Трызненне мужыцкага Брэйгеля

Н. М. Молевай

Ў кірмашным радзе горада пры моры
Прыжыўся ціхі і спакойны поўдзень.
На вулках не відаць ані сабакі:
Краіна ўся, нагандляваўшы грошай,
Да хрыпу накрычаўшыся на біржы,
Набегаўшыся па усіх прычалах,
Абед ператраўляе, як пітон.
Абліты сонечным салёным сяйвам,
Ідзе кірмашным радам чалавек
І кіем грукае па белых плітах.
У чалавека вочы мудраца
І з’едлівая сумная усмешка,
І, каб схаваць яе ад крамароў,
Ён нізка капялюх на твар насунуў.
Ён ходзіць цэлы дзень. Ідзе ў трушчобы,
Ў багатыя кварталы, ў крамы, ў гавань.
Адценні фарбаў, твары і усмешкі —
Ўсё застаецца ў памяці яго.
І толькі часам ля багатай крамы,
Ў шынку на бочцы, на гулянцы шумнай
Ён дазваляе веям апусціцца,
Ён дазваляе адпачыць вачам.
Не трэба. Не чапайце. Пачакайце.
Ён трызніць. І калі адкрые вочы, —
Мільгне такое цяжкае у зрэнках,
Што ворагу свайму не пажадаў бы.
Мужыцкі Брэйгель трызніць родным краем
На вуліцы паміж абжорных крам.
О крамы, крамы! Вы душа радзімы.
Вісяць на прэнгах заржавелых тушы.
Барвянец мяса смачна адцяняюць
Янтарны тлушч і цукарная косць.
Індычкі ў папяровых панталонах,
Цяляты, ўзрошчаныя без вады,
На цёплым малацэ. Ігрушы шынкаў,
Што пахнуць горка елянцовым дымам
І часнаком. А ў ваннах ледзяных
Блажэнна парсюкі адпачываюць.
Для студзіны.
І ўся твая радзіма
Нагадвае такога парсюка.
На рыбных лавах волка пахне морам.
На сонцы тае вэнджаны вугор.
Чырвоныя вялізныя амары
Гурманаў з нецярплівасцю чакаюць.
І льюцца ртутным срэбрам у варэйкі
Трапёткія жывыя селядцы.
А там жаўцее свежым маслам рэпа,
Ляжаць гуркі, брусельская капуста,
Радыс ружовы з беласнежнай дупкай
І з кроплямі на лісцях сітаватых.
А памідоры з вільгаццю гарачай
З-пад дзяснаў сонцам пырскаюць у глоткі.
І гэта ўсё, наваленае купай,
Апырсканае сонцам і вадою,
Спявае, радуецца і звініць,
Край цяжка сыты, як пастух на Юр’я:
З усіх краін прыносяць караблі
Карыцу з пахам выспаў акіянскіх,
Гваздзіку, чорны і духмяны перац,
Што сутаргава страўнік скарачае.
Іначай мяса, рыбы і дзічыны
Краіна не магла б ператравіць.
Мужыцкі Брэйгель ля шынка на плошчы
Сядае і ў руцэ альбом сціскае.
Ён бачыць тоўстых бюргераў за півам,
Сляпога, што пяшчотна гладзіць скрыпку,
Сталы, што цяжка крэкчуць ад жратвы,
Настаўленай на іх.
На нізкім ганку
Стаіць шынкарка і глядзіць на плошчу,
На цяжкія сталы і на гуляк.
Аддайся ёй. Ды толькі памаліся,
Каб хоць душу жывой на свет пусціла
З абдымкаў страшных беласнежных рук.
Стаіць яна, узяўшы рукі ў бокі.
Здаецца, не на ганку — на дзяржаве
Ўцвярдзіла ногі, тоўстыя, як шынкі.
А зрэштаю, такіх жанчын тут любяць.
І вось млынар з натоўпу выплывае.
Перад шынкаркаю нагою дрыгнуў
І запрасіў яе з сабой на танец.
І вось ляцяць яны. Трасуцца грудзі.
Дол гнецца пад слановаю хадою.
Варочаюць магутнымі мясaмі
І задам дрыгаюць. І сыты пот
Сцякае з твараў у піўныя куфлі.
Павекі Брэйгеля прыкрылі зрэнкі.
Ён думае, што млынару з шынкаркай
Цудоўна будзе спаць на сенавале,
А там усё на свеце хоць бы што.
За сытасцю яны не заўважаюць,
Што шашаль есць іх дом, што іх абкрадуць,
І назву самую «край Нідэрландаў»
Забудуць спячыя. Пракляты край!
Ніхто не хоча ведаць пра свабоду,
Пра пошукі, гарэнне і мастацтва.
Не,— ён схлусіў,— мастацтва дазваляюць.
Яно павінна лашчыць вочы сытых,
Высакароднымі рабіць іх твары,
І мышцамі рабіць на шыях тлушч,
І апяваць іх цёплыя пакоі,
Іх коўдры, начнікі і іхніх жонак,
Спакойных, як галандскія каровы,
І пераконваць іх, што быццам людзі,
Лаўцы амараў і ткачы шаўкоў
Не кашляюць крывёй і ў шторм не тонуць.
Што выведзе іх з сытай асалоды?!
Сам кожны за сябе. Нішто не ўзрушыць.
Ікар загіне — і ніхто не кіне
Нат позірку на ўспененыя хвалі,
Дзе жаласна, пакутліва і горда
Мільгнула надламанае крыло.
Што ім да ўзлётаў і да летуценняў,
Да гожай мужнасці ў імя свабоды?
Яны валлё наб’юць — і пад пярыну.
Краіна гультаёў!
Пад тлустым дрэвам,
Якое замест яблык, поўных сокам,
Ўзрасціла на галінах каўбасу,
Што капае з канцоў празрыстым тлушчам,
Ўзрасціла з трыбухою піражкі, —
Спяць людзі мёртвым сном і ў вус не дуюць.
Спіць воін, галаву на меч паклаўшы,
Чыноўнік спіць, адкрыўшы рот слінявы,
Спіць селянін, забыўшы пра цапільна.
Аднекуль з-пад хмызоў да гультаёў
Ідзе яешня на танюткіх ножках.
Ад чорнай і распаленай патэльні
Добранамерны курыцца парок,
І застаецца толькі ротам чамкаць.
А што ж яшчэ рабіць?
Яешню есці
Закон нікому не забараняе,
Як грошы ёсць.
Мужыцкі Брэйгель трызніць.
Хто вы такія? Як назваць вас, людзі?
Куды краіна з вамі забрыдзе?
Сляпыя! Мёртвыя! Яны ідуць,
Паклаўшы рукі на плячо пярэдніх,
І іх вядзе сляпы. І проста ў яму
Ён падае.
А заднія не бачаць,
І, як раней, застыў на іхніх тварах
Самаздаволены па-свінску гонар.
Што ж ты пракінуўся, мужыцкі Брэйгель?
Шпурляй у твар ім горкія палотны,
Дражні, як бугая чырвонай хусткай,
Паказвай ім, сляпым, канец Ікара, —
Яны ж усё адно не зразумеюць.
Хіба нашчадкі, можа?

Упершыню — У кн.: Вячэрнія ветразі.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 91 — 94.

Яндекс.Метрика