных гукаў прыбой!
Выносьце карціны Босха!
Адбой! Вечны адбой!»

Упершыню — У кн.: Вячэрнія ветразі.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 89 — 91.